Юрый Аляксеевіч Сарычаў нарадзіўся ў Мінску. У 1975 г. закончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. У 1975–1986, 1989–1992 і 1996–1997 гг. працаваў акцёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, у 1987–1989 гг. – рэжысёрам гэтага тэатра. У 1992–1994 гг. быў рэжысёрам-пастаноўшчыкам Брэсцкага абласнога тэатра лялек. З 1995 па 1996 г. займаў пасаду галоўнага рэжысёра Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка» ў Маладзечне.
Адной з першых работ Ю. Сарычава ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек была роля Мядзведзя ў спектаклі «Да трэціх пеўняў» паводле В. Шукшына (1976). Акцёр надзяліў свайго персанажа яркімі, запамінальнымі рысамі. Здабыткам спектакля стаў таксама Ілья Мурамец, сыграны артыстам у гэтай пастаноўцы. Каларытныя вобразы графа Кісельвродзе і Гразнова стварыў Ю. Сарычаў у спектаклі «Ляўша» М. Ляскова (1978). Яны зрабіліся важкім творчым поспехам маладога артыста. Рысамі сур'ёзнага пошуку вызначалася праца акцёра над вобразам Паэта ў спектаклі «Зорка і смерць Хаакіна Мур'еты» П. Неруды (1981). Ён пераканаўча ўвасобіў складаную задачу сцэнічнага існавання свайго героя. Асабліва яскрава акцёрская індывідуальнасць Ю. Сарычава выявілася ў спектаклі «Прыгоды бравага салдата Швейка» Я. Гашака (1981), дзе ён стварыў вобраз галоўнага героя. Акцёр надзяліў яго іскрыстым, аптымістычным народным гумарам, які з'яўляўся неад'емнай рысай светаўспрымання Швейка. Роля была сыграна ўдала, з добрым веданнем законаў жанру і пачуццём гумару вырашаных сцэн.
Сярод найбольш значных роляў Ю. Сарычава: Гефест («Хачу быць богам» А. Вярцінскага), Басой, Артыст, Доктар, Афраній («Майстар і Маргарыта» М. Булгакава), Памерлы чыноўнік, Мастак («Здарэнне ў горадзе Гога» С. Грума), Калібан («Бура» У. Шэкспіра), Вельзевул («Чортаў млын» Я. Дрды), Анёл А. («Боская камедыя» І. Штока) і інш.
Акцёрскае мастацтва Ю. Сарычава вызначалася псіхалагічнай дакладнасцю, яркай характарнасцю, паглыбленнем у жыццёвую сутнасць персанажаў, свежасцю і навізной трактовак ролі. У лепшых сваіх работах ён уражваў выразнасцю інтанацыі, пластыкі і нават бытавых дэталяў. Найбольш поўна майстэрства артыста выявілася ў спектаклях для дарослых.
У Беларускім дзяржаўным тэатры лялек Ю. Сарычаў здзейсніў пастаноўкі спектакляў «Церам-церамок» С. Маршака (1985), «Казка пра Хлапчыша-Кібальчыша» А. Гайдара (1987), «Пра Фядота-стральца, удалога малайца» Л. Філатава (1988), «Васіліса Прыгожая» С. Пракоф'евай і Г. Сапгіра (1990). У Брэсцкім абласным тэатры лялек ён паставіў спектаклі «Доктар Айбаліт» В. Карастылёва (1992), «Янка-ўдалец і нячыстая сіла» І. Сідарука (1993). На сцэне Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка» Ю. Сарычаў ажыццявіў пастаноўкі спектакляў «Незвычайныя спаборніцтвы» Я. Спяранскага (1993), «Меч анёла» І. Сідарука (1994), «Снежная каралева» Х.К. Андэрсэна (1995), «Доктар Айбаліт» В. Карастылёва (1996). Рэжысёрскія работы Ю. Сарычава характарызаваліся яркасцю формы, дакладнасцю сцэнічнага ўвасаблення ідэйна-мастацкага зместу драматургіі, шырынёй пастановачных прыёмаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.