Дата начала:
жнівень 1914 Краснасельскі, г. п., Ваўкавыскі раён, Гродзенская вобласць
Краткая справка:
адкрытае акцыянернае таварыства па выпуску будаўнічых матэрыялаў у складзе холдынга "Беларуская цэментная кампанія", лаўрэат Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2002, 2013)
Названия на других языках:
"Красносельскстройматериалы" (русский);
Предыдущие названия:
"Ваўкавыскцэментнашыфер"; "Краснасельскцэмент"; "Падрось"; "Усход-цэмент "Рось"; Ваўкавыскі цэментны завод "Перамога"; Краснасельскі цэментны завод
4263 символа
Справка
ААТ “Краснасельскбудматэрыялы” з'яўляецца сёння адным з буйнейшых вытворцаў будаўнічых матэрыялаў у Рэспубліцы Беларусь.
Гісторыя прадпрыемства пачалася ў жніўні 1914 г., калі акцыянерным таварыствам “Валынь” на поўдні ад в. Краснае Сяло (цяпер г. п. Краснасельскі ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці) быў пабудаваны цэментны завод “Рось”. Галоўная мэта стварэння – забяспечыць будаўнічым матэрыялам узвядзенне Гродзенскай крэпасці і іншых фартыфікацыйных збудаванняў на захадзе Расійскай імперыі. На ім дзейнічала дзве тэхналагічныя лініі магутнасцю да 38 тыс. т цэменту штогод, меўся турбагенератар. Сыравіну з кар’ера дастаўлялі на вытворчасць па вузкакалейцы і паветрана-ліннай дарозе, а вырабленую прадукцыю адпраўлялі спажыўцам у драўляных бочках. Працавала тут у той час 250 рабочых.
У гады Першай сусветнай вайны завод аказаўся на акупіраванай немцамі тэрыторыі і працягваў дзейнічаць на карысць захопнікаў. У пасляваенны час прадпрыемства стала называцца “Падрось” і знаходзілася пад кіраваннем акцыянернага таварыства фабрыкі партландцэменту “Высока” (Варшава). Было праведзена неабходнае абнаўленне вытворчых магутнасцей: пачаў дзейнічаць паравы экскаватар для здабычы мелу і цэментны млын магутнасцю 720 т за суткі, механізавана напаўненне бочак і мяшкоў гатовай прадукцыяй, рэканструявана бандарная майстэрня, пашыраны складскія памяшканні. Краснасельскі цэмент у той час лічыўся якасным і карыстаўся попытам у розных рэгіёнах Польшчы.
У гады Вялікай Айчыннай вайны завод працягваў працу, аднак на момант вызвалення многае з абсталявання было выведзена са строю ці вывезена акупантамі. Новы этап у дзейнасці прадпрыемства пачаўся ў 1944 г. Вялося капітальнае будаўніцтва і мадэрнізацыя вытворчасці, для перавозкі сыравіны сталі выкарыстоўваць аўтамабільны транспарт, у мэтах падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў адкрылі школу фабрычна-завадскога навучання (рамеснае вычылішча). У 1945 г. завод атрымаў назву “Перамога”. У 1958 г. пачалася буйная мадэрнізацыі вытворчасці: былі пабудаваны печы, якія круцяцца, цэх памолу цэменту, драбільнае аддзяленне, клінкерны склад. Усё гэта дазволіла выпускаць больш за 600 тыс. т цэменту штогод. З мэтай паляпшэння экалагічнай абстаноўкі ў рэгіёне былі ўзведзены таксама пылаўлоўныя ўстаноўкі і ўсталяваны электрафільтры на печах. Вытворчасць працягвала пашырацца: запушчаны лініі азбестацэментных і трубных вырабаў, вапнавы завод. У 1973 г. прадпрыемства пераўтворана ў вытворчае аб'яднанне “Ваўкавыскцэментнашыфер”, у 1983 г. за высокія паказчыкі працы калектыў узнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1996 г. вытворчае аб’яднанне рэарганізавана ў ААТ “Краснасельскцэмент”, у 2001 г. – шляхам зліцця з Гродзенскім абласным міжкалгасным прадпрыемствам па вытворчасці цэменту было створана адкрытае акцыянернае таварыства “Краснасельскбудматэрыялы”.
У цяперашні час ААТ "Краснасельскбудматэрыялы" – сучаснае шматпрофільнае прадпрыемства, якое ўваходзіць у холдынг “Беларуская цэментная кампанія”. Яно складаецца з 6 філіялаў: “Цэментны завод”, “Вапнавы завод”, “Кар’ераўпраўленне”, “Гродзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў", “Смаргоньсілікатабетон” і санаторый “Пралеска”. Тут працуе больш за 2,5 тыс. работнікаў. Мадэрнізацыя апошніх гадоў дазволіла павысіць якасць прадукцыі і значна аўтаматызаваць вытворчыя працэсы. Так былі набыты комплекс абсталявання для памолу цэменту па замкнёным цыкле, створаны ўчастак па вырабе каляровай тратуарнай пліткі, сухіх будаўнічых сумесей і гідратнай вапны, запушчана ўстаноўка па спальванні зношаных аўташын, уведзена ў эксплуатацыю міні-ЦЭЦ. Сярод выпускаемай прадукцыі цэмент, будаўнічая вапна, дробнагрануляваны мел, блокі з ячэістага бетону, сухія будаўнічыя сумесі, азбестацементныя лісты і трубы, поліэтыленавая плёнка. Усё гэта высокай якасці, што шматразова падцвярджалася перамогамі ў конкурсах “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь” і “Лепшы будаўнічы прадукт”, сертыфікатамі адпаведнасці сістэмы якасці міжнародным стандартам. Прадпрыемства таксама з’яўляецца лаўрэатам Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2002, 2013) і пераможцам у І Рэспубліканскім конкурсе на саісканне прэміі за дасягненні ў галіне развіцця прамысловых тэхналогій “Лідэры прамысловасці Рэспублікі Беларусь – 2023”.