Краткая справка:
артыст эстрады (лірычны тэнар), народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч Рэспублікі Крым, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1984), прэміі Саюзнай дзяржавы (2016), кавалер ордэнаў Францыска Скарыны, Дружбы (Расія), уладальнік знака Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь "За ўклад у развіццё культуры Беларусі", ганаровы грамадзянін Гомеля і Мінска
Имена на других языках:
Ярмоленко Анатолий Иванович (русский);
2553 символа
Справка
Уявіць сёння беларускую эстраду без народнага артыста Беларусі, заснавальніка і кіраўніка беларускага эстраднага ансамбля “Сябры” А.І. Ярмоленкі немагчыма. Выдатнага спевака і яго калектыў ведаюць даўно і далёка за межамі нашай краіны.
Нарадзіўся Анатоль Іванавіч на Украіне, у г. Казацін Вінніцкай вобласці. У час службы ў арміі трапіў у ансамбль песні і танца Бакінскай вайскавой акругі проціпаветранай абароны. Менавіта гэты ансамбль стаў для спевака трамплінам у будучае. Музычную адукацыю А. Ярмоленка атрымаў у Гомельскім музычным вучылішчы, якое закончыў у 1976 г., але творчую прафесійную дзейнасць пачаў у 1969 г. у гомельскай філармоніі, дзе быў мастацкім кіраўніком і салістам вакальна-інструментальных ансамбляў “Сувенір” (1969–1971) і “Песні над Сожам” (1971–1973). У 1973 г. А. Ярмоленка стварыў з выпускнікоў гомельскага музычнага вучылішча вакальна-інструментальны ансамбль “Сябры”, а ў 1974 г. ансамбль і А. Ярмоленка як яго саліст сталі дыпламантамі беларускага конкурсу артыстаў эстрады ў Мінску. З гэтага часу калектыў ансамбля неаднаразова станавіўся лаўрэатам самых розных конкурсаў. Многія песні, выкананыя А. Ярмоленкам, сталі шлягерамі (“Алеся”, “Лягу-прылягу”, “Завалінка”, “Гуляць, дык гуляць” і інш.). Гэтаму спрыялі багаты па тэмбральнай афарбоўцы голас спевака, уласцівая яго выкананню яркая індывідуальнасць. А. Ярмоленка стаў першым выканаўцам многіх папулярных песень беларускіх і расійскіх кампазітараў – А. Іванова, І. Лучанка, М. Сацуры, Э. Ханка і інш. З’яўляючыся больш за трыццаць год мастацкім кіраўніком легендарнага ансамбля “Сябры”, ён разам з калектывам выступаў на самых знакамітых пляцоўках былога СССР і СНД, неаднаразова даваў канцэрты ў ЗША, Лацінскай Амерыцы, Індыі, Польшчы, Германіі, Фінляндыі, гастраляваў у краінах Азіі, Афрыкі. У 1985 г. выступаў перад абмежаваным кантынгентам савецкіх войск у Афганістане. А. Ярмоленка – лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1984). За заслугі ў развіцці і прапагандзе беларускага музычнага мастацтва, высокае выканаўчае майстэрства А. Ярмоленку было прысвоена ганаровае званне народнага артыста Беларусі (1993). Ён удастоены дзяржаўнай узнагароды – ордэна Францыска Скарыны (2006). У гонар славутага спевака і яго ансамбля 19 студзеня 2006 г. у Маскве, на Плошчы зорак, каля будынка Дзяржаўнай цэнтральнай канцэртнай залы “Расія” быў закладзены памятны знак. Гэта падзея стала заслужаным прызнаннем усёй беларускай песеннай культуры. У верасні 2007 г. А. Ярмоленка атрымаў ганаровае званне “Мінчанін года”.