Дата рождения: 05.08.1922
Дата смерти: 03.10.2009
Краткая справка: актрыса, заслужаная артыстка Беларусі (1955), кавалер ордэна "Знак Пашаны"
Варианты имени: Няфёд Алімпіяда Іванаўна
Имена на других языках: Нефёд Олимпиада Ивановна (русский); Шах-Парон Олимпиада Ивановна (русский);
Алімпіяда Іванаўна Шах-Парон (па мужу Няфёд) нарадзілася ў в. Шчарбакоўка Суджанскага раёна Курскай вобласці (Расія).
У 1944 г. будучая актрыса скончыла Маскоўскае гарадское тэатральнае вучылішча. У 1945 г. працавала ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у 1946 г. – у Бабруйскім абласным драматычным тэатры. З 1947 г. А. Шах-Парон – у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры імя М. Горкага, дзе сыграла каля 100 роляў. Яна была выканаўцай шырокага творчага дыяпазону, якой падуладны і драматычныя, і характарна-камедыйныя ролі. Мастацкай індывідуальнасці А. Шах-Парон уласціва глыбокае пранікненне ў сутнасць сцэнічнага характару, эмацыянальнасць, мяккі гумар, тонкая іронія, лірызм і драматызм. Кожны створаны вобраз актрысы пазначаны непаўторнай адметнасцю, насычаны псіхалагічнымі фарбамі і адценнямі, выяўляе багаты тэмперамент выканаўцы. Яе гераіні заўсёды дзейсныя, мэтанакіраваныя, прывабліваюць духоўнасцю і багатым унутраным светам. Ужо калі А. Шах-Парон працавала ў Мінску, яе тэатральны педагог, народны артыст РСФСР У. Гатоўцаў пісаў сваёй былой вучаніцы: «Вы зразумелі самае галоўнае ў жыцці – дарыць цеплыню Вашага незвычайнага сэрца людзям. Гэта выдатная якасць у сувязі з Вашым абліччам прыгожага чалавека, безумоўна, дапамагае Вам у Вашай рабоце на сцэне. Мне вельмі прыемна, што сярод маіх вучняў ёсць людзі, адзначаныя вышэйшым дарам прыроды: сапраўднай чалавечнасцю».
Адна з першых роляў, якая прынесла сапраўдны творчы поспех маладой актрысе, была роля разведчыцы Тані ў спектаклі «За другім фронтам» паводле В. Сабко. У гэтай акцёрскай рабоце А. Шах-Парон праявіла здольнасць глыбокага пранікнення ва ўнутраны свет гераіні, здольнасць да самастойнай, арыгінальнай трактоўкі вобраза. У пачатку свайго творчага шляху маладой актрысе давялося сыграць шмат роляў айчыннага і замежнага рэпертуару. У прыватнасці, яна іграла Элізу («Хаціна дзядзькі Тома» Г. Бічэр-Стоу), княжну Мсціслаўскую («Цар Фёдар Іаанавіч» А. Талстога ), Алівію («Дванаццатая ноч» У. Шэкспіра) і шмат іншых. З асаблівым поспехам у гэты перыяд А. Шах-Парон выступіла ў спектаклі «Атэла» У. Шэкспіра, дзе яна бліскуча выканала ролю Дэздэмоны. Многія з тых гледачоў, хто пабачылі гэты спектакль, назаўсёды захавалі ў сваёй памяці ўзнёслы вобраз каханай венецыянскага маўра, вобраз, які ўслаўляў радасць жыцця і кахання. Пасля гэтай ролі за А. Шах-Парон канчаткова склалася рэпутацыя актрысы вялікіх творчых магчымасцей.
Далейшы лёс актрысы пацвердзіў гэту рэпутацыю. У спектаклі «Шалёныя грошы» А. Астроўскага ёй была даручана складаная роля Лідзіі, якая мела трывалую сцэнічную традыцыю ў трактоўцы вобраза. А. Шах-Парон здолела па-новаму прачытаць вядомую ролю, увесці новую псіхалагічную афарбоўку, паказаць імкненне сваёй гераіні да новага жыцця па законах высокай чалавечнасці.
