Савет Міністраў Беларускай ССР распараджэннем ад 10.02.1960 № 162-р у мэтах паляпшэння навуковага інфармавання кіраўнічых партыйна-савецкіх і калгасна-саўгасных кадраў, працаўнікоў навуковых і навучальных устаноў рэспублікі пра навейшыя дасягненні айчыннай і замежнай сельскагаспадарчай навукі і тэхнікі дазволіў Міністэрству сельскай гаспадаркі БССР арганізаваць пры Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР Беларускую рэспубліканскую навуковую сельскагаспадарчую бібліятэку, якая з гэтага дня пачала дзейнічаць як цэнтральная бібліятэка аграрнай галіны. 14 жніўня 1970 г. для ўвекавечвання памяці акадэміка Акадэміі навук БССР, доктара сельскагаспадарчых навук І. С. Лупіновіча бібліятэцы было прысвоена яго імя. У 2002 г. яна была перададзена ў распараджэнне Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і перайменована ў Дзяржаўную ўстанову “Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка імя І. С. Лупіновіча” (далей БелСГБ) Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 1960–80-я гг. бібліятэка пры падтрымцы буйнейшых бібліятэк СССР скамплектавала дастатковы фонд дакументаў і ўлілася ў Дзяржаўную сістэму НТІ ў якасці рэспубліканскага галіновага органа. Сельскагаспадарчыя навука, адукацыя, кіраванне, вытворчасць у Беларусі развіваліся на інфармацыйнай базе БелСГБ і з яе дапамогай на аснове інфармацыйнага патэнцыялу СССР. У 1990-я гг. у бібліятэцы быў распрацаваны праект яе трансфармацыі, мэтай якога было стварэнне роўных умоў для беларускіх аграрных спецыялістаў па доступе да інфармацыі і іх удзеле ў інфармацыйных сістэмах. БелСГБ адна з першых прыняла новыя арыенціры развіцця, амаль цалкам змяніла тэхналогіі: спачатку выкарыстоўваліся персанальныя камп’ютэры, затым – сеткавая тэхналогія і, нарэшце, – Інтэрнэт.
Сёння ўстанова з’яўляецца рэспубліканскай навуковай галіновай бібліятэкай, нацыянальным дэпазітарыем літаратуры па пытаннях сельскай і лясной гаспадаркі, выконвае функцыю нацыянальнага галіновага інфармацыйнага цэнтра і накіроўвае сваю дзейнасць на інфармацыйнае забеспячэнне навуковых даследаванняў і распрацовак у галіне аграрных навук і аграпрамысловага комплексу (далей АПК) краіны. Інфармацыя, сабраная БелСГБ, належыць да важнейшых стратэгічных рэсурсаў развіцця нацыянальнай аграрнай навукі, эканомікі, палітыкі, вытворчасці, бізнесу, адукацыі. Бібліятэка арганізавала вольны доступ да міжнародных і нацыянальных інфармацыйных рэсурсаў па пытаннях АПК без абмежаванняў па ведамаснай прыналежнасці і сацыяльным статусе спажыўцоў інфармацыі. У аўтаматызаванай сістэме БелСГБ падтрымліваюцца і папаўняюцца больш за 50 нацыянальных і міжнародных бібліяграфічных і паўнатэкставых баз даных, у якіх размешчаны звыш 50 млн бібліяграфічных і фактаграфічных запісаў і мільёны старонак поўных тэкстаў сусветнага інфармацыйнага патоку. У бібліятэцы базы даных прадстаўлены ў поўным аб’ёме з моманту іх стварэння і з рэтраспекцыяй з пачатку XX ст. Калекцыя дакументаў налічвае 0,5 млн экз., доступ ажыццяўляецца праз электронны каталог, які вядзецца з 1992 г., і імідж-каталог, створаны ў 2008 г., дзе змешчаны звесткі пра рэтраспектыўныя дакументы БелСГБ. На сайце бібліятэкі прадстаўлены ў рэжыме рэальнага часу электронны каталог і імідж-каталог; размешчаны электронная версія галоўнага навуковага аграрнага часопіса Беларусі “Весцi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi. Серыя аграрных навук”, навігатар AgroWeb Belarus, які падае інфармацыю пра сельскагаспадарчыя ўстановы і іншыя важнейшыя аграпрамысловыя аб’екты і дапамагае ажыццяўляць узаемасувязі з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і былога СССР; www-навігатары “Інфармацыя пра дысертацыі”, “Інфармацыя пра НДВКП (НИОКР)”, “Часопісы”. Адна з галоўных задач БелСГБ – абслугоўванне аддаленых карыстальнікаў, асновай якога з’яўляецца рэгулярнае падаванне інфармацыі вучоным і спецыялістам па тэмах іх навуковых даследаванняў і распрацовак з нацыянальных і міжнародных баз даных. Штогод абслугоўваюцца навуковыя супрацоўнікі і спецыялісты звыш 40 навукова-даследчых і навучальных арганізацый па 2,2 тыс. тэматычных запытаў, выконваюцца каля 35 тыс. паставак інфармацыі.
