Беларускі рэлігійны дзеяч Францішак Дзеружынскі нарадзіўся ў Оршы. Пасля заканчэння мясцовага езуіцкага калегіума ў 1794 г. уступіў у ордэн езуітаў. На працягу двух гадоў праходзіў выпрабаванні ў навіцыяце. У 1796–1797 гг. вывучаў рыторыку ў Аршанскім езуіцкім калегіуме. З 1797 па 1800 г. выкладаў рускую і французскую мовы ў езуіцкіх навучальных установах Магілёўшчыны. На працягу некалькіх гадоў вывучаў філасофію і матэматыку, адначасова з’яўляўся памочнікам прэфекта музея ў Мсціслаўскім езуіцкім калегіуме (1801–1802). З 1803 па 1806 г. чытаў курсы лекцый па гуманітарных прадметах у Санкт-Пецярбургскім канвікце езуітаў, потым вывучаў тэалогію ў Полацку. У 1809 г. быў пасвячоны ў ксяндзы. З 1810 па 1811 г. Ф. Дзеружынскі з’яўляўся прафесарам філасофіі і матэматыкі ў Магілёве, потым у Полацкім езуіцкім калегіуме і Полацкай езуіцкай акадэміі (1811–1814), дзе выкладаў таксама дагматычную тэалогію і на працягу года займаў пасаду навуковага сакратара.
Пасля скасавання ордэна езуітаў (1820) Ф. Дзеружынскі пераехаў у ЗША, дзе стаў адным з пачынальнікаў і кіраўнікоў адукацыйнай сістэмы каталіцкай царквы краіны. Ён удзельнічаў у стварэнні езуіцкіх школ у г. Сент-Луіс, штатах Мэрыленд і Масачусетс, з’яўляўся прафесарам філасофіі і тэалогіі, а таксама віцэ-прэзідэнтам і скарбнікам Джорджтаўнскага ўніверсітэта. З 1823 г. узначаліў ордэн езуітаў у ЗША.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.