У гісторыі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага ёсць адзін спектакль, які стаў не проста этапным у жыцці калектыву, але стаў і цудоўнай тэатральнай легендай. Гэта «Кароль Лір» У. Шэкспіра з непаўторным майстрам сцэны, народным артыстам Беларусі А. Кіставым у галоўнай ролі. І тое, што побач з гэтым выдатнейшым акцёрам ярка гарэлі іншыя «зоркі» тэатра – красамоўнае сведчанне іх таленту. А. Шах-Парон – у ролі дачкі караля Ліра Рэганы. Актрыса прасачыла складаную эвалюцыю характару сваёй гераіні, якая з пяшчотнай дачкі ператвараецца ў страшнага ворага свайго бацькі. Славуты шэкспіраўскі спектакль паказаў галоўнае багацце тэатра – яркія, самабытныя індывідуальнасці выканаўцаў, якія ўмелі з поспехам вырашаць самыя складаныя творчыя задачы.
З цягам часу павялічваўся спіс роляў, сыграных актрысай, узмацнеў і заззяў новымі гранямі яе талент. Так, у спектаклі «Персанальная справа» А. Штэйна ёй давялося іграць невялікую ролю Малюцінай, але сам драматургічны матэрыял даваў магчымасць у поўнай меры выявіць тое, што заўсёды асабліва хвалявала актрысу, – сцвярджэнне справядлівасці, чуласці, дабрыні.
Нечаканым і новым быў для актрысы вобраз разбітной, але добрай і чалавечнай вулічнай дзеўкі Іветы ў спектаклі «Матухна Кураж і яе дзеці» Б. Брэхта. Зусім іншы характар – Калугіна ў камедыі «Таварышы па працы» Э. Брагінскага і Э. Разанава. На нашых вачах пад уздзеяннем кахання адбывалася цудоўнае ўнутранае і знешняе пераўтварэнне чэрствага, прамалінейнага, заціснутага рознымі ўмоўнасцямі кіраўніка вялікай установы – гэткай «сіняй панчохі» – у мяккую, лагодную і прыгожую жанчыну.
У пастаноўцы «Трывога» А. Петрашкевіча А. Шах-Парон іграла Міхаліну – простую вясковую жанчыну, якая цвёрда змагалася за справядлівасць. Гэта ж тэма – імкненне да сцвярджэння справядлівасці – падкрэслівалася актрысай і ў вобразе Валянціны са спектакля «Гняздо глушца» В. Розава. Змястоўная акцёрская работа атрымалася і ў спектаклі «Рэтра» А. Галіна, дзе А. Шах-Парон стварае вобраз Дзіяны Уладзіміраўны, жанчыны вялікага жыццёвага вопыту, чалавечнасці, гатовай у любы момант прыйсці на дапамогу.
Асаблівае месца ў рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага займаюць творы драматурга, імя якога носіць творчы калектыў. У многіх спектаклях прымала ўдзел А. Шах-Парон, стварыўшы цэлую галерэю жаночых вобразаў: Лідзія Чабаксарава, Алена Пратасава, Сакалова, Клеапатра, Малання («Варвары», «Дзеці сонца», «Апошнія», «Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя»).
Сярод значных роляў актрысы: баранэса Штраль («Маскарад» М. Лермантава), Понсія («Дом Бернарды Альбы» Ф. Гарсія Лоркі), фру Альвінг («Здані» Г. Ібсэна), місіс Туз («Усё ў садзе» Э. Олбі), Герарда («Дасціпная закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Хлоя («Мёртвая хватка» Дж. Голсуарсі), Жэрмена («Гандляры славай» М. Паньёля і П. Нівуа) і інш.
Паспяховым быў удзел А. Шах-Парон у тэлевізійным спектаклі «Крах» паводле п'есы А. Талстога і П. Шчогалева «Змова імператрыцы», у якім актрыса стварыла адказную ролю фрэйліны імператрыцы Ганны Вырубавай (1966). Яе ігра ў гэтай тэлепастаноўцы, якая мела выключна вялікі поспех у гледачоў, – узор высокага акцёрскага майстэрства і творчага натхнення, узор дакладнага выяўлення гістарычных, сацыяльных і псіхалагічных карэнняў сваёй гераіні – прадстаўніцы царскага двара. Высокім майстэрствам пазначана выкананне вобраза Жанны Уладзіміраўны ў тэлеспектаклі «Чужыя, блізкія...» па п'есе «Жанна» А. Галіна (1998).
Алімпіяда Іванаўна Шах-Парон мела вялікі творчы дыяпазон. І якія б ролі ёй не прыходзілася іграць – станоўчыя ці адмоўныя, камедыйныя ці драматычныя, актрыса заўсёды імкнулася да сцвярджэння пазітыўнага ў чалавеку, да сцвярджэння высокіх гуманістычных ідэалаў.
Актрыса ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», медалямі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.