Дата рождения:
23.07.1885 Новы Свержань, в., Стаўбцоўскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
07.10.1938
Краткая справка:
грамадска-палітычны дзеяч, вучоны-аграном, педагог, ініцыятар адкрыцця ў Мінску першай вышэйшай тэхнічнай навучальнай установы – Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт) – і яго першы рэктар
Имена на других языках:
Ярошевич Никанор Казимирович (русский);
3543 символа
Справка
Міканор Казіміравіч Ярашэвіч быў адным з тых, хто стаяў ля вытокаў беларускай сельскагаспадарчай навукі. Ён таксама ўнёс значны ўклад у вывучэнне ірыгацыі, садаводства і вінаградарства Узбекістана.
Нарадзіўся вучоны ў сялянскай сям’і ў мястэчку Новы Свержань Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці). У 1906 г. скончыў Глухаўскі настаўніцкі інстытут, некаторы час выкладаў агульнаадукацыйныя прадметы ў народных вучылішчах Украіны. У 1910–1914 гг. вучыўся ў Маскоўскім сельскагаспадарчым інстытуце. Атрымаўшы званне вучонага-агранома, быў накіраваны на працу ў Лебядзінскі павет Харкаўскай губерні, чытаў лекцыі па аграноміі ў розных навучальных установах Расійскай імперыі. У гады Першай сусветнай вайны служыў артылерыйскім прыёмшчыкам снарадаў пры Галоўным артылерыйскім упраўленні. З 1917 г. узначальваў Мінскую губернскую земскую ўправу.
У 1919 г. М. К. Ярашэвіч пачаў выкладаць у Мінскім політэхнічным вучылішчы, стаў загадчыкам яго гаспадаркі. Працаваў таксама ў Мінскім інстытуце народнай адукацыі і Беларускім рабочым тэхнікуме, выконваў абавязкі загадчыка аддзела сельскагаспадарчай адукацыі ў Наркамаце асветы БССР, уваходзіў у склад камісіі па стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля рэарганізацыі ў 1922 г. вучылішча ў вышэйшую навучальную ўстанову – Беларускі дзяржаўны політэхнічны інстытут – быў прызначаны яго рэктарам і дэканам ляснога факультэта. Як кіраўнік інстытута шмат рабіў для умацавання яго матэрыяльна-тэхнічнай базы і падбора кадраў. Дзякуючы яго намаганням установе быў нададзены статус «ударнага», што дазваляла студэнтам не прызывацца ў армію і атрымліваць невялікае ўтрыманне. Для распрацоўкі навуковых праблем і вывучэння Беларусі з прамыслова-эканамічнага, натуральна-гістарычнага і сельскагаспадарчага бакоў стаў ініцыятарам стварэння пры інстытуце Беларускага вольна-эканамічнага таварыства. На яго пасяджэннях, публічных лекцыях і ў друку выступаў з дакладамі і артыкуламі «Почвы Белоруссии», «К вопросу о почвенном изучении Советской Белоруссии», «Мелкий кредит в Минской губернии и его очередные задачи», «К вопросу о самоопределении Белоруссии». Па заданні Цэнтральнага статыстычнага бюро М. К. Ярашэвіч збіраў і сістэматызаваў паказчыкі эканамічнага развіцця Мінскай губерні. У працы «Сельскохозяйственные районы Минской губернии и Белорусской Советской Социалистической Республики» (1923), абапіраючыся на эканамічныя і натуральна-гістарычныя фактары, прадставіў падрабязную сістэму сельскагаспадарчага раяніравання тэрыторыі па галоўных кірунках гаспадарчай дзейнасці – паляводстве і жывёлагадоўлі.
У 1923 г. вучоны быў абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці і адпраўлены ў высылку ў Ташкент. Працаваў у Сярэднеазіяцкім дзяржаўным універсітэце і Інстытуце ірыгацыі і механізацыі сельскай гаспадаркі Узбекскай ССР. Займаўся вывучэннем пытанняў стварэння дэкханскіх гаспадарак, раяніравання вінаградарства ва Узбекістане, распрацаваў падрабязныя рэкамендацыі па правядзенні сацыяльна-эканамічных, тэхніка-арганізацыйных і агранамічных мерапрыемстваў з мэтай рэканструкцыі садова-вінаградарскіх гаспадарак кожнага рэгіёна краіны. Сярод яго публікацый гэтага перыяду – «Организация крестьянского хозяйства Средней Азии» (1926), «Урюковые (абрикосовые) хозяйства» (1927), «Организация крупных садово-виноградных хозяйств» (1928), «Виноградное хозяйство и пути его реконструкции» (1929).
У 1937 г. М. К. Ярашэвіч быў арыштаваны паўторна, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны ў 1938 г. Рэабілітаваны ў 1995 г.