Дата начала: 1135 Мсціслаўскі раён, Магілёўская вобласць
Краткая справка: цэнтр раёна Магілёўскай вобласці
Названия на других языках: Мстиславль (русский);
На ўсходзе Беларусі, амаль на самай мяжы са Смаленскай вобласцю, на правым беразе ракі Віхра маляўніча раскінуўся адзін са старажытнейшых беларускіх гарадоў з прыгожай назвай – Мсціслаў. Сваім размяшчэннем горад сведчыць аб тым уменні і гусце, з якім у даўніну выбіралі месцы для пабудовы паселішчаў. Узгоркі нагадваюць крымскія горы, паміж якімі выглядваюць званіцы храмаў, падобныя на вежы замкаў, а з вяршынь да падножжаў вядуць серпанціны дарог. Нездарма вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч, моцна ўражаны мноствам зеляніны, у якой патанае горад улетку, называў яго ізумрудным.
Археалагічныя даследаванні сведчаць, што на тэрыторыі сучаснага Мсціслава людзі жылі яшчэ ў эпоху бронзавага веку. Пасяленне ўзнікла на паўночнай мяжы племянной тэрыторыі радзімічаў і крывічоў, якая толькі ў XII ст. увайшла ў склад Смаленскага княства. Час узнікнення Мсціслава, як і большасці старажытных гарадоў, з дакладнасцю невядомы.
Гісторыя горада непарыўна звязана з яго былымі ўласнікамі і кіраўнікамі. Першыя звесткі пра пасяленне Мсціслаў сустракаюцца ў грамаце смаленскага князя Расціслава Мсціславіча, заснавальніка горада, у 1135 г., калі горад быў названы ў ліку гарадоў Смаленскага княства абавязаных плаціць даніну. Князь Расціслаў даў яму назву ў гонар свайго бацькі Мсціслава Уладзіміравіча (Мсціслава Вялікага), сына Уладзіміра Манамаха. З 1180 г. горад быў перададзены ва ўладанне Мсціславу Раманавічу, унуку Расціслава і з гэтага часу стаў сталіцай удзельнага Мсціслаўскага княства. Пісьмовых крыніц па гісторыі горада ў гэты перыяд не збераглося, аднак вядома, што да сярэдзіны XIV ст. горад і княства ўваходзілі ў склад Смаленскага княства і разам з ім дзялілі яго гістарычны лёс: удзельнічалі ў княскіх міжусобіцах, ваявалі з суседзямі і іншаземцамі.
У XIII ст. на прылягаючых землях узнікла новае дзяржаўнае ўтварэнне – Вялікае Княства Літоўскае, якое паступова падпарадкоўвала сабе памежныя землі. Не пазбег гэтай долі і Мсціслаў. У 1359 г. Вялікі Князь Літоўскі Альгерд захапіў горад і прызначыў там свайго намесніка. Пазней намеснікам стаў сын Альгерда Лугвен (у праваслаўі – Сямён), які княжыў тут да 1431 г. і зрабіўся родапачынальнікам князёў Мсціслаўскіх (Лугвенавічаў).
У 1528 г. Мсціслаў адышоў да Жыгімонта ІІ Аўгуста, стаў каралеўскай воласцю і цэнтрам стараства. У гэты перыяд Мсціслаў даволі інтэнсіўна развіваўся эканамічна і тэрытарыяльна, а ў 1569 г. з’яўляўся сталіцай ваяводства. У сярэдзіне XVI ст. у ім пры царкве св. Міколы было заснавана праваслаўнае брацтва, адно з першых на Беларусі, якое займалася шырокай асветніцкай дзейнасцю і мела друкарню. У 1616 г. быў пабудаваны касцёл і заснаваны езуіцкі калегіум.
У 1634 г. Вялікім Князем Літоўскім і Каралём Польскім Уладзіславам IV Вазай гораду падаравана магдэбургскае права і герб «Малая пагоня» з выявай на блакітным полі шчыта і ўкрытай бранёй рукі з мячом. Гэта падзея сведчыла аб тым, што Мсціслаў у той час з’яўляўся вялікім гандлёва-рамесным цэнтрам, а таксама асяродкам культурнага жыцця. На гарадской плошчы былі ўзведзены ратуша і гандлёвыя рады.
Будучы памежным горадам Вялікага Княства Літоўскага, Мсціслаў на працягу XVI–XVIІІ стст. часта аказваўся ў цэнтры ваенных дзеянняў. Не толькі горад, але і яго наваколлі не аднойчы ляжалі ў руінах і попелу, што прыводзіла да паступовага заняпаду рамёстваў і гандлю і памяншэнню колькасці насельніцтва.
