Дата начала: 1414
Краткая справка: цэнтр раёна Віцебскай вобласці
Названия на других языках: Глубокое (русский);
На паўночным захадзе Беларусі, у цудоўным кутку – Віцебшчыне, у акружэнні азёр знаходзіцца Глыбокае, горад з цікавай і адметнай гісторыяй.
Упершыню Глыбокае ўпамінаецца ў Літоўскай метрыцы ў 1414 г. Менавіта тады Зяновій Братошыч атрымаў ад Вялікага Князя Вітаўта дазвол на права валодання бацькоўскімі маёнткамі, сярод якіх названа і Глыбокае. Мястэчка падзялялася на дзве часткі: паўднёва-заходнюю і паўночна-ўсходнюю, якія размяжоўвала рака Бярозаўка.
Паўднёва-заходняя частка Глыбокага знаходзілася ва ўладанні шляхецкага роду Зяновічаў і ўваходзіла ў Ашмянскі павет Віленскага ваяводства. Паўночна-ўсходняя – належала Корсакам і ўваходзіла ў Полацкае ваяводства. У сярэдзіне XVII ст. паводле завяшчання Іосіфа Корсака паўночна-ўсходняя частка мястэчка адышла ксяндзам кармелітам босым, якія пабудавалі тут касцёл і кляштар.
Наступныя звесткі пра Глыбокае сустракаюцца ў дакументах часоў Лівонскай вайны 1558–1583 гг., якая вялася Рускай дзяржавай супраць Лівоніі, Вялікага Княства Літоўскага, Польшчы і Швецыі за выхад да Балтыйскага мора. З 1563 да 1579 г. мястэчка было пад уладай маскоўскага цара Івана ІV Грознага. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. Глыбокае знаходзілася ў зоне ваенных дзеянняў. Мястэчка пераходзіла з рук у рукі, насельніцтва пакутавала ад пажараў, рабаўніцтва, эпідэмій.
Паводле Другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Глыбокае адышло да Расійскай Імперыі і ўвайшло ў склад Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. На гэты момант у мястэчку налічвалася каля 300 дамоў, колькасць насельніцтва перавышала 3 тыс. чалавек.
З ліпеня па снежань 1812 г. Глыбокае было акупіравана французамі. Тут спыняўся Напалеон, на якога вялікае ўражанне аказала прыгажосць і веліч кармеліцкага касцёла. Аднак пасля адыходу французскіх войск Глыбокае засталося разбураным і разрабаваным: у мястэчку і навакольных вёсках былі рэквізаваны ўсе коні, знішчана жывёла, пасяўныя плошчы скараціліся больш чым удвая.
У час паўстання 1830–1831 гг. на тэрыторыі Глыбоччыны дзейнічалі ваенныя фарміраванні паўстанцаў, якія складаліся з памешчыкаў і сялян. Начальнікам войска быў Валенцій Брахоцкі з Глыбокага, кіраваў паўстанцкім камітэтам Глыбокага Ігнат Корсак (з роду Корсакаў – былых уладароў Глыбокага). Вялікую дапамогу паўстанцам аказвалі манахі Глыбоцкага кляштара кармелітаў.
У час паўстання 1863–1864 гг. на Глыбоччыне дзейнічалі некалькі паўстанцкіх атрадаў, але і яны не змаглі ўстаяць пад націскам царскіх войск. Пасля падаўлення паўстання многія ўдзельнікі былі сасланы ў Сібір, а найбольш актыўныя пакараны смерцю.
Глыбокае ў канцы ХІХ ст. з’яўлялася значным гандлёвым цэнтрам: працавалі піваварны, вінакурны, цагельны заводы, існавалі склады з таварамі і прыватныя крамы. У 1886 г. дзейнічала народнае вучылішча, пражывала 5,5 тысяч жыхароў. У 1897 г. да мястэчка была пракладзена чыгунка.
Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. не прынесла адчувальных змен у жыццё, бо ўжо ў лютым 1918 г. Глыбокае было акупіравана нямецкімі войскамі. Да 1920 г. улада мянялася некалькі разоў. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора землі Глыбоччыны адышлі да Польшчы. Перапіс 1930 г. зафіксаваў у Глыбокім больш за 6 тысяч жыхароў. Тут дзейнічалі цукерачная фабрыка, гарбарны завод, а ў 1936 г. быў пабудаваны буйны мясакамбінат. З 15 студзеня 1940 г. Глыбокае – цэнтр аднайменнага раёна БССР.
У выніку першага налёту нямецка-фашысцкіх паветраных сіл на Глыбокае 23 чэрвеня 1941 г. у паўднёва-ўсходняй частцы горада не засталося ніводнага ўцалелага дома. Правабярэжная частка Глыбокага засталася непашкоджанай, тут размясцілася ўправа, гарнізон, вайсковыя склады. За гады акупацыі фашысты знішчылі ў горадзе звыш 12 тысяч мірных жыхароў, у асноўным вязняў яўрэйскага гета. У верасні 1941 г. каля былога Беразвецкага манастыра (3 км на поўнач ад Глыбокага) быў створаны лагер для ваеннапалонных, які пакінуў пасля сябе звыш 27 тысяч загінуўшых савецкіх і італьянскіх воінаў, партызан, падпольшчыкаў. На месцы пахавання загінуўшых пабудаваны мемарыяльны комплекс.
