Дата начала: пад 1019
Краткая справка: цэнтр раёна і вобласці
Названия на других языках: Брест (русский);
Предыдущие названия: Бераст; Берасце; Берестье; Брэст-Літоўск; Брэст-над-Бугам; Бярэсце
Брэст (летапісныя назвы Берасце, Бярэсце, Берестье, Бересть (ад слова “берест” – від вяза – ці “берёста” – кара бярозы)) – адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. Адзінай думкі аб часе яго заснавання няма. У гістарычнай літаратуры ёсць звесткі аб тым, што ў 983 г. кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч пакарыў літоўскае племя яцвягаў. Для замацавання заваяваных зямель ён пабудаваў каля Заходняга Буга, на востраве ў вусці Мухаўца, замак, пры якім і ўзнік горад-крэпасць. Упершыню ён упамінаецца ў “Аповесці мінулых гадоў” пад 1019 г. у сувязі з барацьбой за Кіеўскі велікакняжацкі прастол паміж князем тураўскім і вялікім князем кіеўскім Святаполкам Уладзіміравічам і яго братам, у той час наўгародскім князем Яраславам Уладзіміравічам (Мудрым).
У XI ст. горад ужо быў старажытнарускім гандлёвым цэнтрам і крэпасцю. Яго росту спрыяла геаграфічнае становішча: тут было скрыжаванне двух старажытнарускіх гандлёвых шляхоў, адзін з якіх па рацэ Заходні Буг вёў у Польшчу, Прыбалтыку i Заходнюю Еўропу, другі па рэках Мухавец, Балота, Піна, Прыпяць, Днепр звязваў Брэст з Кіевам і Блізкім Усходам. Горад часта трапляў у цэнтр ваенных падзей з-за пагранічнага размяшчэння, не раз быў разбураны і разрабаваны. Да XIII ст. тут сутыкаліся інтарэсы кіеўскіх, уладзіміра-валынскіх, галіцка-валынскіх князёў. У 1020 г. горад быў захоплены польскім князем Баляславам Храбрым. Вялікі князь кіеўскі Яраслаў Мудры здзейсніў паходы на Брэст у 1022 і 1031 гг. і ў 1044 г. вярнуў яго Кіеўскаму княству. У 1146 г. горад уваходзіў у склад Тураўскага княства, пасля Уладзіміра-Валынскага (з 1199 г. Галіцка-Валынскага). Брэст развіваўся як гандлёвы і рамесны цэнтр. У XII ст. пабудаваны драўляны замак як умацаванне для гандлёвых караванаў. У 1240-я гг. горад быў пад пагрозай заваявання мангола-татарамі.
У другой палове XIII ст. Брэстам валодаў валынскі князь Уладзімір Васількавіч. Для абароны ад знешніх ворагаў па загадзе князя ў 1276–1288 гг. на тэрыторыі замка была пабудавана мураваная вежа-данжон. Звесткі аб ёй захаваліся ў Іпацьеўскім летапісе. Вежа, вышыня якой – 20 м і таўшчыня сцен – 1,3 м, магла адбіць напады каменямётных машын. Яна служыла цэнтрам абароны і камандным пунктам горада больш за пяць стагоддзяў, пакуль не была разбурана ў 1831 г. падчас будаўніцтва Брэсцкай крэпасці. У XIII ст. узведзена мураваная царква Святога Пятра. У канцы XIII – пачатку XIV ст. Брэст імкнуліся захапіць польскія каралі і літоўскія князі. З 1319 г. ім валодаў вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) Гедзімін. У 1349 г. Брэст захапіў польскі кароль Казімір III, у 1366 г. горад быў вернуты ВКЛ. У 1379 г. разрабаваны і спалены тэўтонскімі рыцарамі. За