Віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік» шырока вядома ў Беларусі і краінах СНД. Прадпрыемства было заснавана 10 чэрвеня 1923 г. на базе нацыяналізаваных прыватных майстэрняў Віцебска і атрымала назву «Самаход». У першыя гады тут працавала каля 120 рабочых, выпуск прадукцыі не перавышаў 200 пар абутку штодзень. У 1927 г. на фабрыцы праведзена першая маштабная рэканструкцыя, у выніку якой вытворчая магутнасць дасягнула 2,5 тыс. пар у дзень. У той жа год «Самаход» быў перайменаваны ў фабрыку імя Лекерта. Тут пачало сваю дзейнасць першае фабрычна-заводскае вучылішча, дзе рыхтавалі спецыялістаў для абутковай прамысловасці Беларусі. Да 1930 г. вытворчасць абутку вырасла да 904 тыс. пар у год. Тэхналогія ўвесь час удасканальвалася, штогод з Расіі, Украіны і Германіі паступала новае больш сучаснае абсталяванне. У 1938 г. фабрыка імя Лекерта атрымала назву «Чырвоны Кастрычнік». У гады Вялікай Айчыннай вайны прадпрымства працавала ў г. Кунгур Пермскай вобласці (Расія), дзе выпускала абутак для фронту.
Складаны і няпросты шлях прайшоў «Чырвоны Кастрычнік» у пасляваенны перыяд. З году ў год на прадпрыемстве нарошчваліся вытворчыя магутнасці, ішла праца над пашырэннем асартыменту прадукцыі, паляпшэннем якасці. У 1980-я гг. Віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік» з’яўлялася адным з буйнейшых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, вытворчыя магчымасці якога складалі 6 млн. пар у год. У гэты час на фабрыцы працавала каля 4 тыс. чалавек, якія выраблялі жаночы абутак клеевага шляху мацавання, а таксама мужчынскі і дзіцячы абутак. Штогод на прадпрыемстве аднаўлялася каля 100 адзінак тэхналагічнага абсталявання. Комплексны падыход да развіцця абутковай вытворчасці дазваляў год за годам паляпшаць якасць выпускаемай прадукцыі, павялічваць яе аб'ём і зніжаць сабекошт. Прадукцыя Віцебскай абутковай фабрыкі была адзначана дзяржаўным Знакам якасці, прадпрыемства пастаўляла абутак у 34 гарады Расійскай Федэрацыі, выконвала спецыялізаваныя экспартныя заказы для Манголіі, Польшчы, В'етнама. На фабрыцы былі створаны добрыя сацыяльна-бытавыя ўмовы: дзейнічалі сталовая, два буфеты, прадуктовы магазін і кулінарыя, клуб на 700 месцаў, прафсаюзная і тэхнічная бібліятэкі, спартыўныя збудаванні, басейн, два інтэрнаты, дзіцячыя садкі і яслі, аздараўленчы лагер «Бярозка», база адпачынку «Зарэчча» і іншыя аб’екты. Значная падзея ў жыцці Віцебскіх абутнікаў адбылася 8 лютага 1988 г. – у Маскве быў падпісаны дагавор аб стварэнні сумеснага прадпрыемства «Белвест». Яго заснавальнікамі сталі Віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік» і нямецкая фірма па пашыву абутку «Salamander». Аснову працоўнага калектыву «Белвеста» склалі супрацоўнікі фабрыкі.
У 1994 г. Віцебская абутковая фабрыка была рэарганізавана ў адкрытае акцыянернае таварыства (ААТ «Чырвоны Кастрычнік»). У чэрвені 2003 г. на базе аднаго з вытворчых карпусоў прадпрыемства было створана сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Сан-Марка», адным з заснавальнікаў якога стала ААТ «Чырвоны Кастрычнік». На пачатку 2000-х гг. прадпрыемства перажывала складаныя часы – прадукцыя фабрыкі не адпавядала патрабаванням спажыўцоў і не магла канкурыраваць з вырабамі замежных вытворцаў. У чэрвені 2008 г. кіраўніцтвам абутковай фабрыкі быў падпісаны загад аб продажы 100% акцый ААТ «Чырвоны Кастрычнік» прыватнай кампаніі «Марка». Такім чынам гісторыя адной са старэйшых абутковых фабрык Беларусі працягваецца ў складзе холдынга «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія “Марка”». У цяперашні час «Чырвоны Кастрычнік» спецыялізуецца на вытворчасці абутку з сінтэтычных матэрыялаў розных канструкцый, вырабляе хатні абутак і абутак з натуральнай скуры. Асартымент фабрыкі надзейна заваяваў сваё месца на сучасным рынку.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г., актуалізаваны ў 2024 г.