Краткая справка:
заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь
Названия на других языках:
The State Puppet Theatre (английский); Белорусский государственный театр кукол (русский);
Предыдущие названия:
Государственный театр кукол БССР; Дзяржаўны лялечны тэатр Беларусі; Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі
3496 символов
Справка
Адзін з найстаражытнейшых відаў тэатральнага мастацтва з годнасцю прадстаўляе ў рэспубліцы і за яе межамі Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, спектаклі якога з аднолькавым захапленнем наведваюць як зусім маленькія гледачы, так і дарослыя.
Свой творчы шлях тэатр пачаў у Гомелі, дзе 15 ліпеня 1938 г. адбылося адкрыццё рэспубліканскага лялечнага тэатра. Спачатку акцёрская трупа налічвала пяць чалавек. Першай пастаноўкай маладога тэатра стала п’еса-казка Л. Тарахоўскай “Па шчупаковай волі”, пастаўленая па эскізах спектакля тэатра С. Абразцова.
Плённы перыяд у творчасці калектыву быў звязаны з імёнамі мастацкага кіраўніка тэатра М. Бабушкіна і галоўнага мастака Б. Звінагродскага. У 1939 г. на сцэне тэатра пастаўлены першы беларускі спектакль “Чароўныя падарункі” (вядомы пад назвай “Дзед і Жораў”) па казцы старэйшага беларускага пісьменніка В. Вольскага. Сярод ранніх работ тэатра вылучаліся таксама пастаноўкі “Кот у ботах” Г. Уладычынай, “Падарожжа ў дзіўныя краіны” У. Палякова, “Каштанка” паводле А. Чэхава. У гады Вялікай Айчыннай вайны тэатр працягваў сваю творчую дзейнасць у эвакуацыі, а ў 1944 г. вярнуўся ў Гомель, дзе працаваў да 1949 г. У 1950 г. тэатр быў нанава створаны ў Мінску. З гэтага часу і па 1999 г. яго назва – Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. У 1956 г. калектыў тэатра ўзначаліў вядомы беларускі рэжысёр Анатоль Ляляўскі. З прыходам яго, а таксама галоўнага мастака Л. Быкава (у 1957 г.) пачаўся шлях калектыву да поспеху, да мастацтва, якое не ведае жанравых і тэматычных абмежаванняў. У рэпертуары тэатра значнае месца занялі творы нацыянальнай драматургіі, з’явіліся казкі розных народаў, вяліся пошукі новых тэатральных сродкаў. У другой палове сямідзесятых гадоў на сцэнічных падмостках разам з лялькамі пачалі дзейнічаць акцёры. Тэатральны рэпертуар пашырыўся за кошт твораў для дарослых (“Цудоўная Галатэя” С. Дарваша і Б. Гадара, “Клоп” У. Маякоўскага, “Боская камедыя” І. Штока і інш.).
У 1986 г. пераемнікам Анатоля Ляляўскага стаў яго сын Аляксей Ляляўскі. Ён узняў тэатр на новы ўзровень, уключыў яго ў прастору сучаснага сусветнага лялечнага мастацтва. Спектаклі, пастаўленыя калектывам пад кіраўніцтвам Аляксея Ляляўскага, вылучае пастаянны пошук новых сродкаў выразнасці, выкарыстанне ўсіх відаў тэатральнага мастацтва: драматычнага, балетнага, опернага, пантамімы. Асабліва ярка гэта праяўляецца ў пастаноўках класічных літаратурных твораў: “Адвечная песня” паводле Я. Купалы, “Бура” У. Шэкспіра, “Ганэле” Г. Гаўптмана, “Гісторыя Снежнай каралевы, расказаная ёю самой” паводле казкі Х.-К. Андэрсена, “Гісторыя аднаго горада…” паводле М. Салтыкова-Шчадрына, “З Парыжам скончана!..” паводле п’есы А. Чэхава “Вішнёвы сад”, “Чайка. Вопыт прачытання” па А. Чэхаву, “Майстар і Маргарыта” паводле М. Булгакава, “Прыгоды Бураціна ў краіне Дурняў” паводле А. Талстога, “Сымон-музыка” Я. Коласа, “Сіняя птушка” паводле М. Метэрлінка і інш.
На сцэне тэатра і сёння ідуць традыцыйныя для яго спектаклі “Дзед і Жораў” (В. Вольскі), “Кот у ботах” (Ш. Перо), “Пух-мядзведзь” (А. Мілн), “Папялюшка” (Т. Габэ), “Чырвоная Шапачка” (Я. Шварц), “Вясёлы цырк” (Анатоль Ляляўскі).
Тэатр актыўна гастралюе па краіне і за яе межамі. Яго пастаноўкам апладзіравалі гледачы Бельгіі, Балгарыі, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіны, Францыі, Харватыі. Калектыў неаднаразова атрымліваў прызы і медалі міжнародных фестываляў. Тэатр з’яўляецца заснавальнікам і арганізатарам Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек у Мінску.