Сучасны Слаўгарад – летапісны Прупой, Прапошеск – упершыню згадваецца ў 1136 г. у складзе Смаленскага княства. Гарадзішча старажытнага Прупоя знаходзілася недалёка ад упадзення ракі Проня ў Сож, на абрывістым мысе і звалася сярод мясцовага насельніцтва “Замак Галіцына” альбо “Замкавая гара”. Пісьмовыя сведчанні аб Прупоі XII–XIII стст. вельмі нязначныя. У XIII–XVIII стст. умацаваным цэнтрам абароны горада быў Прапойскі замак.
У першай палове XIV ст. Прапойск увайшоў у склад ВКЛ. У 1387 г. ён згадваецца сярод гарадоў, якімі валодаў Скіргайла. У 1430 г. далучаны да ўладанняў князя трокскага і полацкага Свідрыгайлы. З пачатку XVI ст. з’яўляўся цэнтрам Прапойскай воласці (староства), буйнога дзяржаўнага маёнтка ў ВКЛ XVI–XVIII стст. У 1601–1602 гг. горад пацярпеў ад голаду і эпідэмій. Развіццё артылерыі і фартыфікацыі ў канцы XVII – пачатку XVIII ст. прывялі да страты Прапойскам свайго стратэгічнага значэння, што пацвердзілася ў час Паўночнай вайны (1700–1721). З 1772 г. Прапойская воласць апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Прапойск стаў заштатным горадам, потым мястэчкам, цэнтрам воласці Быхаўскага павета Магілёўскай губерні. Неўзабаве Кацярына II падаравала Прапойскую воласць князю А.М. Галіцыну, які зрабіў у замку перапланіроўку. У выніку абарончыя збудаванні Прапойска былі знішчаны.
У канцы XVIII ст. на ўскраіне горада размясціўся парк пейзажнага тыпу (зараз моцна пашкоджаны). У 1791–1793 гг. былі ўзведзены цагляная царква Раства Багародзіцы (помнік архітэктуры класіцызму) і царкоўнапрыходская школа (складала адзіны ансамбль з царквой). У пачатку XIX ст. Прапойск належаў Дз. Яншыну. Тут дзейнічаў інстытут шляхетных дзяўчат (да 1828 г.), працавалі парусінавая мануфактура (1806–1847), дзве канатныя фабрыкі, ветракі, параходная прыстань. У 1909–1914 гг. працаваў кафляны завод, які ўвайшоў у склад акцыянернага таварыства “Аляксандраўскія кафляныя заводы”. На 1886 г. у Прапойску значылася: 115 двароў, 922 жыхары, валасное праўленне, школа, бальніца, багадзельня, дзве царквы, сінагога, 30 крам. У сярэдзіне XIX ст. была пабудавана паштовая станцыя. 26 красавіка 1919 г. Прапойск увайшоў у Гомельскую губерню РСФСР, 17 ліпеня 1924 г. ён стаў цэнтрам Прапойскага раёна БССР. 27 верасня 1938 г. Прапойску нададзены статус гарадскога пасёлка.
За час фашысцкай акупацыі ў Прапойску і раёне фашысты загубілі 2 тысячы чалавек. Акупантам аказвала супраціўленне патрыятычнае падполле. 23 мая 1945 г. Прапойск перайменаваны ў горад Слаўгарад. У 1962–1965 гг. Слаўгарад уваходзіў у склад Быхаўскага раёна.
Горад развіваецца згодна з генеральным планам 1971 г., праектам дэталёвай планіроўкі цэнтра 1973 г. і генеральным планам 1982 г. Тэрыторыя горада выцягнута ўздоўж ракі, захавалася гістарычная планіроўка. Цэнтральная частка забудавана двух- і пяціпавярховымі жылымі дамамі, у астатняй частцы Слаўгарада пераважае аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу. Створаны мікрараён з 3–5-павярховымі жылымі дамамі. Сфарміраваліся дзве прамысловыя зоны, дзейнічаюць масласырзавод і агародніна-сушыльны завод, дзве сярэднія школы, раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці, дзве бібліятэкі.