Краткая справка:
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632–1634 гг.
Варианты имени:
Радзівіл Януш Кшыштаф
Имена на других языках:
Radziwiłł Janusz (польский); Радзивилл Януш (русский);
4868 символов
Справка
Януш Радзівіл нарадзіўся ў мястэчку Попель Вільнюскага павета (Літва) у сям’і знакамітага палкаводца Крыштофа Радзівіла, ваяводы віленскага, вялікага гетмана літоўскага. Маці паходзіла з вядомага роду Кішкаў. Дзяцінства хлопчыка праходзіла ў родавых маёнтках (Біржах, Дубінках, Кейданах і іншых), дзе ён атрымаў добрую хатнюю адукацыю. Калі сыну споўнілася 13 гадоў Крыштоф Радзівіл накіраваў яго ў кальвінісцкую Слуцкую гімназію, пасля заканчэння якой Януш паехаў за мяжу. Вучыўся ў Лейпцыгскім, Альдорфскім і Лейдэнскім універсітэтах, шмат падарожнічаў: наведаў Лондан, Брусель, Парыж. У Галандыі добра выканаў некалькі даручэнняў польскага караля Уладзіслава IV і за гэта атрымаў пасаду падкаморага Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ).
У 1633 г. Я. Радзівіл вярнуўся на радзіму. Ведаючы патрэбы дзяржавы ў ваеннай сіле (у 1632 г. пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай), ён за свой кошт наняў пешых і конных воінаў, некалькі артылерыстаў, ваенных інжынераў і з гэтым войскам прыняў актыўны ўдзел у абароне Смаленска. Гэта падзея стала школай вайсковай вывучкі для будучага палкаводца, якая ў хуткім часе спатрэбілася. У 1647 г. на паўднёва-ўсходніх землях Рэчы Паспалітай успыхнула паўстанне пад кіраўніцтвам Б. Хмяльніцкага. Яно ахапіла ўсю Украіну і перакінулася на беларускія землі ВКЛ. Неўзабаве паўстанне перарасло ў антыфеадальную вайну 1648–1651 гг. На падаўленне паўстання Уладзіслаў IV паслаў войска Рэчы Паспалітай, якое ў маі 1648 г. у бітвах каля Жоўтых Вод і Корсуня было разбіта. Акрыленыя перамогай казакі і сяляне авалодалі Бабруйскам, Брагінам, Гомелем, Кобрынам, Мазыром, Пінскам і іншымі гарадамі. У мэтах барацьбы з паўстанцамі восенню 1648 г. былі сфарміраваны шляхецкія апалчэнні, камандаваць якімі стаў польны гетман літоўскі Я. Радзівіл (гэту пасаду ён атрымаў у 1646 г.). На пачатку 1649 г. яго войскі вызвалілі Давыд-Гарадок, Тураў, Петрыкаў, Бабруйск, пазней атрымалі перамогу ў Лоеўскай бітве, а 4 жніўня 1651 г. занялі Кіеў. Пасля паражэння паўстання Б. Хмяльніцкага пад Берасцечкам і заключэння Белацаркоўскага дагавора (28 верасня 1651 г.) казацкія атрады былі выведзены з ВКЛ і вайна скончылася.
Слава аб рашучых дзеяннях Я. Радзівіла пракацілася па ўсёй краіне. Яго параўноўвалі з палкаводцамі старажытнасці. Але рост аўтарытэту і папулярнасці князя напалохаў польскіх магнатаў, таму толькі ў 1653 г. на сейме ў Брэсце было вырашана даць яму пасаду ваяводы віленскага, праз год Я. Радзівіл стаў вялікім гетманам ВКЛ. Менавіта ў гэты час рускі цар Аляксей Міхайлавіч Цішайшы ў саюзе з Б. Хмяльніцкім развязаў доўгую і жорсткую вайну з Рэччу Паспалітай.
Ужо ў маі 1654 г. маскоўскае войска, якое налічвала 80–83 тыс. чалавек, падышло да меж ВКЛ, а з поўдня ўздоўж Дняпра размясціліся казакі Б. Хмяльніцкага. Гэтай сіле супрацьстаяла армія Я. Радзівіла (усяго 20 тыс. воінаў) і вайсковыя гарнізоны замкаў. Рускія паспяхова наступалі. У выніку баёў яны занялі Полацк, Смаленск, Дзісну, Друю, Віцебск і іншыя гарады княства. Казацкі корпус І. Залатарэнкі захапіў Чачэрск, Рэчыцу, Жлобін. Войска Я. Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады казакаў і рускіх. Так польны гетман літоўскі В. Гасеўскі 3 жніўня разбіў непрыяцеля пад Оршай, 12 жніўня Я. Радзівіл у бітве каля Шклова атрымаў перамогу над удвая большым войскам ваяводы Я. Чаркаскага – гэта была апошняя перамога князя. 24 жніўня 1654 г. каля мястэчка Шапялевічы (цяпер Круглянскі раён) ён пацярпеў паражэнне і страціў каля адной тысячы воінаў. Цяжка паранены Я. Радзівіл адступіў да Смалявіч і Мінска. У час зімовага 1655 г. контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Каб перашкодзіць Я. Радзівілу наступаць на Магілёў (ён спрабаваў адбіць горад у студзені), у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады. Яны ў сакавіку захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней мястэчка Свіслач. Пасля заняцця рускімі войскамі ўлетку 1655 г. большай часткі ВКЛ, а таксама Вільні і Коўна Я. Радзівіл стаў ініцыятарам заключэння Кейданскага дагавора 1655 г. Аднак напярэдадні яго падпісання значная частка шляхты ВКЛ прынесла прысягу рускаму цару, другая – на чале з віцебскім ваяводам П. Сапегам – захавала вернасць Рэчы Паспалітай. Сярод воінаў Я. Радзівіла ўзнік бунт, і войска пакінула хворага гетмана. З ім засталася толькі адна тысяча наёмнікаў, якія служылі князю за грошы. З гэтым невялікім атрадам Я. Радзівіл вырашыў змагацца з бунтаўшчыкамі. Ён рушыў у паход на Падляшша, дзе заняў Тыкоцін. Але сярод тых, хто застаўся з князем, былі і ворагі, якія не пажадалі распаду Рэчы Паспалітай. 31 снежня 1655 г. Я. Радзівіл раптоўна памёр (існуе версія, што быў атручаны). Труну з целам гетмана перавезлі ў яго вотчыну – в. Сялец, што пад Брэстам. Пазней астанкі князя перахавалі ў родавым склепе ў Кейданах, дзе яны знаходзяцца і сёння.