Дата начала: пад 1287 Кобрынскі раён, Брэсцкая вобласць
Краткая справка: горад, цэнтр Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці
Названия на других языках: Кобрин (русский);
Кобрын – адзін з найбольш старажытных гарадоў Беларусі. Паходжанне яго назвы дакладна не вызначана. Адны даследчыкі звязваюць назву горада з кельцкім імем Кобрунус, іншыя – са старажытнаславянскім імем Кобр. У.І. Даль уключыў у свой слоўнік словы, сугучныя Кобрыну: “кобрить” – хоронить, прятать, копить утайкою; “кобриться” – жить нелюдимом, домоседом*. З кожным з гэтых тлумачэнняў, напэўна, можна звязаць назву горада.
Паводле падання, горад заснаваны ў ХІ–ХІІ стст. нашчадкамі кіеўскага князя Ізяслава на месцы рыбацкага пасёлка, які існаваў на востраве паміж рэкамі Кобрынка і Мухавец. У той час кобрынскія землі ўваходзілі ў склад старажытнарускай дзяржавы са сталіцай у Кіеве, пазней належалі Уладзіміра-Валынскаму княству. Першая пісьмовая згадка пра Кобрынь прыводзіцца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1287 г. З гэтай даты і вядзе сваё летазлічэнне старажытны горад. У ХІІІ ст. Кобрын з’яўляўся ўласнасцю Уладзіміра Васількавіча, які сядзеў князем ва Уладзіміры-Валынскім. У першай палове XIV ст. увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. З 1404 па 1519 г. з'яўляўся цэнтрам Кобрынскага княства – самастойнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай і судовай акругі ВКЛ. На працягу стагоддзя (1532–1635) горадам паслядоўна кіравалі польскія каралевы: Бона Сфорца, Ганна Ягелонка і Канстанцыя Аўстрыйская. Каралева Бона Сфорца неаднаразова наведвала Кобрын, заахвочвала развіццё гандлю, рамесніцтва, земляробства. У 1589 г. жыхары Кобрына атрымалі ад Ганны Ягелонкі магдэбургскае права, герб – шчыт з выявамі Святой Ганны і Маці Божай з дзіцём – і гарадскую пячатку. У канцы XVІ ст. Кобрын быў дастаткова вялікім горадам: тут мелася 550 сядзіб, фальварак, касцёл, праваслаўныя цэрквы, драўляныя Верхні (Высокі) і Ніжні (Прыгародак) замкі. Войны і эпідэміі прывялі да эканамічнага заняпаду горада. Загадам караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1766 г. магдэбургскае права было скасавана, а горад пераўтвораны ў земляробчае сельскае пасяленне – цэнтр эканамічнай адзінкі “Кобрынскі ключ”.
У канцы XVIII ст. на Кобрыншчыне адбываліся ваенныя падзеі, звязаныя з паўстаннем Тадэвуша Касцюшкі: у верасні 1794 г. у ваколіцах горада царскія войскі пад камандаваннем А.В. Суворава разграмілі войска генерал-маёра паўстанцаў Караля Серакоўскага. Падаўленне паўстання прывяло да Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай і ўваходу Кобрынскіх зямель у склад Расійскай Імперыі. У гонар перамогі над паўстанцамі сядзіба “Кобрынскі ключ” у 1795 г. была падаравана Кацярынай Вялікай генерал-фельдмаршалу А.В. Сувораву. Цяпер у доме Суворава размешчаны музей палкаводца, яго імя носіць Кобрынскі ваенна-гістарычны музей, адна з вуліц горада і цудоўны парк культуры і адпачынку.
У ліпені 1812 г. адбыўся знакаміты “Кобрынскі бой” паміж рускімі дывізіямі генерала А.П. Тармасава і атрадам саксонскага корпуса генерала Ж.-Л. Рэнье. Была атрымана першая значная перамога рускіх войск, якую адсвяткавалі артылерыйскім салютам. У сярэдзіне ХІХ ст. на месцы пахавання воінаў быў пабудаваны Свята-Аляксандра-Неўскі сабор, у 1912 г. пастаўлены мемарыяльны помнік у гонар перамогі рускіх войск.
У 1830-я гг. пачаўся паступовы эканамічны ўздым Кобрына: адноўлены Каралеўскі (цяпер Дняпроўска-Бугскі) канал, з’явілася паштовая экспедыцыя, у Спаскім манастыры адкрылася духоўнае вучылішча. У 1845 г. праз горад прайшла шаша Масква – Варшава, у 1882 г. – Палеская чыгунка. У канцы ХІХ ст. у Кобрыне налічвалася больш за 10 тыс. жыхароў, дзейнічала каля 30 прадпрыемстваў.