кароткі час горад быў хутка адноўлены жыхарамі. У ім тройчы на год ладзіліся багатыя кірмашы. Быў пабудаваны першы гасціны двор. Працавала мытня. У Заходнюю Еўропу вывозілі збожжа, скуру, футра, пяньку, лес і інш. У горадзе працвіталі ганчарнае, кавальскае, шавецкае і ювелірнае рамёствы, дрэваапрацоўка, прадзенне і ткацтва. Жыхары займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам, паляваннем. Брэст першым з беларускіх гарадоў у 1390 г. атрымаў самакіраванне на аснове магдэбургскага права. Брэстам кіравала рада, якая выбіралася гараджанамі з заможных купцоў і рамеснікаў. Вялікі князь літоўскі прызначаў войта – кіраўніка гарадской рады. З таго часу Брэсту было дазволена выкарыстоўваць герб і пячатку. У горадзе часта праходзілі сеймы і з’езды беларускай і літоўскай шляхты. Да пачатку XIV ст. Брэст сфарміраваўся як гандлёва-рамесны і культурны цэнтр ВКЛ. Далейшаму эканамічнаму развіццю горада перашкодзіла вайна 1409–1411 гг., якую вялі ВКЛ і Польскае каралеўства супраць Тэўтонскага ордэна. На тайнай сустрэчы ў Брэсце ў снежні 1409 г. польскі кароль Ягайла і вялікі князь літоўскі Вітаўт распрацавалі план генеральнай бітвы з крыжакамі. 15 ліпеня 1410 г. у Грунвальдскай бітве Тэўтонскі ордэн быў разгромлены. З 1413 г. Брэст – цэнтр Берасцейскай эканоміі ў складзе Трокскага ваяводства, прывілеем 1441 г. аднесены да галоўных гарадоў ВКЛ. У 1500 г. горад быў спустошаны войскамі крымскага хана Менглі-Гірэя. Берасцейскі замак выстаяў. Ён уваходзіў у комплекс гарадскіх умацаванняў. Размяшчаўся каля сутокаў Мухаўца і Заходняга Буга. Пляцоўка замкавага дзядзінца была ўмацавана земляным валам, на якім знаходзіліся пяць вежаў і драўляныя збудаванні. Таксама замак быў акружаны дугападобным ровам, напоўненым водамі Мухаўца. Асноўную лінію ўмацаванняў складалі двух’ярусныя збудаванні. У замку былі спецыяльныя помпы для скрытай падачы вады, якая ішла па падземных драўляных трубах. Падобныя прыстасаванні ў той час не сустракаліся ў замках Польшчы, Украіны, Літвы. У мірны час гарнізон Берасцейскага замка быў невялікі, а ў час вайны тут размяшчаліся войскі. У цэнтральнай (замкавай) яго частцы знаходзіліся будынкі магістрата і суда, рыначны пляц, цэрквы і манастыры, дамы заможных гараджан. Вуліцы масціліся дрэвам, а з 1588 г. брукам.
У XVI ст. Брэст дасягнуў свайго найвышэйшага росквіту. У 1553 г. брэсцкі староста Мікалай Радзівіл Чорны заснаваў у горадзе кальвінскі збор і першую на тэрыторыі Беларусі друкарню, у якой у 1563 г. была надрукавана Брэсцкая, або Радзівілаўская Біблія. У адпаведнасці з Люблінскай уніяй 1569 г. Брэст у складзе ВКЛ увайшоў у Рэч Паспалітую. У канцы XVI ст. пры Мікалаеўскай царкве ўзнікла праваслаўнае брацтва, пры якім з 1591 г. існавала школа, дзе выкладаў вядомы беларускі гуманіст-асветнік Лаўрэнцій Зізаній.У 1596 г. была абвешчана Брэсцкая унія – пагадненне пра аб'яднанне праваслаўнай і каталіцкай царквы.
