За гады існавання па праектах арганізацыі былі пабудаваны большая колькасць раёнаў Мінска, жылых, грамадскіх будынкаў і комплексаў, паркаў і сквераў.
«Мінскпраект» быў заснаваны ў 1945 г. як архітэктурна-планіровачная майстэрня пры галоўным архітэктары горада. Яго стварэнне выклікана неабходнасцю пасляваеннага аднаўлення цалкам разбуранай сталіцы Беларусі. Першапачатковыя ўмовы развіцця будаўніцтва былі цяжкімі: адсутнічалі архітэктурная школа і кваліфікаваныя кадры. Усё трымалася на сілах маскоўскіх і ленінградскіх дойлідаў, вузкага кола мінскіх спецыялістаў.
У 1953 г. майстэрня рэарганізавана ў праектную кантору «Мінгарпраект», у 1959 г. – у дзяржаўны праектны інстытут «Мінгарпраект» (у 1961 г. перайменаваны ў «Мінскпраект»), у 1996 г. атрымаў назву – дзяржаўнае прадпрыемства «Інстытут “Мінскпраект”» Мінгарвыканкама, з 2002 г. дзейнічае як Праектнае камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Мінскпраект». 1960-я–80-я гг. былі надзвычай паспяховымі. У гэты час дзякуючы дзейнасці арганізацыі Мінск атрымаў свой сучасны выгляд: па праектах інстытута пабудаваны жылыя і грамадскія збудаванні па вуліцах Сурганава, Маякоўскага, Старавіленскай, М. Танка, В. Харужай, Старажоўскай, Нямізе. Найбольш маштабныя праекты таго часу – аэравакзал «Мінск», гасцініцы «Беларусь», «Турыст», «Арбіта», «Агат», рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, будынкі Міністэрства замежных спраў, Мінгарвыканкама, канцэртны зал «Мінск», кінатэатры «Піянер», «Вільнюс», «Салют», «Дружба», «Аўрора», комплексы вышэйшых навучальных устаноў сталіцы і інш. Важнай справай стала праектаванне шэрага станцый мінскага метрапалітэна. Спецыялісты «Мінскпраекта» ўнеслі значны ўклад у стварэнне і рэканструкцыю праектаў гісторыка-культурнага значэння. Сапраўднымі дасягненнямі ў гэтай галіне сталі ўзнаўленне комплексу Траецкага прадмесця, праектаванне мемарыяльнага комплексу «Хатынь», манумента «Мінск – горад-герой».
У канцы 1980-х – пачатку 1990-х гг. у сувязі з эканамічнымі і палітычнымі абставінамі ў краіне «Мінскпраект» развіваўся вельмі слаба: з-за цяжкасцей з фінансаваннем працы было мала, скарачалі спецыялістаў. У выніку многія праекты засталіся нерэалізаванымі. Уздым дзейнасці арганізацыі прыйшоўся на канец 1990-х – пачатак 2000-х гг. Гэтаму спрыяла ўзнаўленне горадабудаўнічага падыходу да развіцця Мінска і, як вынік – павышэнне аб’ёмаў працы, пашырэнне штата супрацоўнікаў, інфарматызацыя і камп’ютарызацыя.
Сёння асноўнымі кірункамі дзейнасці прадпрыемства з’яўляюцца: распрацоўка праектаў планіроўкі і забудовы жылых раёнаў, мікрараёнаў і кварталаў, аб’ектаў жыллёва-грамадзянскага прызначэння і добраўпарадкавання горада, горадабудаўнічай дакументацыі Мінска і прыгараднай зоны, рэканструкцыі і капітальнага рамонту аб’ектаў аховы здароўя, жыллёва-грамадзянскага, сацыяльна-бытавога, камунальнага і вытворчага прызначэння, праектаванне інжынерных сетак і сістэм. Былі спраектаваны жыллёвыя комплексы «Вяснянка», «Уручча», «Сухарава», «Чырвоны Бор», «Масюкоўшчына», «Лошыца», «Каменная Горка», «Дружба»; будуюцца і добраўпарадкоўваюцца кварталы Мінска. Па праектах арганізацыі ўзведзены шматлікія будынкі школ, банкаў, гандлёвых кропак, устаноў аховы здароўя. Буйнымі праектамі з’яўляюцца будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, галоўны будынак чыгуначнага вакзала, гандлёвы цэнтр «Сталіца», крыты футбольны манеж.
«Мінскпраект» – уладальнік шматлікіх узнагарод, падзяк, дыпломаў, ганаровых грамат. Многім супрацоўнікам у розныя гады былі прысуджаны дзяржаўныя прэміі, нагрудныя медалі, ганаровыя званні. Неаднаразова прадпрыемства станавілася лаўрэатам міжнародных і нацыянальных конкурсаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.