Дата рождения:
10.03.1942 Мсціслаў, г., Магілёўская вобласць
Дата смерти:
31.10.1992
Краткая справка:
вучоны-археолаг, гісторык-медыявіст, грамадска-палітычны дзеяч, аўтар навуковых прац па ваеннай гісторыі, абарончым дойлідстве, матэрыяльнай культуры і архітэктуры гарадоў Беларусі Х–ХVІІІ ст.
Варианты имени:
Ткачоў Міхась
Имена на других языках:
Ткачёв Михаил Александрович (русский); Ткачёв Михась (русский);
3286 символов
Справка
Вядомы беларускі гісторык-медыявіст, вучоны-археолаг, даследчык помнікаў абарончага дойлідства Міхаіл Аляксандравіч Ткачоў нарадзіўся ў г. Мсціславе ў сям’і настаўніка. Сярэднюю школу скончыў у 1959 г. і паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (БДУ). У студэнцкія гады пад уплывам вядомага гісторыка Л. Абэцэдарскага захапіўся беларускім сярэдневякоўем і беларускай культурай. Пасля заканчэння вучобы ў 1964 г. М. Ткачоў амаль пяць гадоў настаўнічаў у г. Жодзіна, быў завучам. У 1968 г. паступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі АН БССР. У 1972 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Военное зодчество Белоруссии XIII–XVIII вв. : (по памятникам северо-западной и юго-западной Белоруссии” і на працягу некалькіх гадоў займаўся навуковай дзейнасцю ў Інстытуце гісторыі АН БССР. У 1978 г. вучонага запрасілі ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Спачатку працаваў выкладчыкам, у 1983–1985 гг. – загадчыкам кафедры. У 1987 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Организация обороны городов Белоруссии XIV–XVIII вв.”, у 1989 г. стаў прафесарам. Навуковую работу М. Ткачоў сумяшчаў з грамадскай дзейнасцю. Ён з’яўляўся заснавальнікам і кіраўніком гісторыка-культурнага клуба “Паходня”, шмат рабіў для захавання архітэктурнай спадчыны Гродна. У 1989 г. вучоны пераехаў у Мінск. Працаваў у выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя" (спачатку загадчыкам рэдакцыі гісторыі Беларусі, з красавіка 1992 г. галоўным рэдактарам). З’яўляўся адным з ініцыятараў падрыхтоўкі фундаментальных энцыклапедый “Археалогія і нумізматыка Беларусі”, шасцітомнай “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”. На старонках гэтых выданняў змешчана шмат яго артыкулаў, прысвечаных замкам Беларусі, сістэмам гарадскіх умацаванняў, асобным відам узбраення.
Пачынаючы з 1968 г. М. Ткачоў займаўся навуковай дзейнасцю. Праводзіў археалагічныя даследаванні ў Гродне, Навагрудку, Лідзе, Крэве, Геранёнах, Мядзелі, Віцебску, Магілёве і іншых месцах Беларусі. Яго ўвага была накіравана на вывучэнне багатай і разнастайнай ваеннай гісторыі Беларусі, абарончага дойлідства, матэрыяльнай культуры і архітэктуры гарадоў Х–ХVIII стст. У рабоце вучоны выкарыстоўваў археалагічныя матэрыялы са звесткамі з розных гістарычных крыніц. Можна сцвярджаць, што М. Ткачоў стаў пачынальнікам “гістарычнай археалогіі” – новага кірунку ў даследаваннях помнікаў на еўрапейскай частцы Савецкага Саюза. Цяпер гэта агульнапрызнаная галіна археалогіі паспяхова развіваецца ў Беларусі. Вынікам працы М. Ткачова сталі кнігі, якія карыстаюцца папулярнасцю не толькі сярод спецыялістаў, але і ў звычайных чытачоў. Гэта – “Замкі Беларусі (XIII–XVII ст.)” (1977, на беларускай мове; 1987 – на рускай), “Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII–XVII стст.” (1978), “Замкі і людзі” (1991). Цікавымі з’яўляюцца працы навукова-папулярнага і публіцыстычнага характару. Сярод іх – “Вялікае мастацтва артылерыі: Казімір Семяновіч” (1992, у суаўтарстве з А. Бельскім), “Старажытны Мсціслаў” (1992, у суаўтарстве з А. Трусавым), “Паходня” (1994). Усяго М. Ткачовым напісана каля 200 навуковых прац. Поўная бібліяграфія даследчыка змешчана ў зборніку “Castrum, urbis et bellum” (2002). У г. Гродне на доме, дзе жыў і працаваў М. Ткачоў, усталявана мемарыяльная дошка.