ААТ «Нафтан» з’яўляецца самым магутным нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам не толькі ў СНД, але і ў Еўропе. Будаўніцтва завода пачалося па распараджэнні Савета Міністраў СССР ад 6 жніўня 1958 г. Асноўнымі крытэрыямі ў выбары будаўнічай пляцоўкі сталі: выгаднае геаграфічнае становішча – блізкасць заходніх меж (што давала магчымасць экспарту ў краіны Заходняй Еўропы); неабходнасць забеспячэння нафтапрадуктамі заходніх рэгіёнаў Савецкага Саюза; суседства Полацка – буйнога транспартнага вузла. Знакавай датай у гісторыі завода з’яўляецца 9 лютага 1963 г. – на Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе быў атрыманы першы бензін. Гэты памятны дзень стаў пунктам адліку вытворчай дзейнасці прадпрыемства. Колба з першым бензінам беражліва захоўваецца ў Музеі гісторыі і культуры г. Наваполацка. Першапачаткова магутнасць завода была разлічана на перапрацоўку 6 млн тон нафты ў год. Вытворчую аснову ў тыя гады складалі ўстаноўка першаснай перапрацоўкі нафты магутнасцю 2 млн тон у год (АВТ-1), устаноўка тэрмічнага крэкінга мазуту і ўстаноўка вытворчасці бітумаў. У 1964 г. уведзена ў эксплуатацыю ўстаноўка каталітычнага рыфарміравання бензінаў. У 1965 г. – комплекс вытворчасці маслаў 120 тыс. тон у год, другая ўстаноўка па першаснай перапрацоўцы нафты АВТ-2 прадукцыйнасцю 2 млн тон у год, гідраачысткі дызельнага паліва, устаноўка сераачысткі сухіх газаў, устаноўка вытворчасці сернай кіслаты з серавадароду. За дасягнутыя поспехі ў вытворчай дзейнасці ў студзені 1971 г. тады яшчэ Полацкі нафтаперапрацоўчы завод быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Далей ішло планамернае нарошчванне магутнасцей перапрацоўкі нафты да 25 млн тон у год. Гэта зафіксавана ў 1980 г. У 1992 г. на базе нафтаперапрацоўчага завода было створана РУП «Вытворчае аб’яднанне “Нафтан”», асноўная прадукцыя якога – высокаактыўны аўтамабільны бензін розных марак, дызельнае паліва, газа, мазут, змазачнае масла, будаўнічы і дарожны бітум і інш. Нафта паступае з Сургута, а таксама па нафтаправодзе «Дружба» – з Татарыі і Башкірыі. У адпаведнасці з загадам Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня 2002 г. № 118 прадпрыемства было пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства «Нафтан» (ААТ «Нафтан»). Паспяховым завяршэннем праграмы мадэрнізацыі і рэканструкцыі «Нафтан 1999–2003», якая ахапіла ўвесь тэхналагічны цыкл прадпрыемства, адзначыўся 2004 г. Было рэалізавана 11 асноўных праектаў, уключаючы комплекс гідракрэкінгу вакуумнага газойлю. У 2006 г. «Нафтан» і «Лукойл» арганізавалі сумеснае прадпрыемства па вытворчасці прысадак да маслаў – СТАА «ЛЛК-Нафтан». На падставе рашэння пазачарговага агульнага сходу акцыянераў з 1 снежня 2008 г. ААТ «Нафтан» было рэарганізавана шляхам далучэння да яго ААТ «Палімір».
Сёння ААТ «Нафтан» – прадпрыемства сусветнага ўзроўню, якое выпускае больш за 70 найменняў нафтахімічных прадуктаў. Гэта ўвесь спектр аўтамабільнага бензіну і дызельнага паліва, паліва для рэактыўных рухавікоў, нафтавыя бітумы, змазачныя маслы, растваральнікі і інш. Магутнасці прадпрыемства, якое раскінулася на тэрыторыі 1,5 тыс. гектараў, дазваляюць перапрацоўваць больш за 10 млн тон нафты ў год. Каля 70% прадукцыі завода ідзе на экспарт, у асноўным у краіны Еўрасаюза. ААТ «Нафтан» быў і застаецца галоўным работадаўцам, на якім працуе каля 7 тыс. жыхароў Наваполацка. На прадпрыемстве створаны ўсе ўмовы для арганізацыі культурнага адпачынку і аздараўлення работнікаў і іх сем’яў. Функцыянуюць санаторый-прафілакторый і база адпачынку, гасцініца, паліклініка, палацы культуры і воднага спорту, дзіцячыя сады, цяплічны комплекс, сельскагаспадарчы цэх і рыбная гаспадарка. Дасягнуўшы еўрапейскага ўзроўню ААТ «Нафтан» працягвае ўстойлівы курс на мадэрнізацыю ва ўсіх сферах сваёй дзейнасці, адпавядаючы сусветным тэндэнцыям, патрэбам айчынных і зарубежных спажыўцоў.