Имена на других языках:
Gasztołd Olbracht (польский); Goštautas Albrechtas (литовский); Гаштольд Ольбрехт (русский);
2267 символов
Справка
Альбрэхт – не толькі самы вядомы прадстаўнік роду, але і найбольш знакаміты палітычны дзеяч першай паловы XVI ст. Альбрэхт быў прызначаны наваградскім намеснікам у час шматлікіх крымскіх набегаў (1503–1506 гг.). Ён біў татараў з гетманам Станіславам Кішкам, а ў 1505 г., калі літоўскія паны пры з’яўленні татарскіх загонаў каля Наваградка спешна ад’ехалі за Нёман, Гаштольд застаўся ў замку і адбіў напад. Ён удзельнічаў у войнах з Масквою – абараняў Смаленск у 1507 г., змагаўся пад Оршаю, летам 1513 г. разбіў маскоўскае войска пад Полацкам.
Пік магутнасці Альбрэхта Гаштольда прыпадае на 1522–1538 гг., калі ён сумяшчаў пасады ваяводы віленскага і канцлера ВКЛ. У 1529 г. Гаштольд прыняў удзел у складанні Першага Літоўскага Статута. Па яго ініцыятыве ў Статут былі ўведзены прававыя нормы, паводле якіх чужынцы, што не з’яўляліся ўраджэнцамі ВКЛ, не мелі права займаць у княстве пасады і набываць там нерухомасць. Альбрэхт Гаштольд быў праціўнікам уніі з Польшчай і спрыяў абвяшчэнню ў 1529 г. Жыгімонта ІІ Аўгуста вялікім князем ВКЛ, што было спробай адасобіць княства ад Кароны. Ул.Пацеха, гістарыёграф Боны, крытычны да “сепаратызму” канцлера Гаштольда, дае яму наступную характарыстыку: “Горды магнат <...> быў шчыра прывязаны да свайго краю і не даў скарыстаць сябе як сродак чужым краінам. Аслеплены ў сваім кансерватызме, не разумеў перамен, якія адбываліся пад уплывам уніі з Польшчай”. Аднак Гаштольд разумеў сэнс зменаў, але ставіўся да іх адмоўна і ўсімі сіламі змагаўся супраць інкарпарацыі – зліцця Літвы з Польшчай.
Альбрэхт з’яўляўся самым багатым землеўласнікам у княстве. Ён валодаў Быхавым і Тайманавам на Дняпры, Бубаснай у Бабруйскай воласці, вялікімі маёнткамі на Кіуўшчыне, Трабскім княствам. Шлюб з адзінай дачкою князя Васіля Вярэйскага (родзіча маскоўскіх князёў, які перабег у Вялікае княства і атрымаў там значныя маёнткі) прынёс Гаштольду Любеч на Дняпры, Валожын, Койданава і Усу на Міншчыне, а таксама былы маёнтак Гедыгольдаў – Радашковічы. У 1529 г. Альбрэхт набыў тытул графа на Мураваных Геранёнах (са зменай герба). Памёр Гаштольд у 1539 г. і быў пахаваны ў Віленскай катэдры. Яго адзіны сын Станіслаў (1507?–1542), ваявода наваградскі і трокскі, памёр бяздзетным і ёся маёмасць Гаштольдаў вярнулася ў 1542 г. да вялікага князя.