Дата рождения:
08.01.1848 Турын, в., Пухавіцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
19.02.1905
Краткая справка:
прыродазнавец, вынаходнік, медык
Варианты имени:
Наркевіч-Ёдка Якаў Антонавіч
Имена на других языках:
Наркевич-Иодко Яков Оттонович (русский); Наркевич-Иодко Якуб Оттонович (русский);
3310 символов
Справка
Якуб Атонавіч Наркевіч-Ёдка – адзін з яркіх прадстаўнікоў беларускай навуковай думкі другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. Сярод яго навуковых інтарэсаў – разнастайныя галіны медыцыны і прыродазнаўства. Адкрыцці ў сферы прыроднай электрычнасці прынеслі яму вядомасць у навуковых колах як «электрычнага чалавека».
Нарадзіўся ён у мястэчку Турын Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці). Пачатковую адукацыю атрымаў дома ў хатніх настаўнікаў і маці, якая шмат часу ўдзяляла музыцы. Дзякуючы здольнасцям і грунтоўнай падрыхтоўцы зарэкамендаваў сябе ў далейшым таленавітым віртуозам-піяністам, кампазітарам і знаўцам музыкі. Пасля заканчэння Мінскай губернскай класічнай гімназіі (1865) Я. Наркевіч-Ёдка шмат падарожнічаў па Еўропе, удасканальваў музычнае майстэрства, выступаў з канцэртамі. Зацікавіўшыся прыродазнаўчымі навукамі і медыцынай, слухаў лекцыі ў вышэйшых навучальных установах Вены, Парыжа, Фларэнцыі.
У 1871 г. вярнуўся на радзіму і цалкам прысвяціў сябе навуковым даследаванням. На працягу наступных 30 гадоў Я. Наркевіч-Ёдка ажыццявіў вялікую колькасць эксперыментаў па магнетызме, электрычнасці, метэаралогіі, медыцыне, біялогіі, аграноміі і інш. У сваім маёнтку Наднёман (цяпер вёска Уздзенскага раёна Мінскай вобласці) стварыў электраграфічную, электрабіялагічную і астранамічную лабараторыі з найноўшым абсталяваннем і прыборамі, палі электракультывацыі, метэаралагічную станцыю першага разраду ў складзе Галоўнай фізічнай абсерваторыі Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук. Вывучаў уплыў электрычнасці на расліны, стан і здароўе чалавека, праводзіў доследы па бяспроваднай перадачы і прыёме электрычных сігналаў. Сярод яго вынаходніцтваў – прылада для вызначэння вільготнасці глебы на глыбіні да трох метраў (лізіметр), градаадвод, прыборы для вызначэння хуткасці воблакаў і рэгістрацыі навальнічных разрадаў, метад пастаноўкі дыягназу пры дапамозе здымка электрамагнітнага поля чалавека (электраграфія). Вынікі сваіх даследаванняў вучоны рэгулярна прадстаўляў на пасяджэннях навуковых таварыстваў і ўстаноў, канферэнцыях, выстаўках, публікаваў у друку. Выступаў з лекцыямі як у Расіі, так і за мяжой.
Як вучоны і аўтарытэтны спецыяліст, Я. Наркевіч-Ёдка атрымаў агульнаеўрапейскае прызнанне і стаў шырока вядомы ў Францыі, Германіі, Аўстра-Венгрыі, Італіі. Ён з’яўляўся членам многіх навуковых арганізацый Санкт-Пецярбурга, Масквы, Парыжа, Рыма, Фларэнцыі. У 1900 г. яму было прысвоена званне прафесара электраграфіі і магнетызму. За дасягненні ў навуцы даследчык атрымаў шэраг узнагарод, у тым ліку сярэбраны медаль Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства (1890), ордэн Святой Ганны і інш.
Акрамя навукі Я. Наркевіч-Ёдка займаўся грамадскай, дабрачыннай і медыцынскай дзейнасцю. У 1892 г. стварыў у сваім маёнтку Наднёман санаторый са спецыялізацыяй па нервовых і лёгачных захворваннях. У якасці метадаў лячэння тут ужываліся распрацаваная ім электратэрапія («метад Ёдкі»), кумысалячэнне, магнітныя, водныя і сонечныя працэдуры, масаж, гімнастыка і інш. Вядома, што дапамогу тут аказвалі не толькі заможным пацыентам, але і мясцовым сялянам. Таксама ён узначальваў Слуцкае чалавекалюбівае і Уздзенскае вольна-пажарнае таварыствы, з’яўляўся папячыцелем Іванаўскага дзявочага вучылішча ў Санкт-Пецярбургу.