Глыбокае было вызвалена 3 ліпеня 1944 г. падчас Полацкай аперацыі. Адразу пачалося аднаўленне горада: адбудоўваліся і ўзводзіліся новыя прамысловыя прадпрыемствы, сацыяльна-бытавыя аб'екты, культурна-асветніцкія ўстановы. Да канца 1944 г. дзейнічаюць калгас імя Сталіна (цяпер СВК “Канстанцінаў двор”), саўгас “Азярцы” (цяпер РУВСП “Азярцы”), лясгас, мясакамбінат, цэнтральная раённая бальніца.
Увосень 1944 г. у Глыбокім было адкрыта педвучылішча (цяпер УА “Глыбоцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй”), а ў 1947 г. адбыўся яго першы выпуск. Нягледзячы на ўсе цяжкасці пасляваеннага жыцця, аднаўлялі сваю работу ўстановы культуры: у 1951 г. закончана будаўніцтва раённага Дома культуры, у 1952 г. – адкрыта музычная школа, у 1953 г. – раённая бібліятэка, у 1954 г. – кінатэатр (цяпер гарадскі цэнтр культуры). Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат у 1972 г. выпусціў першую прадукцыю.
Сёння аснову эканомікі горада складаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі з выкарыстаннем мясцовай сыравіны. Найбольш буйнымі з'яўляюцца ААТ “Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат” (выпускае 45% вытворчай прадукцыі раёна); ААТ “Глыбоцкі мясакамбінат” (выпускае каўбасныя вырабы, субпрадукты, паўфабрыкаты). Кансервы з садавіны і гародніны, сокі вырабляе ААТ “Глыбоцкі кансервавы завод”, камбікармы для ўсіх відаў жывёл атрымліваюць на РУСВП “Глыбоцкі камбікормавы завод”. Працуе “Глыбоцкі хлебазавод”, філіял РУВП “Віцебскхлебпрам”. Прадукцыя прадпрыемстваў Глыбокага экспартуецца ў Расію, Вялікабрытанію, Бельгію, Германію, Швецыю, краіны СНД і Балтыі.
Сістэма прафесійнай адукацыі прадстаўлена Глыбоцкім дзяржаўным прафесійным ліцэем, дзейнічае гімназія, шэраг агульнаадукацыйных школ (у т. л. комплексаў дзіцячы сад – сярэдняя школа), дашкольных устаноў. Працуюць цэнтры пазашкольнай работы, карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, інфармацыйных тэхналогій і сродкаў навучання.
Створаны ўмовы для арганізацыі вольнага часу гараджан: працуюць Дом рамёстваў, гісторыка-этнаграфічны музей, гарадскі Дом культуры, гарадскі цэнтр культуры, мастацкая школа імя Я. Драздовіча, школа мастацтваў, цэнтральная раённая і дзіцячая бібіліятэкі, выдаюцца газеты “Веснік Глыбоччыны” і “Вольнае Глыбокае”, выходзіць праграма мясцовага радыёвяшчання.
Вялікая ўвага надаецца ахове здароўя, заняткам фізічнай культурай і спортам, турызму: дзейнічае фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, дзіцячая юнацка-спартыўная школа, футбольны клуб “Азярцы”, камунальнае гандлёва-вытворчае прадпрыемства “Інвестспорт”.
Унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваюцца помнікі гісторыі, культуры і архітэктуры ХVІІ–ХVІІІ стст.: жылы будынак былога манастыра базыльян (1756–1763), Ільінская капліца (канец ХVІІІ ст.), комплекс былога кляштара кармелітаў (царква Раства Багародзіцы, будынак кляштара, агароджа з брамай), Троіцкі касцёл, калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая.
З Глыбоцкай зямлёй звязаны імёны многіх славутых людзей сусветнай культуры і навукі. На Глыбоччыне нарадзіўся і пачынаў сваю творчую дзейнасць “бацька беларускага тэатра” Ігнат Буйніцкі, маляўнічыя краявіды і архітэктурныя помнікі краю выхавалі мастака, археолага Язэпа Драздовіча. Роднай стала гэта зямля і для палітыка, гісторыка, літаратара Вацлава Ластоўскага. Вядомы польскі і беларускі пісьменнік-сцэнарыст Тадэуш Даленга-Мастовіч нарадзіўся ў ваколіцах горада.
У Глыбокім нарадзіліся таленавіты будаўнік-архітэктар, дыпламат, палітык Клаўдзій Сцяпанавіч Дуж-Душэўскі, вядомы рускі пісьменнік, аўтар многіх гістарычных кніг Лявон Ракоўскі. Усяму свету вядома імя авіяканструктара, двойчы Героя Сацыялістычнай Працы, стваральніка лепшых у свеце рэактыўных знішчальнікаў “СУ” – Паўла Восіпавіча Сухога. Сёння ў Глыбокім жывуць і працуюць вядомыя паэты і празаікі Аляксандр Жыгуноў, Ганна Зінкевіч, Уладзімір Сауліч, Марыя Баравік, Людміла Андзілеўка.
З 2005 г. на Глыбоччыне праводзіцца Міжнародны фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Магніфікат” (у 2009 г. адбыўся V фестываль). У рамках фестываля праходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі розных канфесій з мэтай дасягнення міжканфесійнага пагаднення. Шмат намаганняў для арганізацыі і правядзення фестывалю прыкладаў настаяцель прыхода касцёла св. Ганны ў в. Мосар Юозас Булька, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” (памёр у 2010 г.).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.