Полацкая езуіцкая акадэмія была створана ў выніку рэфарміравання Полацкага езуіцкага калегіума, заснаванага ў 1580 г. П. Скаргам як сярэдняя навучальная ўстанова ордэна езуітаў. 12 студзеня 1812 г. расійскі імператар Аляксандр І выдаў указ, у якім адзначалася: «Во уважение представляемого Нам желания Белорусского дворянства и пользы для наук от соревнований между несколькими училищами равной степени, признали Мы за полезное возвести Полоцкую иезуитскую коллегию на степень Академии с присвоением ей преимуществ, дарованных университетом»*. Гэта была першая вышэйшая навучальная ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў 1812–1820 гг., якой падпарадкоўваліся ўсе езуіцкія калегіумы і школы Расійскай Імперыі: у Полацку, Санкт-Пецярбургу, Віцебску, Оршы, Магілёве, Мсціслаўі, Чачэрску, Клімавічах, Рызе, Астрахані, Адэсе, Саратаве.
10 чэрвеня 1812 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё акадэміі, на якім прысутнічаў міністр асветы граф А.К. Разумоўскі. У сувязі з Айчыннай вайной 1812 г. заняткі пачаліся толькі 8 студзеня 1813 г. на трох факультэтах: тэалагічным, філасофскім, вольных навук і старажытных і сучасных моў. Пасля праведзенай у 1815 г. рэарганізацыі ў акадэміі засталося два факультэта – філасофіі і моў і тэалагічнага. Сярод 39 выкладчыкаў побач з вучонымі з Італіі, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Польшчы былі ўраджэнцы Беларусі: І. Цытовіч, В. Бучынскі, Н. Гаўрылевіч, І. Залескі і інш. Навучальны працэс кантраляваўся Міністэрствам асветы, па ўсіх іншых пытаннях акадэмія падпарадкоўвалася генералу ордэна езуітаў Т. Бжазоўскаму. Першым рэктарам акадэміі быў А. Люстыг, з 1814 па 1817 г. установу ўзначальваў А. Ляндэс, апошнім кіраўніком стаў Р. Бжазоўскі. Фармальна навучанне было пазаканфесійным, пазасаслоўным і бясплатным. Выпускнікі атрымлівалі чын 14-га класа і маглі паступаць на дзяржаўную службу. Акадэмія мела права надаваць навуковыя ступені магістраў вольных навук і філасофіі, дактароў тэалогіі, грамадзянскага і кананічнага права.
Колькасць студэнтаў акадэміі дасягала 700 чалавек. На факультэце вольных навук і старажытных і сучасных моў вывучалі рускую, французскую, італьянскую, польскую, лацінскую, грэчаскую, сірыйскую, старажытна-яўрэйскую мовы, а таксама літаратуру на гэтых мовах. Узровень адукацыі дазваляў выпускнікам займацца самымі складанымі перакладамі. У акадэміі выкладаліся таксама логіка, метафізіка, дыялектыка, этыка, палітычная эканоміка, геаметрыя, трыганаметрыя, фізіка, хімія, матэматыка, астраномія, архітэктура, батаніка, заалогія. Вольны ад вучобы час студэнты выкарыстоўвалі для заняткаў гімнастыкай, маляваннем, музыкай і танцамі. У акадэміі былі дзве бібліятэкі – адна з кнігамі на польскай мове, другая (больш за 40 тыс. тамоў) з выданнямі на рускай і іншых мовах. Працавалі кабінеты натуральнай гісторыі, хімічны, фізічны, мінералагічны, заалагічны; меліся карцінная галерэя і збор архітэктурных мадэлей. Выкладанне вялося па падручніках еўрапейскіх універсітэтаў, а таксама па ўласных, якія выдаваліся ў акадэмічнай Полацкай друкарні. У старэйшых класах практыкавалася семінарская форма навучання, справаздачы аб семінарах змяшчаліся ў друкаваным органе акадэміі – літаратурна-навуковым часопісе «Miesiecznik Polocki» («Полацкі месячнік»). Яго заснавальнікам быў выкладчык акадэміі прафесар тэалогіі В. Бучынскі, галоўным рэдактарам прафесар фізікі і доктар філасофіі І. Цытовіч.
Полацкая езуіцкая акадэмія праіснавала восем гадоў. 13 сакавіка 1820 г. была закрыта ў сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў у Расійскай Імперыі. Частку яе студэнтаў перавялі ў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт. Бібліятэку, друкарню і іншую маёмасць перадалі навуковым установам Полацка, Віцебска, Санкт-Пецярбурга. У будынках акадэміі размясцілася Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. За гады дзейнасці ў Полацкай езуіцкай акадэміі было падрыхтавана шмат высокаадукаваных спецыялістаў. Сярод яе выпускнікоў шэраг выдатных дзеячаў навукі і культуры: гісторык, этнограф, археолаг К. Тышкевіч, беларускі і польскі пісьменнік Я. Баршчэўскі, астраном Я. Накцыяновіч, філосаф А. Доўгірд, мастак В. Ваньковіч і інш. Акадэмію скончыў праваслаўны епіскап мінскі і бабруйскі Антоній (Зубко), які ў 1827 г. адкрыў семінарыю ў Жыровічах; аўтар гісторыі езуітаў на Беларусі (не была апублікавана, рукапіс захоўваецца ў архіве езуітаў у Рыме) Дж. Браўн; ураджэнец Оршы, заснавальнік сістэмы каталіцкіх школ у ЗША Ф. Дзеружынскі і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.
* Цыт. па: Шаршунов В.А.Формирование системы образования и науки в Беларуcи (XII – начало XX в.). Минск, 2016. С. 301.