ХХ ст. было насычана падзеямі: у 1915 г. Кобрын акупіравалі германскія, а ў 1919 г. – польскія войскі. 30 ліпеня 1920 г. ён быў вызвалены Чырвонай Арміяй, але паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. адышоў да Польшчы. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР увайшоў у склад Брэсцкай вобласці, 15 студзеня 1940 г. стаў раённым цэнтрам.
У час Вялікай Айчыннай вайны Кобрын быў разбураны (знішчана трэцяя частка гарадскіх збудаванняў), загінула большасць насельніцтва. 20 ліпеня 1944 г. войскі Першага Беларускага фронту вызвалілі горад. Пра суровыя гады ваенных ліхалеццяў сёння сведчаць шматлікія помнікі і абеліскі, пастаўленыя ў Кобрыне ў гонар загінуўшых. У 1950-я гг. пачалася рэканструкцыя цэнтра горада, у 1963 г. ён стаў горадам абласнога падпарадкавання. У 2002 г. горад і раён аб’ядналіся ў адну тэрытарыяльна-адміністрацыйную адзінку.
Сучасны Кобрын – буйны транспартны вузел: праз горад праходзіць чыгунка Брэст – Пінск – Гомель – Масква, аўтадарога Варшава – Масква, побач з горадам пракладзены аўтамагістралі Брэст – Масква і Брэст – Гомель, аўтадарогі на Пружаны, Маларыту, Ковель. Кобрын – буйны прамысловы цэнтр. Прадукцыя завода гідраўлічнага машынабудавання (ААТ “Гідрамаш”), яркія цацкі сумеснага прадпрыемства “ВП Палессе”, сыры, смятана і ёгурты Кобрынскага масларобча-сыраробчага завода, мясныя дэлікатэсы мясакамбіната карыстаюцца попытам у спажыўцоў блізкага і далёкага замежжа.
Кобрын – прыгожы і ўтульны горад, у якім пражывае больш за 51 тыс. жыхароў. Шматлікія культурныя і эканамічныя кантакты, партнёрскія і пабрацімскія сувязі звязваюць яго з гарадамі Расійскай Федэрацыі, Украіны, Малдовы, Польшчы, Балгарыі, Германіі. У верасні 2009 г. у Кобрыне адбыўся рэспубліканскі фестываль-кiрмаш “Дажынкі – 2009”, пасля якога горад змяніў свой воблік. Быў пабудаваны фізкультурна-аздараўленчы комплекс з аквапаркам, лядовая арэна, любімым месцам адпачынку гараджан сталі цудоўная набярэжная Мухаўца і пешаходная вуліца Суворава.
Кобрын – горад з цікавай гісторыяй: у розныя часы з ім так ці інакш былі звязаны многія знакамітыя людзі. У канцы XVIIІ ст. над добраўпарадкаваннем Кобрынскай эканоміі працаваў падскарбі ВКЛ Антоній Тызенгаўз; у 1813 г. у горадзе быў расквартыраваны Іркуцкі гусарскі полк, дзе служыў карнет Аляксандр Грыбаедаў; у час паўстання 1863–1864 гг. у ваколіцах Кобрына дзейнічаў атрад пад кіраўніцтвам Рамуальда Траўгута; у Кобрыне знаходзіцца пахаванне Аляксандра Міцкевіча, брата знакамітага паэта, і радавы склеп Касцюшак. Кобрын ганарыцца сваімі землякамі: Уладзімірам Мікалаевічам Кірмановічам (Герой Савецкага Саюза), Аляксеем Міхайлавічам Мартынавым (першы дырэктар гарадской бібліятэкі і Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава), Міхаілам Іванавічам Дземчуком (член-карэспандэнт НАН Беларусі), Аляксеем Генадзьевічам Аляксандравым (віцэ-чэмпіён Еўропы па шахматах), Праскоўяй Сямёнаўнай Сідарук (удзельніца патрыятычнага падполля ў Заходняй Беларусі і партызанскага руху ў гады вайны).
Гісторыка-архітэктурная спадчына Кобрына прадстаўлена корпусам былога Спаскага манастыра, каналам Боны Сфорцы, драўлянай Нікольскай царквой, каталіцкім касцёлам, праваслаўным саборам Аляксандра Неўскага, домам-музеем А.В. Суворава, гандлёвымі радамі і каскадам жылых дамоў на плошчы Свабоды і вуліцы Леніна, мемарыяльным помнікам у гонар перамогі 1812 года.
У 2012 г. памаладзелы Кобрын адзначыць чарговы юбілей – 725-годдзе з часу першага ўпамінання ў Іпацьеўскім летапісе.
* Даль, В. И. Большой иллюстрированный толковый словарь русского языка : современное написание / В. И. Даль. – Москва : АСТ [и др.], 2005. – С. 95.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.