Краткая справка:
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, удзельнік войнаў Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600–1629 гг. і Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609–1618 гг.
Варианты имени:
Хадкевіч Ян Караль
Имена на других языках:
Ходкевич Ян Король (русский);
5039 символов
Справка
Ян Кароль Хадкевіч нарадзіўся ў 1560 г. у сям’і магната Яна Геранімавіча Хадкевіча. Ранняе дзяцінства правёў у маёнтку Мыш побач з маці – Крысцінай з роду Збароўскіх, дачкой польскага магната Марціна Збароўскага. Атрымаў добрую хатнюю адукацыю. Шмат увагі аддаваў фехтаванню, стральбе з лука і агнястрэльнай зброі, верхавой яздзе.
У 1573 г. Я. К. Хадкевіч пачаў вучобу ў Віленскім езуіцкім калегіуме (з 1579 г. акадэмія) – вышэйшай школе Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). У сакавіку 1579 г. Вялікі князь ВКЛ і Кароль польскі Стэфан Баторый праязджаў праз Вільню з войскам. Ёсць меркаванне, што малады Ян Кароль быў у групе студэнтаў акадэміі, якая вітала караля. Выслухаўшы Яна Хадкевіча, кароль быццам бы прадказаў яму будучыню палкаводца.
З 1586 г. Ян Кароль вывучаў філасофію і права ў езуіцкай акадэміі ў Інгальштадце (Германія). У верасні 1589 г. пасля паспяховага заканчэння вучобы адправіўся ў падарожжа па Італіі, наведаў Мальту, дзе азнаёміўся з вайсковымі ведамі мальтыйскіх рыцараў.
Вярнуўся на радзіму ў 1590 г. і ажаніўся з удавой князя Сымона Алелькавіча Слуцкага Соф’яй, якая стала яму шчырай і клапатлівай жонкай, ва ўсім дапамагала мужу і нярэдка дзяліла з ім нягоды вайсковага жыцця.
У 1596 г. Хадкевіч выправіўся ў свой першы вайсковы паход. Яму давялося змагацца з удзельнікамі антыфеадальнага казацка-сялянскага паўстання пад кіраўніцтвам С. Налівайкі. У 1599 г. удзельнічаў у паходах у Малдавію, Трансільванію і Валахію (Румынія). За поспехі ў гэтых ваенных кампаніях атрымаў булаву і стаў кіраўніком войска – польным (палявым) гетманам літоўскім.
У 1600 г. пачалася вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй за панаванне на Балтыйскім моры, якая цягнулася да 1629 г. У маі 1601 г. гетман вялікі Крыштоф Радзівіл распачаў ваенныя дзеянні ў Інфлянтах (Лівоніі). Яго атрады акружылі горад і крэпасць Кокенгаўзэн (Кокнесе) на правым беразе Заходняй Дзвіны. 8 чэрвеня 1601 г. да Кокенгаўзэна падышоў са сваімі атрадамі Ян Кароль Хадкевіч. У бітве ўдзельнічала 5 тысяч шведскіх жаўнераў супраць 3 тысяч беларуска-літоўскіх. Хадкевіч знаходзіўся ў першых радах гусарскага палка на правым флангу беларуска-літоўскага войска. У выніку перамогі пад Кокенгаўзэнам у ліпені 1601 г. быў заняты Вэндэн (Кесь, Цэсіс). У кастрычніку 1601 г. атрады Яна Караля ўдзельнічалі ў праследаванні шведаў і блакадзе шведскіх гарнізонаў у крэпасцях Вольмар (Валміера) і Вэзэнберг (Ракверэ), Фэлін (Вільяндзі) і Белы Камень (Пайдэ). У пачатку кастрычніка 1602 г. кароль Жыгімонт ІІІ даручыў камандаванне ў Інфлянтах Хадкевічу. 16 лістапада яго войска пачало аблогу аднаго з буйнейшых гарадоў Прыбалтыкі – Дорпата (Тарту). 13 красавіка 1603 г. шведскі гарнізон капітуляваў, адышоў на Рэвель (Талін), аддаўшы пераможцам усю артылерыю (звыш 80 гарматаў). Хадкевіч быў прызначаны адміністратарам Інфлянтаў.
Улетку 1605 г. шведскі кароль Карл ІХ з войскам рушыў да Рыгі. 27 верасня пачалася бітва пры Кірхгольме (Саласпілс, Латвія), дзе атрад Хадкевіча разбіў утрая большае войска шведаў. Войска атрымала бліскучую перамогу дзякуючы палкаводчаму генію Яна Хадкевіча, дасканалай вывучцы і дысцыплінаванасці воінаў.
У 1606 г. пачалося антыкаралеўскае паўстанне (рокаш) шляхты пад кіраўніцтвам кракаўскага ваяводы М. Зебжыдоўскага і магната ВКЛ Я. Радзівіла. 6 ліпеня 1607 г. войска на чале з Я. К. Хадкевічам перамагло паўстанцаў.
1 сакавіка 1609 г. Хадкевіч на чале атрада ў 2 тыс. чалавек штурмам захапіў Пярноў (Пярну) і заставіў шведаў адступіць да Рыгі. Пасля перамогі вярнуўся на Радзіму і заняўся ўпарадкаваннем сваіх уладанняў.
У 1617–1618 гг. Ян Хадкевіч узначаліў войска каралевіча Уладзіслава Жыгімонтавіча (фармальна з’яўляўся царом Расіі з 1610 г.), якое рушыла да Масквы і мела мэтай уладкаваць Уладзіслава на маскоўскім троне. Вынікам вайны стала падпісаннне Дэўлінскага перамір’я 1618 г., паводле якога да Рэчы Паспалітай адышлі гарады Смаленск, Дарагабуж, Рослаўль, Невель, Себеж, Старадуб, аднак галоўнай мэты дасягнуць не ўдалося.
У 1621 г. над Еўропай навісла пагроза турэцкай навалы. Я. К. Хадкевіч узначаліў польскае, беларускае і ўкраінскае казацкае войска, сабранае супраць турак і крымскіх татар султана Асмана ІІ. У верасні Ян Хадкевіч пераправіўся цераз Днестр і захапіў крэпасць Хацін (цяпер г. Хацін Чарнавіцкай вобласці, Украіна). Войскі султана безвынікова штурмавалі пазіцыі Хадкевіча і страцілі каля 80 тысяч воінаў. Дзякуючы воінскай стойкасці Рэч Паспалітая атрымала перамогу над Турцыяй і спыніла напады на тэрыторыю Еўропы. Перамога ў бітве пад Хацінам стала апошняй у жыцці вялікага гетмана.
Жыццё Яна Караля – гісторыя загартаванага воіна, таленавітага палкаводца, выдатнага прадстаўніка славутага роду Хадкевічаў. Ян Кароль Хадкевіч дасягнуў найвышэйшых пасад у дзяржаве: з’яўляўся ваяводам віленскім, старастам дорпацкім, вялёнскім, любашанскім, быў прызначаны польным, а затым вялікім гетманам літоўскім, галоўным начальнікам усіх войскаў краіны, уваходзіў у склад Вялікай рады ВКЛ і Сената Рэчы Паспалітай.