У 1772 г., пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, Мсціслаў адышоў да Расійскай Імперыі, стаў цэнтрам Мсціслаўскага павета і ў 1781 г. атрымаў расійскі герб – бягучая чырвоная лісіца ў срэбраным полі, якая часта сустракалася ў тыя часы ў наваколлі Мсціслава. У горадзе былі адкрыты двухкласнае народнае і дваранскае вучылішчы, дзейнічала некалькі школ пры манастырах, цэрквах і кляштарах.
На працягу ХІХ ст. Мсціслаў перажываў паступовы заняпад, апынуўшыся ў глыбіні тэрыторыі Расіі і страціўшы стратэгічнае значэнне горада-крэпасці. Айчынная вайна 1812 г. і часовая акупацыя французамі нанесла цяжкія страты гаспадарцы і эканоміцы горада. Упала рамесная вытворчасць, скараціліся гандлёвыя сувязі, паменела каменных будынкаў, сярод гараджан стала менш пісьмовых людзей.
З цягам часу горад адрадзіўся і ў канцы 1850-х гг. значыўся ўжо як “лепшы з павятовых гарадоў Магілёўскай губерні”. Аднак затым вялікія пажары другой паловы ХІХ ст., а таксама адсутнасць чыгункі, што будавалася ў Расійскай Імперыі ў гэты перыяд, не дазвалялі яму ў поўнай меры аднавіць сваё былое палажэнне.
Павольнае ўзрастанне колькасці насельніцтва ў Мсціславе пачалося толькі ў канцы ХІХ – пач. ХХ ст. і было звязана з адкрыццём у 1906–1907 гг. мужчынскай і жаночай гімназій. У 1899–1900 гг. у горадзе выходзіла першая мсціслаўская газета “Беларускі камісіянер”, якая распавядала пра павятовае жыццё, гісторыю мясцовасці, праблемы сельскай гаспадаркі і іншыя пытанні.
Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Мсціславе жыло каля 11 тыс. жыхароў, буйной прамысловасці не існавала, пераважаў дробны прыватны гандаль. Улады горада распрацавалі план пабудовы чыгункі паміж Мсціславам і Рославам, аднак пачалася вайна і горад быў пераведзены на ваеннае становішча.
У далейшы міжваенны перыяд Мсціслаў адбудоўваўся і аднаўляўся на савецкі лад – яго не абмінулі культурная рэвалюцыя, суцэльная калектывізацыя, індустрыялізацыя і неабгрунтаваныя рэпрэсіі. У пачатку 1941 г. у горадзе дзейнічала 18 прадпрыемстваў і арцелей, педагагічны і фінансавы тэхнікум. З ліпеня 1941 г. па верасень 1943 г. Мсціслаў быў акупіраваны фашысцкімі войскамі. Здзекі, катаванні, допыты, растрэлы – усё выпала на долю жыхароў горада. Аднак людзі змагаліся і перамаглі, а потым паступова аднавілі свой горад.
У сучасным Мсціславе пражывае больш за 11 тыс. чалавек. Тут размешчаны прадпрыемствы харчовай, паліграфічнай і лёгкай прамысловасці, прадпрыемствы па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Дзейнічаюць будаўнічы каледж, ліцэй, 2 сярэднія і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў, гісторыка-археалагічны музей, 2 бібліятэкі. Мсціслаў, як і ўсе гарады ў ходзе свайго гістарычнага развіцця, перажываў узлёты і заняпады. Ён прайшоў доўгі шлях ад умацаванага пасялення і шматнаселенага цэнтра старажытнага ваяводства да невялічкага сучаснага раённага цэнтра.
Мсціслаў выдатны сваёй сівой даўніной, дзякуючы ёй мае свой асаблівы твар і ўсе перадумовы, каб ператварыцца з цягам часу ў буйны турыстычны цэнтр. У цэнтральнай частцы Мсціслава знаходзіцца 19 помнікаў архітэктуры – зберагліся старажытныя цагляныя тратуары, жылыя і гандлёвыя каменныя будынкі канца ХІХ ст. пад уласнымі назвамі “Парыж” і “Лондан”, царква Аляксандра Неўскага (1870), слабадская царква (сярэдзіна ХІХ ст.), езуіцкі (1730) і кармяліцкі (1617) касцёлы і інш. За 10 хвілін язды ад горада размешчаны старажытны Пустынкаўскі манастыр (каля 1380) з цудатворнай крыніцай, у якой па легендзе памыўся аслеплы мсціслаўскі князь Лугвен Альгердавіч і стаў відушчым. Захаваліся помнікі археалогіі – гарадзішчы Дзявочая і Замкавая горы.
Беларускі кампазітар і дырыжор Міхаіл Фінберг рэгулярна праводзіць тут канцэрты камернай музыкі, а гарадскія ўлады арганізуюць рыцарскія фестывалі сярэднявечнай культуры.
Старажытны Мсціслаў з выдатнымі помнікамі даўніны і маляўнічымі краявідамі зноў стаіць на парозе свайго ўздыму і росквіту.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.