Другая палова XVІI ст. адзначаецца ваеннымі дзеяннямі. У час антыфеадальнай вайны 1648–1651 гг. у Брэсце ў 1648 і 1649 гг. адбыліся паўстанні гараджан, якія былі жорстка задушаны. У 1657 г. горад спалілі шведы, у 1660 г. яго занялі рускія войскі, у 1661 г. – польска-літоўскія. Каб папоўніць апусцелую дзяржаўную казну, расплаціцца з войскам і выплаціць даўгі, у 1659 г. заснаваны манетны двор, дзе ў 1665–1666 гг. чаканілі дробныя медныя манеты (барацінкі). Ён стаў першым у гісторыі Беларусі цэнтрам па выпуску грошай. У час Паўночнай вайны 1700–1721 гг. Брэст займалі то рускія, то шведскія войскі. У другой палове XVII – першай палове XVIII ст. у горадзе адбыўся рэзкі эканамічны спад, выкліканы працяглымі войнамі, голадам і эпідэміямі. Скарацілася колькасць яго жыхароў, у заняпад прыйшлі рамесная вытворчасць і гандаль. Толькі ў другой палове XVIII ст. пачалося ажыўленне эканомікі. Брэст стаў галоўным рачным портам на Заходнім Бугу. У 1770-я гг. заснавана суконная фабрыка, якая мела сем ткацкіх станкоў. У канцы XVIII ст. у горадзе налічвалася 3,5 тыс. жыхароў. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Брэст увайшоў у склад Расійскай Імперыі, стаў называцца Брэст-Літоўскам, у 1796 г. абвешчаны павятовым цэнтрам Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, а з 1801 г. Гродзенскай губерняў. У час вайны 1812 г. ён зноў апынуўся ў паласе ваенных дзеянняў і быў захоплены напалеонаўскай арміяй. Вялікія страты гораду і яго жыхарам нанеслі пажары 1802, 1822, 1828, 1835 гг. Наступны этап у развіцці Брэста-Літоўска звязаны з будаўніцтвам у 1830–1842 гг. на тэрыторыі старога горада крэпасці, якая ўвайшла ў лік дзеючых крэпасцей Расіі. У складзе Расійскай Імперыі хуткімі тэмпамі паляпшаліся эканамічныя сувязі горада з іншымі яе губернямі. З развіццём капіталізму ў другой палове XIX – пачатку XX ст. Брэст-Літоўск інтэнсіўна забудоўваўся, узводзіліся каменныя жылыя і грамадскія пабудовы, заводы і фабрыкі, павялічвалася тэрыторыя горада. У 1860-я гг. было 8 заводаў, 5 тытунёвых фабрык, некалькі майстэрняў, 178 крам, 60 харчэўняў, кандытарская. Развівалася таксама земляробства, будаваліся дарогі, масты. Асноўным сродкам перамяшчэння служыў водны шлях. Па рэках акрамя плытоў, баржаў, парусных судоў пачалі хадзіць параходы. Брэст-Літоўская прыстань была найбуйнейшай на захадзе Беларусі. Горад хутка будаваўся і меў разгалінаваную вулічную планіроўку – 225 вуліц і завулкаў, 21 мост, у тым ліку адзін металічны вісячы. Архітэктурным упрыгажэннем Брэст-Літоўска сталі кафедральны Крыжаўзвіжанскі касцёл, Свята-Сімяонаўская царква. Да канца XIX ст. у горадзе былі адкрыты кадэцкі корпус, мужчынская прагімназія, прыватная бібліятэка. Пачалося будаўніцтва чыгунак, якія звязалі Брэст-Літоўск з цэнтрам Расіі, Польшчай, Украінай. У 1886 г. узведзены будынак чыгуначнага вакзала, які з 1888 г. меў электрычнае асвятленне. Буйны пажар у 1895 г. знішчыў вялікую частку гарадскіх пабудоў, у тым ліку жылыя дамы, прадпрыемствы, майстэрні, крамы, бальніцы, навучальныя ўстановы, чыгуначны вакзал, выгараў цэнтр горада. Па перапісе 1897 г. насельніцтва Брэст-Літоўска склала 46 568 чалавек.
