Краткая справка:
батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варианты названия:
Кобринский культурно-развлекательный парк имени А. В. Суворова; Кобрынскі культурна-забаўляльны парк імя А. В. Суворава; Парк имени Суворова в Кобрине ; Парк імя А. В. Суворава; Парк культуры і адпачынку імя А. В. Суворава
Названия на других языках:
Кобринский парк имени А. В. Суворова (русский);
Предыдущие названия:
Парк в имении Кобринский Ключ; Парк у маёнтку Кобрынскі Ключ
2477 символов
Справка
Сапраўдным упрыгожаннем горада і адным са старажытнейшых паркаў Беларусі з’яўляецца Парк імя А. В. Суворава ў г. Кобрын (Брэсцкая вобласць).
Закладзены ён у 1768 г. па распараджэнні падскарбія Вялікага Княства Літоўскага Антонія Тызенгаўза на паўднёвай ускраіне горада ў маёнтку “Кобрынскі ключ”. Першапачаткова парк займаў плошчу каля 4 га, быў акружаны земляным валам і глыбокім ровам. У яго цэнтры знаходзіўся пладовы сад і невялікая сажалка. Парк меў сіметрычна-восевую пабудову, характэрную для рэгулярных паркаў Беларусі XVIII ст. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай расійская імператрыца Кацярына ІІ падаравала “Кобрынскі ключ” военачальніку А. В. Сувораву (1795). У далейшым у маёнтка было шмат іншых уладальнікаў, сярод якіх таксама сваякі паэта А. Міцкевіча. Нягледзячы на частую змену гаспадароў, планіроўка парку захавалася без кардынальных перамен. У 1939 г. ён быў нацыяналізаваны, у гады ІІ Сусветнай вайны большая яго частка разбурана. Аднаўленне парку адбылося ў пасляваенныя гады. У 1948 г. ён набыў статус парку культуры і адпачынку імя А. В. Суворава, у 1963 г. – помніка прыроды і садова-паркавага мастацтва.
У цяперашні час плошча парку складае 66 га. Ён займае роўную тэрыторыю, выцягнутую ў выглядзе прамавугольніка. Захавалася гістарычнае ядро – галоўная алея (працяг пешаходнай вуліцы Суворава), завершаная невялікай сажалкай, дзе калісьці стаяў дом расійскага военачальніка. На гэтым месцы у 1950 г. устаноўлены бюст А. В. Суворава (скульптар І. М. Рукавішнікаў). Вакол гістарычнай часткі сфарміраваны новы парк з элементамі рэгулярнай і пейзажнай планіроўкі. У аснову яго кампазіцыі пакладзены вялікі вадаём у заходняй частцы, злучаны са старым каналам. У парку растуць каля 70 відаў розных парод дрэў і дэкаратыўных насаджэнняў: дуб, ліпа, ясень, клён, акацыя, хвоя, пірамідальная таполя, блакітная елка, кіпарысавік гарохаплодны, спірэя Біліардзі, дзявочы вінаград пяцілісточкавы, бэз, ружы і інш. У парку жыве вялікая колькасць лясных птушак, качкі, лебедзі, вавёркі. Для паўлінаў і фазанаў былі абсталяваны вальеры. Любімым месцам адпачынку гараджан з’яўляецца пляцоўка ля фантана са скульптурнай кампазіцыяй “Купалле”. У парку маецца амфітэатр, на сцэне якога праводзяцца канцэрты, пракладзена лыжаролерная траса, працуюць атракцыёны для дзяцей і дарослых.
Парк аб’яўлены батанічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.