Чатыры дзесяцігоддзі беларускі ансамбль “Сябры” працягвае сваю творчую дзейнасць на эстрадзе. Яго песеннае мастацтва стала ўсенародна вядомым і любімым.
Калектыў пачаў сваю дзейнасць як вакальна-інструментальны ансамбль Гомельскай абласной філармоніі. Ён складаўся з выпускнікоў Гомельскага музычнага вучылішча імя Н.Ф. Сакалоўскага. Заснавальнікам і нязменным мастацкім кіраўніком з’яўляецца А. Ярмоленка. У пачатку канцэртнай дзейнасці ўдзельнікі калектыву выконвалі народныя песні, песні беларускіх кампазітараў і творы з рэпертуару ансамбля “Песняры”. Вядомасць у Беларусі прынесла выступленне на Першым рэспубліканскім конкурсе артыстаў эстрады ў Мінску (1974), дзе сталі дыпламантамі. Журы адзначыла арыгінальнае і самабытнае гучанне маладога вакальна-інструментальнага ансамбля з Гомеля. У 1977 г. ён стаў лаўрэатам III прэміі Усесаюзнага конкурсу савецкай песні, удзел у якім даў права на выпуск першай грампласцінкі. У 1979 г. ансамбль – лаўрэат II прэміі Усесаюзнага тэлевізійнага конкурсу “З песняй па жыцці”. У 1980 г. на дыску “Ты – одна любовь” была ўпершыню запісана песня “Девушка из Полесья”, больш вядомая як “Алеся”. Менавіта яна прынесла “Сябрам” усесаюзную вядомасць і стала лаўрэатам тэлевізійнага фестывалю “Песня-81”. У 1984 г. ансамбль – лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі. З 1990 г. працягнуў сваю дзейнасць пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі (Мінск), з 1992 г. мае сучасную назву – творчае аб’яднанне «Студыя “Сябры”». Па ініцыятыве кіраўніка А. Ярмоленкі пры ансамблі дзейнічаюць маладзёжная студыя “Сябры” (1992), дзіцячы ансамбль “Буслік” (1993).
Калектыў папулярны ў краіне і за мяжой. На працягу доўгіх гадоў ён прапагандуе беларускую культуру, багатую на народныя традыцыі і таленты. Творчасці “Сяброў” уласцівы своеасаблівая пеўчая манера, спалучэнне арыгінальнай мелодыкі з паэтычным зместам, выразнасцю музычнай мовы. Песні беларускіх і расійскіх кампазітараў, у тым ліку У. Будніка, Я. Глебава, Л. Захлеўнага, А. Іванова, І. Іванова, А. Пахмутавай, Я. Пцічкіна, С. Касторскага, М. Сацуры, Э. Ханка, калектыў выконвае з незвычайным душэўным цяплом, артыстызмам і яркім драматычным тэмпераментам. У рэпертуары “Сяброў” ёсць вясёлыя, лірычныя, праніклівыя творы пра родную зямлю, каханне, сяброўства – “Глухариная заря”, “Гуляць дык гуляць!”, “Крынічанька”, “Завалинка”, “Шестиструнная гитара”, “Беловежская пуща”, “Беларусь”, “Полька беларуская”, “Переживем”, “Постоялый двор”, “Птицы, мои птицы”, “Честь имею” і інш. Многія з іх сталі народнымі, застольнымі, песнямі не аднаго пакалення прыхільнікаў творчасці ансамбля. Таксама падрыхтаваны канцэртныя праграмы “Шлях да Беларусі”, “Анатоль”, “Ёсць лёс у мяне”, “Я з вамі не развітваўся ніколі”, “Перажывём”, “Нашы песні – наша жыццё” і інш. У творчай скарбонцы ансамбля – 20 пласцінак, запісаных на фірме “Мелодыя”, выпушчана 10 кампакт-дыскаў у розных краінах, мноства аўдыякасет.
“Сябры” выступалі амаль на ўсіх самых прэстыжных канцэртных пляцоўках былога Савецкага Саюза, шмат гастралявалі за мяжой, неаднаразова былі ў ЗША, Польшчы, Германіі, Францыі, Індыі, краінах Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і сталі візітнай карткай Беларусі. У 2006 г. адбылася значная ў творчай біяграфіі ансамбля падзея: на Плошчы Зорак у Маскве з’явілася зорка ансамбля “Сябры”. У 2008 г. яму прысвоена ганаровае званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”. Ансамбль у росквіце творчых сіл, злучае ў сабе традыцыі і сучаснасць, запісвае новыя альбомы і пастаянна прадстаўляе новыя і новыя песні, якія адразу прымаюцца і сталымі прыхільнікамі, і моладдзю.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.