Дата рождения:
02.07.1797 Белае, в., Полацкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
27.02.1884
Краткая справка:
дзеяч Беларускай Праваслаўнай Царквы, архіепіскап Мінскі і Бабруйскі, першы рэктар Мінскай духоўнай семінарыі
Варианты имени:
Зубко Антоні; Зубко Антоній Рыгоравіч
Имена на других языках:
Зубко Антоний Григорьевич (русский);
2340 символов
Справка
Антоній Зубко нарадзіўся ў в. Белае Полацкага павета Віцебскай губерні (цяпер Полацкі раён Віцебскай вобласці) у сям’і ўніяцкага святара Рыгора Зубко. Пасля смерці бацькі ў шасцігадовым узросце быў аддадзены на выхаванне ў сям’ю мясцовага арганіста, дзе атрымаў пачатковую адукацыю. З 1809 г. вучыўся ў Полацкай уніяцкай семінарыі. Пасля заканчэння агульнаадукацыйнага курса семінарыі паступіў у Полацкую езуіцкую акадэмію, якую скончыў са ступенню кандыдата філасофіі (1818). Вучобу працягнуў у Галоўнай семінарыі пры Віленскім універсітэце, падчас вучобы ў якой пазнаёміўся і пасябраваў з будучым мітрапалітам Літоўскім і Віленскім І. Сямашкам.
Пасля заканчэння вучобы ў 1822 г. кандыдат багаслоўя А. Зубко быў накіраваны ў якасці прафесара філасофіі ў Полацкую семінарыю. Выкладаў там логіку, рыторыку, маральнае багаслоўе, царкоўную і агульную гісторыю. Праз некаторы час стаў святаром Полацкага кафедральнага грэка-каталіцкага сабора і членам Полацкай кансісторыі (1824). У 1825 г. быў узведзены ў сан протаіерэя і накіраваны ў Санкт-Пецярбург для службы ва ўніяцкім дэпартаменце рымска-каталіцкай калегіі. З гэтага ж часу разам з І. Сямашкам актыўна ўдзельнічаў у працы па падрыхтоўцы аб’яднання ўніяцкай царквы з праваслаўнай. У 1828 г. Антоній Зубко стаў арганізатарам і першым рэктарам Літоўскай духоўнай семінарыі ў Жыровіцах (цяпер Слонімскі раён, Гродзенская вобласць). Наладзіў там выкладанне прадметаў на рускай мове па падручніках праваслаўных семінарый, падабраў выкладчыцкі састаў з ліку староннікаў праваслаўя. Адначасова з 1834 г. быў уніяцкім епіскапам Брэсцкім, вікарыем уніяцкай Літоўскай епархіі. У 1839 г. удзельнічаў у працы Полацкага царкоўнага сабора, на якім, у ліку іншых, падпісаў акт аб аб’яднанні ўніяцкай і праваслаўнай цэркваў. Прыняў праваслаўе, быў прызначаны епіскапам Мінскім і Бабруйскім (1840), праз год стаў архіепіскапам.
У 1848 г. па стане здароўя А. Зубко адышоў ад спраў. Некаторы час жыў пад Мінскам, потым у Жыровіцкім Свята-Успенскім мужчынскім манастыры, Пажайскім Успенскім манастыры (Ковенская губерня). Ён – аўтар твораў “Сходство и разница учения Православной и Римской Церквей” (1868), “О греко-униатской Церкви в Западном крае России” (1889).
Памёр А. Зубко ў лютым 1884 г., пахаваны ў Пажайскім манастыры.