Імя Іаахіма Глінскага назаўсёды ўвайшло ў гісторыю айчыннага літургічнага мастацтва. Прафесійны арганіст і кіраўнік хору, ён адрадзіў і ўкараніў у богаслужэбную практыку Беларусі апошніх дзесяцігоддзяў ХІХ ст. грыгарыянскі харал і музыку поліфанічнага стылю a capella эпохі Дж. Палестрыны.
Нарадзіўся І. Глінскі ў мястэчку Будслаў Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер аграгарадок у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці) у сям’і арганіста. Першапачатковую адукацыю атрымаў ад бацькі. Надзелены незвычайнымі музычнымі здольнасцямі, ён з дзяцінства ўражваў і захапляў слухачоў віртуознай ігрой на фартэпіяна, нават удзельнічаў у канцэртах у Будславе, Вілейцы, Мядзелі і Докшыцах. У 1874 г. І. Глінскі паступіў у Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю. Вучыўся адразу на двух факультэтах: фартэпіянным і кампазітарскім. Яго педагогам па класе аргана быў знакаміты дырыжор, прафесар Луі (Людвіг) Гаміліус. Пасля заканчэння кансерваторыі І. Глінскі працаваў арганістам у Гродзенскім касцёле бернардзінцаў, выкладаў таксама спевы ў мясцовай жаночай гімназіі. Ён удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1877–1878 гг. З 1883 г. стаў арганістам у касцёле пры Вострабрамскай каплцы ў Вільні, там жа кіраваў хорам. Затым заняў месца арганіста ў касцёлах Святога Яна (1886) і Святога Духа (1887–1898). З’яўляўся таксама прафесарам Віленскай рымска-каталіцкай семінарыі. Вялікую ўвагу надаваў І. Глінскі падбору рэпертуару, які лічыў самым важным этапам творчай дзейнасці касцёльнага музыканта. Адным з першых пачаў выступаць супраць рамантызацыі твораў духоўнай музыкі, уплываў на яе свецкага мастацтва. Акрамя штодзённай працы ў розных установах рэгулярна даваў урокі музыкі ўсім жадаючым, прымаў актыўны ўдзел у культурным жыцці горада. Са спевакоў былога дамініканскага касцёла І. Глінскі арганізаваў неафіцыйную школу арганістаў. Каля 30-ці яе выхаванцаў у далейшым вызначылі развіццё духоўнай музыкі цэлых рэгіёнаў Расійскай імперіі. Найбольш вядомыя сярод іх – А. Мілер, Э. Гірдо, У. Каліноўскі, М. Букша, Я. Ляснеўскі, П. Клячкоўскі і інш.
Асобнай старонкай дзейнасці І. Глінскага з’яўляецца кампазітарская творчасць. Адзінымі знойдзенымі ўзорамі яго рэлігійнай музыкі сталі перапісаныя Э. Гірдо “Меса ў гонар св. Вацлава” ў трэцім тоне, “Меса ў гонар св. Алены”, “Меса B-dur”, “Меса F-dur”, “Ave Maris Stella”, ”O salutaris” і “Вітай, Марыя”. Ён пісаў матэты, заснаваныя на грыгарыянскім харале, стварыў 14 кампазіцый для мужчынскага хору a capella, зрабіў гарманізацыю песні “Багародзіца”. Іаахім Глінскі з’яўляецца аўтарам твораў пазалітургічнага карыстання. Сярод іх – песня-паланез “Вось, Божа, гэтыя сэрцы”, урачыстая канта “Salve” і прывітальная – у гонар біскупа В. Ключынскага. Сярод свецкіх сачыненняў – “Пікантная мазурка” і мазурка “Заглоба” (адзіная выдадзеная пры жыцці кампазітара), ваенныя маршы, песня “Першацвет” на словы А. Міцкевіча, спевы на паэтычныя малітвы У. Сыракомлі, незавершаная опера на нацыянальны сюжэт “Паята” па аповесці Ф. Бернатовіча. Творы І. Глінскага працягваюць гучаць у каталіцкіх храмах, аберагаючы і захоўваючы памяць аб ім.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.