Краткая справка:
балетмайстар, народны артыст Беларусі і СССР, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1996), тэатральнай прэміі імя Е. Міровіча (1996), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1998, 2001), Нацыянальнай тэатральнай прэміі (2011), прэміі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў "Крыштальная Паўлінка" (2012), уладальнік знака Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь "За ўклад у развіццё культуры Беларусі", дзяржаўны дзеяч, ганаровы грамадзянін Мінска, узнагароджаны шэрагам урадавых узнагарод Беларусі, В'етнама, Расіі і СССР
Имена на других языках:
Елизарьев Валентин Николаевич (русский);
6473 символа
Справка
Імя Елізар’ева Валянціна Мікалаевіча стала сімвалам беларускага балета. З 70-х гадоў XX стагоддзя ён кіруе прафесійнымі артыстамі, якія даюць жыццё яго творчым задумам, спектаклям, якія спазналі славу ва ўсім свеце.
Нарадзіўся В.М. Елізар’еў у Баку. У 1959 г. паступіў у Бакінскае харэаграфічнае вучылішча. Менавіта там адбылося далучэнне маладога Елізар’ева да тайнаў балетнага мастацтва. Адукацыю прадоўжыў у славутым Ленінградскім харэаграфічным вучылішчы імя А. Ваганавай (1967), пасля – на балетмайстарскім аддзяленні Ленінградскай кансерваторыі (1972). У 1982 г. стажыраваўся ў Францыі па стыпендыі ЮНЕСКА ў галіне балетнай рэжысуры. За гады вучобы В. Елізар’еву пашчасціла сустрэцца з таленавітымі людзьмі: педагогам І. Бельскім і мэтрам сусветнай харэаграфіі Ю. Грыгаровічам, якія аказалі значны ўплыў на фарміраванне яго поглядаў. В. Елізар’еў належыць да ліку мастакоў, творчасць якіх самым цесным чынам звязана са сваім часам. Праблемам сучаснасці былі прысвечаны ўжо першыя студэнцкія работы творцы: мініяцюры “Дарога” і “Кантрасты”, якія прынеслі яму званне лаўрэата на Усесаюзным конкурсе балетмайстраў у 1970 г., а таксама яго выпускная работа – балет “Паэма” на музыку А. Пятрова, у якім апяваецца патрыятызм і мужнасць воінаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. З 1973 г. В. Елізар’еў – галоўны балетмайстар Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, з 1996 г. – дырэктар і адначасова мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра балета Беларусі. У розныя перыяды сваёй творчай дзейнасці Елізар’еў супрацоўнічаў з такімі буйнымі майстрамі сцэнаграфіі, як Я. Лысік, Э. Гейдэбрэхт, В. Окунеў. Найбольш значная частка балетмайстарскіх работ створана В. Елізар’евым на мінскай сцэне. Ужо першая з іх, “Кармэн-сюіта” Ж. Бізэ – Р. Шчадрына (1974), выявіла мастацка-эстэтычныя прынцыпы маладога пастаноўшчыка. Балет вылучаецца стройнасцю архітэктонікі, напружаным рытмам развіцця падзей, філасафічнасцю. “Стварэнне свету” А. Пятрова (1976) – наступная значная пастаноўка харэографа. Кампазітар удала спалучыў у ёй гумарыстычныя карцінкі дзяцінства з сур’ёзным роздумам над лёсам свету. Жартаўлівы перафраз легенды (міфа аб узнікненні першага чалавека) стаў рэальнасцю дваццатага стагоддзя. Балетмайстар апавядае аб стварэнні чалавекам самога сябе, усхвалявана, пераканаўча паказвае, як захапленне першых крокаў дзіцяці змяняецца горкім пазнаннем, як на цярністым шляху жыцця людзі пераадольваюць перашкоды і буры. Кожны новы балет В. Елізар’ева станавіўся цікавай з’явай, прыцягваў да сябе ўвагу як спецыялістаў, аматараў мастацтва, так і самага шырокага гледача. У 1975 г. творца стаў стваральнікам харэаграфіі для тэлефільма “Фантазія” (“Веснавыя воды” паводле І. Тургенева) з удзелам М. Плісецкай.