У час Першай сусветнай вайны Брэст-Літоўск да 1918 г. быў акупіраваны германскімі войскамі. 3 сакавіка 1918 г. у горадзе падпісаны мірны дагавор паміж Савецкай Расіяй з аднаго боку і Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Турцыяй, Балгарыяй з другога. Згодна з ім частка беларускіх зямель перадавалася Германіі, у тым ліку Брэст-Літоўск. 13 лістапада 1918 г. у сувязі з паражэннем аўстра-германскага блока ў Першай сусветнай вайне савецкая ўлада ануліравала дагавор. Горад стаў адраджацца, пачалі вяртацца бежанцы. Але 20 лютага 1919 г. палякі захапілі Брэст-Літоўск. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. горад у складзе Заходняй Беларусі адышоў да Польшчы і перайменаваны ў Брэст-над-Бугам.
У 1921–1939 гг. горад – цэнтр Палескага ваяводства. З 1939 г. Брэст (з верасня сучасная назва) – у складзе БССР, з 4 снежня 1939 г. з’яўляецца цэнтрам Брэсцкай вобласці, з 15 студзеня 1940 г. аднайменнага раёна. У час Вялікай Айчыннай вайны з 22 чэрвеня 1941 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Горад і крэпасць аднымі з першых прынялі на сябе ўдар. Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці савецкімі воінамі доўжылася да канца ліпеня 1941 г. За перыяд акупацыі гітлераўцы стварылі ў горадзе 4 канцлагеры з 8 аддзяленнямі і філіяламі, загубілі звыш 40 тыс. чалавек, зруйнавалі ўсе прадпрыемствы і культурна-асветныя ўстановы, амаль палову жыллёвага фонду. 28 ліпеня 1944 г. у ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі горад быў вызвалены войскамі Першага Беларускага фронту.
З другой паловы XX ст. Брэст развіваўся паводле распрацаваных генеральных планаў горадабудаўніцтва 1951, 1964, 1976, 2003 гг. Ён мае свой афіцыйны сімвал – герб, што ўяўляе сабой барочны шчыт, у блакітным полі якога – срэбны лук са стралой, накіраванай наканечнікам угору. Горад паступова адрадзіўся і вырас у буйны прамысловы і культурны цэнтр Рэспублікі Беларусь. Тут функцыянуюць прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў, электратэхнічнай і электроннай (ААТ “Брэсцкі электралямпавы завод” і інш.), металаапрацоўчай, лёгкай (ААТ “Дываны Брэста”, ААТ “Брэсцкі панчошны камбінат” і інш.), харчовай прамысловасці. Створана свабодная эканамічная зона “Брэст”. Дзейнічаюць Брэсцкая мытня, мытня “Заходні Буг”. Працуюць Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі, Брэсцкі тэатр лялек, Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага, публічныя бібліятэкі, музеі, абласная студыя тэлебачання, вядзе вяшчанне абласное радыё. Дзейнічаюць школы ўсіх тыпаў, гімназіі, ліцэі, прафесіянальна-тэхнічныя вучылішчы, сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, дзяржаўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, спартыўныя збудаванні (абласны спартыўны комплекс “Брэсцкі”, Брэсцкі лёгкаатлетычны манеж, Брэсцкі лядовы палац спорту, Брэсцкі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па ігравых відах спорту “Вікторыя” імя А. П. Мяшкова, Брэсцкі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па водных відах спорту) і інш.
Брэст – радзіма першага Героя Беларусі У. М. Карвата, Герояў Савецкага Саюза А. С. Благавешчанскага, П. І. Івашуціна, І. П. Мазурука, вучонага-славіста В. В. Макушава, матэматыка Я. П. Громера, педагога В. М. Сарокі, кампазітара і дырыжора В. М. Трамбіцкага, беларускага пісьменніка М. М. Пракаповіча, мастакоў Л. Б. Алімава, А. А. Алонцава і інш. Брэст мае слаўную гісторыю. Цяпер у старажытнага горада прыгожае аблічча і вялікая цікавая будучыня.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.