З 1994 г. бібліятэка з’яўляецца нацыянальным інфармацыйным цэнтрам Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (далей ФАО) у Беларусі і ўдзельнічае ва ўсіх яе інфармацыйных праектах. З гэтага года БелСГБ як нацыянальны AGRIS-цэнтр (Міжнародная інфармацыйная сістэма па сельскагаспадарчых навуках і тэхналогіях) адбірае інфармацыю пра лепшыя нацыянальныя публікацыі навуковага, вытворчага, даведачнага і заканадаўчага характару па ўсіх аспектах сельскай гаспадаркі, апрацоўвае яе ў адпаведнасці з рэкамендацыямі ФАО і перадае ў Каардынацыйны цэнтр ФАО AGRIS у г. Рыме (Італія), які правярае якасць звестак і ўключае ў базу даных AGRIS. Штогадовы паток запісаў з бібліятэкі перавышае 1 тыс. бібліяграфічных апісанняў з рэфератамі на англійскай мове. За ўсе гады ўдзелу ў сістэме БелСГБ перадала каля 10 тыс. запісаў на нацыянальныя выданні. Сёння ўстанова паспяхова працуе ў праграме WebAgris 2.1, якая дзякуючы выкарыстанню новай тэхналогіі xml дазваляе пазбегнуць непатрэбнай транслітарацыі элементаў бібліяграфічных запісаў і прадстаўляць іх на мове арыгінала дакумента сродкамі Інтэрнэту. У 1995 г. БелСГБ стала членам AGLINET – Міжнароднай сеткі сельскагаспадарчых бібліятэк – і атрымала права на дастаўку нацыянальных дакументаў са шматлікіх краін свету. За 14 гадоў яна наладзіла партнёрскія сувязі з бібліятэкамі 37 краін свету і бясплатна атрымала поўныя тэксты звыш 38 тыс. дакументаў. Запатрабаваныя дакументы ў электроннай форме БелСГБ атрымлівае з большасці буйнейшых сусветных нацыянальных цэнтраў і сельскагаспадарчых бібліятэк. У 1998 г. па ініцыятыве Субрэгіянальнага офіса ФАО ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе бібліятэка прымала ўдзел у праекце фарміравання сродкаў AgroWeb-навігацыі па аграрных рэсурсах Інтэрнэту ў краінах Еўропы. Мэта дадзенага праекта – забяспечыць магчымасць простай і зручнай навігацыі замежным карыстальнікам па інтэрнэт-рэсурсах любой з краін, а таксама дазволіць беларускім карыстальнікам хутка і лёгка знайсці звесткі аб сусветнай аграрнай інфармацыйнай прасторы. БелСГБ стварыла нацыянальны навігатар AgroWeb Belarus (http://aw.belal.by), які атрымаў прызнанне не толькі ў беларускіх, але і замежных карыстальнікаў, а ў 2008 г. заняў трэцяе месца на прэстыжным у Беларусі конкурсе «Інтэрнэт-прэмія “Tibo-2008”» як лепшы інтэрнэт-рэсурс у намінацыі “Іншамоўны рэсурс пра Беларусь”. З 2006 г. бібліятэка мае афіцыйны статус нацыянальнага дэпазітарыя ФАО і бясплатна атрымлівае па адным экзэмпляры кожнай новай публікацыі ФАО па харчаванні, сельскай і лясной гаспадарцы, рыбнай гаспадарцы, сельскагаспадарчай эканоміцы, ветэрынарыі, статыстыцы.
БелСГБ – член Міжнароднай асацыяцыі спецыялістаў па сельскагаспадарчай інфармацыі, уваходзіць у Міжнародную асацыяцыю электронных бібліятэк і новых інфармацыйных тэхналогій, з’яўляецца адным з заснавальнікаў Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. За гады працы бібліятэка выдала карыстальнікам больш за 10 млн дакументаў і выканала сотні тысяч даведак. БелСГБ прапануе карыстальнікам больш за 30 інфармацыйных, тэхнічных і адукацыйных паслуг. Калектыў бібліятэкі кансалідаваны для выканання сваёй місіі, якая складаецца з наступных задач: забяспечыць транснацыянальны доступ да сусветных інфармацыйных рэсурсаў па пытаннях АПК; даставіць карыстальнікам дакументы з сусветнага інфармацыйнага патоку; арганізаваць высокапрафесійнае інфармацыйнае абслугоўванне карыстальнікаў; забяспечыць захаванасць дакументальнай памяці Беларусі ў галіне АПК і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г. Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкай імя І. С. Лупіновіча