У 80-я гады Елізар’еў здзейсніў пастановачныя інтэрпрэтацыі вядомых балетаў: “Спартак” А. Хачатурана, “Шчаўкунок” П. Чайкоўскага, “Балеро” на музыку М. Равеля, “Вясна свяшчэнная” І. Стравінскага, “Карміна Бурана” К. Орфа. У гэтых творах адлюстраваліся такія акцэнты дзейнасці В. Елізар’ева, як імкненне да асэнсавання, абагульненасці і сінтэзу ўласных творчых ідэй і наватарскіх традыцый. Пастаноўка “Рамэо і Джульета” С. Пракоф’ева (1988) з’яўляецца своеасаблівым завяршэннем гэтага перыяду. Вобразы спектакля пераконваюць у высокім прызначэнні паэзіі, сіле кахання і духоўнай моцы чалавека. Работы В. Елізар’ева моцныя сваёй інтэлектуальнасцю, выразна акрэсленым гуманістычным пачаткам, абаронай чалавечага ў чалавеку. Мова яго балетаў – гэта сінтэз традыцыйнага танца з элементамі гімнастыкі, акрабатыкі, пантамімы, народнай харэаграфіі. Вельмі часта пластычную характарыстыку герояў падказвае лад дэкарацый – жывапісных фрэсак. Гледачы аказваюцца сведкамі ўзаемадзеяння інтымнай лірыкі і вострага гратэску, патэтыкі і фарса, камедыі і трагедыйнасці. Лепшымі ў спектаклях майстра лічацца дуэтныя сцэны, невыпадкова адажыо з балетаў “Стварэнне свету”, “Спартак”, “Рамэо і Джульета” часта выконваюцца як асобныя харэаграфічныя мініяцюры ў канцэртных праграмах, на міжнародных конкурсах артыстаў балета і фестывалях харэаграфічнага мастацтва. Разгорнутымі дуэтамі паўсталі ў інтэрпрэтацыі харэографа “Камерная сюіта” (“Настроі”) на музыку Р. Шчадрына і “Адажыета” на музыку Г. Малера. На беларускай сцэне В. Елізар’еў паставіў таксама класічныя балеты: “Дон Кіхот” Л. Мінкуса, “Лебядзінае возера”, “Спячая прыгажуня” П. Чайкоўскага.
В. Елізар’еў паставіў балеты ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Варшаве, Любляне, Стамбуле, Токіо. Салісты Нацыянальнага балета з вялікім поспехам выступаюць за межамі Беларусі. Праз Францыю і Англію, Іспанію і Партугалію, Германію і Японію, Тайланд і Сінгапур, Грэцыю, Галандыю, Кітай і іншыя краіны прайшлі маршруты трыумфальных вандровак беларускай балетнай трупы.
Валянцін Мікалаевіч Елізар’еў з’яўляецца ўладальнікам шматлікіх узнагарод. У 1993 г. на 7-м Міжнародным конкурсе артыстаў балета, які адбыўся ў Маскве, ён атрымаў Галоўны прыз за харэаграфію. Балет “Страсці” (“Рагнеда”) на музыку А. Мдывані, упершыню пастаўлены ў 1995 г. у Мінску, сабраў значную колькасць прэмій: прэмію Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі, Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь 1996, прыз “Бенуа дэ ла данс” у катэгорыі за лепшую харэаграфію (Парыж, 1996). Гэты твор сцвярджае ідэі хрысціянскай міласэрнасці, высокай маральнасці. Мінулае і сучаснасць у ім В. Елізар’еў прадставіў як непадзельную і няспынную плынь духоўнага жыцця нацыі. У 1997 г. за вялікі асабісты ўклад у станаўленне і развіццё беларускага балета мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра балета Беларусі быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. В. Елізар’еў атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у вобласці харэаграфічнага мастацтва (2001 г.). У 2003 г. ён стаў уладальнікам ордэна Айчыны III ступені. Да 30-годдзя творчай дзейнасці В. Елізар’ева быў выдадзены каляровы альбом на трох мовах “Валянцін Елізар’еў. Трыццаць гадоў з Нацыянальным балетам Беларусі. 1973–2003”. Дадатковае сведчанне вялікага грамадскага прызнання – выпуск памятнай манеты “Балет Беларускі”. Творчасці В. Елізар’ева прысвечаны тэлефільмы “Стварэнне” (1979), “Валянцінаў дзень” (1993), “Праца, якая называецца Сачыненне” (2001).
Большая колькасць спектакляў таленавітага балетмайстра (адноўленых, з іншымі выканаўцамі) і зараз не сходзіць з тэатральных падмосткаў. Пастаноўкі балетаў, створаныя знакамітым харэографам, зрабілі яго адным з найбольш цікавых і буйных дзеячаў сучаснага балетнага тэатра.