З імем А. Фаміной звязана цэлая эпоха сучаснага лялечнага тэатра. Нарадзілася яна ў в. Шастакова Смаленскай вобласці (Расія). Атрымала выдатную прафесійную адукацыю: у 1962 г. скончыла Мінскае мастацкае вучылішча, а ў 1968 г. – Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працавала ў Дзяржаўным тэатры лялек Беларусі з 1962 г. мастаком-пастаноўшчыкам, а з 1975 па 1998 г. – галоўным мастаком. Вяла таксама курс «мастак тэатра лялек» у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Творчая практыка А. Фаміной адметная жанравай і стылістычнай разнастайнасцю, пошукам новых візуальна-мастацкіх сродкаў сцэнічнага ўвасаблення. Асаблівае месца ў яе дзейнасці займае афармленне пастановак па творах беларускіх аўтараў: «Дзед і Жораў» В. Вольскага (1973), «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (1974) і «Скажы сваё імя, салдат» (1975) А. Вярцінскага, «Сымон-музыка» Я. Коласа (1982, 1990), «Цар Ірад» Г. Барышава (1993) у Дзяржаўным тэатры лялек; «Рыгорка – зорка з нябёсаў» А. Вярцінскага (1989) у Люблянскім тэатры лялек (Славенія).
У сцэнаграфіі А. Фаміной ішлі і ідуць любімыя цэлымі пакаленнямі дзіцячыя і дарослыя лялечныя спектаклі: «Зорны хлопчык» Ан. Ляляўскага паводле О. Уайльда (1978), «Салавей» Х.К. Андэрсэна (1980), «Чароўная лямпа Аладзіна» Н. Гернэт (1983), «Чырвоная Шапачка» Я. Шварца (1986), «Папялушка» Ж. Маснэ (1991), «Гісторыя Снежнай Каралевы, расказаная ёю самой» Ал. Ляляўскага паводле Х.К. Андэрсэна (1996), «Ганэле» Г. Гаўптмана (1998). Сярод дарослых спектакляў: «Боская камедыя» І. Штока (1971), «Прыгоды бравага салдата Швейка» Я. Гашака (1981), «Жаваранак» Ж. Ануя (1984), «Прыгоды шэвалье Д'Артаньяна» А. Дзюма (1985), «Майстар і Маргарыта» паводле М. Булгакава (1987), «Бура» У. Шэкспіра (1990) і шэраг іншых яркіх работ на сцэне Дзяржаўнага тэатра лялек.
У Магілёўскім абласным тэатры лялек А. Фаміна ажыццявіла мастацкае афармленне спектакляў «Віні-Пух і ўсе, усе, усе...» А. Мілна (1982), «Трыстан і Ізольда» паводле сярэдневяковай легенды (1983). У тэатры «Бай Паморскі» (Торунь, Польшча) зрабіла сцэнаграфічнае вырашэнне спектакля «Звычайны цуд» Я. Шварца (1995). Для А. Фаміной характэрна глыбокае пранікненне ў драматургічную аснову спектакля і паслядоўнае ўвасабленне яго жанру ў дэкарацыйным афармленні і лялечных вобразах.
Вынаходлівым па сваім сцэнаграфічным афармленні стаў спектакль «Дзед і Жораў» В. Вольскага. Мастак стварыла цікавае, казачна-прыцягальнае відовішча, напоўненае народным гумарам і глыбокім сучасным сэнсам. Яркай і шматфарбнай атрымалася ў А. Фаміной сцэнаграфія «Салаўя» Х.К. Андэрсэна. У казцы-прытчы выводзяцца ісціны ўсходняй філасофіі, твор таямніча населены вобразамі і традыцыямі старажытнай культуры. Гэта было галоўным для мастака пры стварэнні сцэнаграфіі спектакля і яго лялек. Запаўняючы прастору лялечнай сцэны экзатычнымі, крохкімі, дзіўнымі персанажамі, мастак стварала незвычайны і чарадзейны свет. Спектакль «Бура» У. Шэкспіра ў пастаноўцы Ал. Ляляўскага і сцэнаграфіі А. Фаміной быў нечаканым для гледача. На лялечнай сцэне ён быў сапраўды казачным па сваім мастацкім афармленні і надзвычай філасофскім па рэжысёрскай задуме. Спектакль апавядаў аб вечным процістаянні дабра і зла, любові і нянавісці, святла і цемры.
Адной з найбольш значных работ А. Фаміной з'яўляецца сцэнаграфія спектакля «Гісторыя Снежнай Каралевы, расказаная ёю самой» Ал. Ляляўскага паводле Х.К. Андэрсэна. Пастаноўка зусім не падобна на вядомую казку для дзяцей са шчаслівым канцом. Рэжысёр свядома стварае і прапаноўвае гледачу незвычайную і сумную гісторыю, у якой заключаны глыбокі роздум і філасофскі сэнс. Пастаноўка сучасная і прыцягальная па сцэнаграфіі. Па сваіх выяўленчых сродках яна можа быць аднесена як да лялечнага, так і да драматычнага тэатра. У прастору існавання персанажаў А. Фаміна як бы не ўмешваецца, толькі акрэслівае яе пры дапамозе святла, пры гэтым на самой справе стварае дасканалы і бездакорны сцэнаграфічны вобраз, які з'яўляецца і месцам дзеяння, і шэрагам цэлага сусвету.
Адметнай работай у творчасці А. Фаміной стаў спектакль «Майстар і Маргарыта» паводле М. Булгакава ў пастаноўцы Ал. Ляляўскага. Гэта работа вельмі яркая, сучасная і па сваіх мастацкіх якасцях можа спрачацца з вядомымі пастаноўкамі на драматычнай сцэне. Спектакль прагучаў надзвычай сучасна і стаў сапраўднай тэатральнай з'явай канца 1980-х гг. Ён вельмі ярка дэманстраваў магчымасці лялечнага тэатра, а па сродках выразнасці пераўзыходзіў драматычны. Спектакль даў магчымасць гледачу перажыць сапраўдныя эмацыянальныя ўзрушэнні, дзеля якіх і існуе жывое і трапяткое мастацтва тэатра.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.