Дата начала:
1968 Наваполацк, горад, Віцебская вобласць
Краткая справка:
вытворца хімічнай прадукцыі, лаўрэат Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2003)
Названия на других языках:
Plant "Polymir" (английский); Завод "Полимир" ОАО "Нафтан" (русский);
Предыдущие названия:
Наваполацкае вытворчае аб'яднанне "Палімір"; Полацкі хімкамбінат
2539 символов
Справка
У прамысловым патэнцыяле Наваполацка важнае месца займае завод «Палімір» ААТ «Нафтан», які заснаваны ў 1975 г. на базе Полацкага хімічнага камбіната (пабудаваны ў 1964–1968 гг.). З 1968 г. асвоена вытворчасць этылену і поліэтылену. У наступныя гады пачалі выпускаць валокны нітрону, нітрыл акрылавай кіслаты. З дапамогай нямецкіх спецыялістаў у 1974 г. пабудавана ўстаноўка «Палімір-50», дзе быў атрыманы поліэтылен высокага ціску. У 1975 г. камбінат перайменаваны ў ВА «Палімір». Праз год за вялікія творчыя паказчыкі калектыў прадпрыемства быў удастоены ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1985 г. па італьянскай тэхналогіі атрыманы першыя метры валакна мапан. Пуск другой чаргі вытворчасці адбыўся ў 1987 г. з дапамогай японскіх спецыялістаў.
Сёння на тэрыторыі ў 800 гектараў размешчаны 3 вытворчасці з 30 асноўнымі і дапаможнымі цэхамі. У працэсе стварэння вытворча-тэхнічнай базы выкарыстоўваліся тэхналогіі найбуйнейшых замежных фірмаў Англіі, Японіі, Германіі, Італіі, а таксама распрацоўкі навукова-даследчых і праектных інстытутаў краін СНД. На прадпрыемстве налічваецца каля 4,5 тыс. работнікаў. Дакладная і зладжаная праца калектыву забяспечвае ўстойлівы выпуск высакаякаснай прадукцыі, якая з’яўляецца сыравінай для многіх галін прамысловасці. Выпускаецца шырокі спектр хімічнай прадукцыі: поліэтылен высокага ціску, поліакрыланітрыльныя (ПАН) валокны, палімерныя смолы, воск і эмульсіі, мінеральныя ўгнаенні, прадукты арганічнага сінтэзу (акрыланітрыл, метылакрылат, ацэтонцыянгідрын), тавары народнага ўжытку (плёнка гаспадарчая, пакеты і сумкі, мэблевае іголкапрабіўное палатно, разнастайная пража і трыкатажныя вырабы са змешаных валокнаў). Асаблівае значэнне надаецца вытворчасці ПАН-валокнаў, што выкарыстоўваюцца для перапрацоўкі ў пражу, тканіну, трыкатаж, сінтэтычнае футра і таму знайшлі прымяненне ў тэкстыльнай прамысловасці. У якасці сыравіны ўжываюцца прадукты нафтаперапрацоўкі ААТ «Нафтан».
Прадукцыя прадпрыемства канкурэнтаздольная дзякуючы высокай якасці, разнастайнаму асартыменту і актыўнаму маркетынгу, мае шырокую вядомасць і шматлікіх спажыўцоў як на ўнутраным рынку, так і ў краінах СНД і далёкага замежжа. Гэтаму садзейнічае і выгаднае геаграфічнае становішча. Больш за 60% поліэтылену, акрылавых валокнаў, прадуктаў арганічнага сінтэзу і вуглевадародных фракцый экспартуецца ў Расію, Украіну, Германію, Фінляндыю, Польшчу, Іран, Прыбалтыку, Венгрыю, Балгарыю, Кітай і іншыя краіны. З 2008 г. прадпрыемства ўвайшло ў склад ААТ «Нафтан».