Вітольд Аляксандравіч Наркевіч-Ёдка, выдатны хірург-акуліст, чыё імя ўключана ў амерыканскую медыцынскую энцыклапедыю, нарадзіўся ў в. Пукава Слуцкага павета (цяпер в. Камсамольская Капыльскага раёна Мінскай вобласці). Пасля заканчэння Мінскай гімназіі ў 1853 г. паступіў у Юр’еўскі (Тартускі) універсітэт, дзе выкладалі вядомыя вучоныя: прафесар фармакалогіі Р. Бухгейм, доктар філасофіі Л. Штрумпель, прафесар па судовай медыцыне Г. Самсон фон Гімельштэрн і інш. Навучанне вялося на нямецкай мове. У 1860 г. В. А. Наркевіч-Ёдка скончыў універсітэт і атрымаў ступень доктара медыцыны ў галіне афтальмалогіі, потым стажыраваўся ў Берліне. У 1863 г. атрымаў месца дацэнта ў Варшаўскай медыка-хірургічнай акадэміі. Выкладаў і ў іншых навучальных установах, адначасова працаваў у некалькіх клініках, у тым ліку і ў Варшаўскім афтальмалагічным інстытуце (да 1881 г.). За гэты час пры ўдзеле В. А. Наркевіча-Ёдкі было прааперыравана шмат пацыентаў з катарактай. Ён напісаў каля 80 навуковых прац, прысвечаных лячэнню хвароб вачэй. Пераклаў таксама на польскую мову двухтомную работу Луі дэ Векера “Афтальмалогія” (1868).
З 1883 г. В. А. Наркевіч-Ёдка жыў у сваім фальварку Бабоўня (Капыльскі раён). Ён пабудаваў новы дом, пашырыў парк, пасадзіў сад, стварыў унікальную водную сістэму. Яна складалася з сямі каналаў і сажалак, на берагах якіх быў пракладзены прагулачны маршрут. На адной з сажалак меўся невялікі астравок з утульнай альтанкай. Гаспадарчы двор уключаў стайню, кароўнік, сыраварню і збожжасховішча. Побач знаходзіліся дзве цагельні, дзе выраблялі некалькі відаў цэглы з фірменным знакам, у тым ліку і чорную (па шчыльнасці не саступала каменю). У фальварку доктар адкрыў амбулаторыю, у якой бясплатна лячыў хворых.
11 лістапада 1898 г. В. А. Наркевіч-Ёдка памёр у сваім маёнтку.
Яго пахавалі ў сямейнай капліцы на каталіцкіх могілках. На тэрыторыі сядзібы быў устаноўлены бюст доктара, які пазней разбурылі. На гэтым месцы пабудавана бальніца. Захаваліся таксама рэшткі старажытнага парку і воднай сістэмы з унікальнай лячэбнай вадой, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і ахоўваюцца дзяржавай.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.