Краткая справка: шляхецкі род герба “Ліс”
Род Ёдкаў (Ёткаў, даўней – Едкаў) яшчэ з часоў вялікіх князёў літоўскіх карыстаўся шляхецкай годнасцю, вотчынным правам, зямельнымі маёнткамі, утрыманнем на дзяржаўных пасадах. Ён быў занесены ў першую і шостую часткі радаводных кніг Віцебскай, Гродзенскай, Віленскай, Мінскай і Падольскай губерняў.
Па гістарычных метрыках продкі Ёдкаў у далёкім мінулым мелі перадпрозвішчную назву “Наркевіч”, аднак карысталіся ёю даволі рэдка, часцей абыходзіліся скарочаным прозвішчам “Ёдка”. Некаторыя даследчыкі лічаць, што яно пайшло ад слова “чорны” (у значэнні “чалавек аднекуль”, не з тутэйшых). Аматар-філолаг А.Бірыла даказаў, што “ёдка” не што іншае, як “едха”, ці па санскрыту – “воін”. Можа яно і так – большасць прадстаўнікоў роду служыла на ваенных пасадах. Нават герб “Ліс”, на думку польскага даследчыка Дуньчэўскага, дараваны Ёдкам за геройскія справы, за ўдзел у ваенных экспедыцыях.
“Род даходзіць яшчэ да ўладарання Ягелонаў. Мае родапачынальнікам аднаго з Ёдкаў, ад якога пайшлі сыны Нарка (Марка) і Петка. Прозвішча падзялялася на два прыдомкі: адзін Наркевічаў, а другі Петкавічаў-Ёдкаў” – так тлумачыць паходжанне Наркевічаў-Ёдкаў Дуньчэўскі. Першым па метрыках згадваецца Юрый Петкавіч Едко, мечнік літоўскі, мейшагольскі каралеўскі намеснік (1514), кухмісцер літоўскі (1539). Нашчадкі яго сыноў – Ягора і Станіслава – падзялілі род Наркевічаў-Ёдкаў на многія галіны. Прадстаўнікі адной з іх жылі ў Лідскім павеце. Польскі геральдыст А.Банецкі дастаткова поўна ўзнавіў радавод Наркевічаў-Ёдкаў гэтага павета.
Па яго звестках Ягор Наркевіч-Ёдка, брэсцкі войскі, быў сынам Марціна, уладальніка маёнтка Едкава, што знаходзіцца на Лідчыне. Яго ўнук Ян, лідскі харунжы, пакінуў пасля сябе сына Станіслава, наваградскага стольніка, нашчадкі якога займалі высокія ваенныя пасады і валодалі буйнымі зямельнымі вотчынамі. Так, Аляксандр быў ротмістрам французскіх войск, кавалерам ордэна Ганаровага легіёна; Ксавер – астрожскім маршалкам, уладальнікам Дарагабужа, Рэчыцы і Моладава, а Ягор валодаў маёнткамі Бубноўка на Падоле і Воліца на Валыні. Яго сын Антон, ганаровы міравы суддзя Астрожскага павета, быў апошнім прадстаўніком Наркевічаў-Ёдкаў. З часам род разгалінаваўся, і уладальнікі герба “Ліс” рассяліліся ў Наваградскім ваяводстве, у Слуцкім і Мінскім паветах, Ліфляндскім старостве (прыбярэжная частка Латвіі), перабраліся ў Польшчу.
Радаводная піраміда Наркевічаў-Ёдкаў у Мінскай губерні прадстаўлена больш чым 200 асобамі і дазваляе прасачыць, як імёны далёкіх прадстаўнікоў роду паступова пераходзілі з беларускіх у польскія. Адначасова пашыралася сярод іх рымска-каталіцкае веравызнанне, хоць сустракаюцца продкі і з праваслаўным, і нават пратэстанцкім вераваннямі.
Найбольш цікавай асобай у гэтым родзе лічыцца выдатны беларускі вучоны, прафесар Якаў Антонавіч Наркевіч-Ёдка (1847–1905). Сын вядомага ў свой час на Міншчыне памешчыка, сам буйны землеўладальнік, ён усё сваё жыццё пражыў у вотчынным маёнтку Над-Нёман на Уздзеншчыне. Сын вучонага – евангеліст Адам – атрымаў па раздзельнаму акту былы матчын маёнтак у Турыне (цяпер у Чэрвеньскім раёне), які потым у час першай сусветнай вайны прадаў. Яго сын Тамаш памёр вельмі маладым, другі сын Конрад жыў у Польшчы.
Дваюрадны брат вучонага – Вітаўт Наркевіч-Ёдка – праславіўся як выдатны хірург-акуліст. Ён быў уключаны ў амерыканскую медыцынскую энцыклапедыю. Вучыўся ў Тарту, Берліне, практыкаваў у Варшаве. У апошнія гады жыцця жыў у сваім маёнтку Бабоўня (цяпер Капыльскі раён), дзе трымаў афтальмалагічнае хірургічнае аддзяленне. Яго сын, таксама Вітаўт (1864–1924), чалавек супярэчлівага лёсу, вядомы польскі палітык-сацыяліст, стваральнік, сумесна з Ю.Пілсудскім, Польскай сацыялістычнай партыі.
Яшчэ адзін дваюрадны брат Якуба – рэвалюцыянер, выдатны інжынер-металург Іван Наркевіч-Ёдка – меў невялікі маёнтак у Кацельніках, ля Капыля. У маладосці ён удзельнічаў у паўстанні К.Каліноўскага. За палітычную дзейнасць сядзеў у Петрапаўлаўскай крэпасці.
У апошні час выявіўся яшчэ адзін нашчадак гэтага роду (па жаночай лініі) – Хрысціян Наркевіч-Лейн з Чыкага. Яго прабабка паходзіла ад Ксавера і Тэафіліі Наркевічаў-Ёдкаў з маёнтка Лапушня на Наваградчыне. Напачатку гэтага стагоддзя яны ад’ехалі ў пошуках лепшай долі ў Паўночную Амерыку. Хрысціян Наркевіч-Лейн працуе дырэктарам Музея амерыканскай архітэктуры і дызайну ў Чыкага, выкладае ў архітэктурным каледжы. Ён ладзіць перасоўныя выстаўкі малюнкаў дзяцей-чарнобыльцаў, адпаведна, рыхтуе выстаўкі амерыканскіх дзяцей для паказу іх у Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1998 г.