Дата начала:
10.11.1933 Крычаўскі раён, Магілёўская вобласць
Краткая справка:
адкрытае акцыянернае таварыства па вытворчасці цэменту і шыферу ў складзе холдынга "Беларуская цэментная кампанія", лаўрэат Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2004)
Варианты названия:
Крычаўскі цэментны завод
Названия на других языках:
"Krichevtsementnoshifer" (английский); "Кричевцементношифер" (русский);
«Крычаўцэментнашыфер» – адно з вядучых у Беларусі прадпрыемстваў па вытворчасці цэменту і шыферу, прадукцыя якога выкарыстоўваецца як на будаўніцтве аб'ектаў прамысловага і сацыяльнага назначэння, унікальных будынкаў і збудаванняў, так і ў індывідуальным будаўніцтве.
Яго гісторыя пачалася 1 мая 1930 г. з моманту закладкі першага каменя ў падмурак прадпрыемства. Праект будаўніцтва завода ў Крычаве магутнасцю 130 тыс. тон цэменту ў год зацверджаны ў Маскве ў 1929 г. Выбар пляцоўкі быў невыпадковы. У ваколіцах Крычава геолагі адкрылі вялікія залежы мелу і гліны, асноўных кампанентаў для вырабу цэменту. Гігант цэментнай прамысловасці пабудавалі ўсяго за тры з паловай гады. 10 лістапада 1933 г. была атрымана першая прадукцыя. Крычаўскі цэмент з нецярпеннем чакалі на многіх новабудоўлях Савецкага Саюза, ён выкарыстоўваўся нават пры будаўніцтве Маскоўскага метрапалітэна. Ужо ў 1940 г. прадпрыемства выйшла на праектную магутнасць, мела неабходны патэнцыял для ўстойлівай і рытмічнай вытворчай дзейнасці. Вялікая Айчынная вайна спыніла працу завода. Разбуранае прадпрыемства аднавілі ў 1949 г. У 1950 г. уступіў у строй Крычаўскі шыферны завод. 1 кастрычніка 1957 г. абодва заводы аб'ядналіся, утварыўшы цэментна-шыферны камбінат, пасля чаго ён пачаў расшырацца. У кароткі тэрмін збудавалі дзве магутныя печы з электрафільтрамі. У снежні 1962 г. быў ажыццёўлены пуск адной, а праз адзінаццаць месяцаў – другой. Кожная з іх давала столькі ж клінкеру, колькі да гэтага ўвесь камбінат. З кожным годам рос і развіваўся завод, рэарганізоўваўся, набіраўся моцы, набываў вядомасць на будаўнічым рынку. У канцы 1970-х гг. было вырашана правесці мадэрнізацыю двух печаў з мэтай пашырэння іх высокатэмпературнай зоны за кошт павелічэння дыяметра. Пасля гэтага пагадзінная прадукцыйнасць кожнай з іх павялічылася на 3–4 тоны клінкеру. Пазней дзве маламагутныя печы пасляваеннай пабудовы былі дэманціраваны, а на іх месцы ўзведзена новая, якая дала першую прадукцыю ўжо ў 2008 г. Пасля гэтага гадавы выпуск цэменту павялічыўся адразу на 50% і перавысіў паўтара мільёна тон.
У 2002 г. была набыта за мяжой сучасная лінія па вытворчасці каляровага шыферу з палімерным пакрыццём, што дало магчымасць атрымліваць прадукцыю яшчэ больш высокай якасці. Аналагаў ёй у краіне няма. Цяпер на прадпрыемстве працуюць дзве ўпаковачныя лініі, якія павялічылі рэалізацыю цэменту ў папяровых мяшках па 25 або 50 кілаграмаў. Паспяховая праца завода забяспечваецца магутнай сыравіннай базай радовішча «Каменка», уведзенага ў эксплуатацыю ў 1968 г. З 2000 г. аб'яднанне функцыянавала як вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства (ВРУП) «Крычаўцэментнашыфер». 26 студзеня 2012 г. прадпрыемства пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства (ААТ).
Сёння ААТ «Крычаўцэментнашыфер» вырабляе шырокі асартымент цэменту, найбольш запатрабаваны на спажывецкім рынку. Гэта – портландцэмент без мінеральных дабавак ПЦ 500-ДО, портландцэмент з мінеральнымі дабаўкамі ПЦ 500-Д20 і ПЦ 400-Д20, а таксама портландцэмент з мінеральнымі дабаўкамі і без іх на аснове клінкеру нарміраванага складу ПЦ-500 Д020-Н, ПЦ-500 ДО-Н, шлакапортландцэмент ШПЦ-400, портландцэмент з вапняком ЦЕМ II / А-И 42,5 Н, шлакапортландцэмент ЦЕМ III / А 32,5. Наладжаны выпуск розных азбестацэментнавых лістоў: хвалепадобных і плоскіх, шэрых і афарбаваных. Выпуск прадукцыі ажыццяўляецца згодна з зацверджаным тэхналагічным рэгламентам. У выпрабавальным цэнтры прадпрыемства, які акрэдытаваны па міжнародным стандарце ІСО / МЭК 17025, праходзіць выпрабаванне прадукцыя на адпаведнасць патрабаванням міждзяржаўных стандартаў, якія дазваляюць пастаўляць яе на рынкі краіны і ў Расію. Пры экспартных пастаўках прадукцыя праходзіць выпрабаванне на адпаведнасць дзяржаўным стандартам, якія гарманізаваны з еўрапейскімі.
Асноўным рынкам па рэалізацыі прадукцыі на працягу многіх гадоў застаецца ўнутраны. Экспарт ажыццяўляецца ў Расію, Польшчу, краіны Балтыі. Высокая якасць пацверджана шматлікімі дыпломамі і ганаровымі граматамі рэспубліканскіх і міжнародных выстаў. Неаднаразова завод узнагароджваўся дыпломамі «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» і «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынках Расійскай Федэрацыі». Прадпрыемству таксама прысуджана Прэмія Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2004).