Дата начала: 16.12.1388 Маладзечанскі раён, Мінская вобласць
Краткая справка: цэнтр раёна Мінскай вобласці
Названия на других языках: Molodechno (не определен); Молодечно (русский);
Гісторыя Маладзечна – гэта адлюстраванне шматвяковага шляху беларускага народа. З самага пачатку існавання з ім звязаны розныя гістарычныя і палітычныя падзеі Беларусі. Горад размешчаны на р. Уша, за 73 км на паўночны захад ад Мінска. З’яўляецца вузлом чыгуначных ліній на Мінск (электрыфікаваная), Вільнюс, Полацк, Ліду, аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Вільнюсам, Мядзелам, Валожынам. Сваю назву атрымаў, хутчэй за ўсё, ад назвы невялікай р. Маладчанкі, пры ўпадзенні якой у калісьці паўнаводную р. Уша быў пабудаваны Маладзечанскі замак. У пісьмовых крыніцах горад упершыню ўпамінаецца 16 снежня 1388 г. у прысяжным лісце князя Дзмітрыя Альгердавіча вялікаму князю Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) Ягайлу, што быў падпісаны ў Маладзечанскім замку. Археолагі сцвярджаюць, што яшчэ ў II тысячагоддзі да н. э. – VII ст. да н. э. на тэрыторыі сённяшняй Маладзечаншчыны жылі плямёны археалагічнай культуры шнуравой керамікі. У VI–IX стст. заселена плямёнамі крывічоў. У X–XIII стст. маладзечанскія землі ўваходзілі ў склад Полацкага княства і складалі яго ўскраіну. З XIII ст. адна за адной навакольныя тэрыторыі падпадаюць пад уплыў ВКЛ. З 1413 г. Маладзечна знаходзілася ў складзе Віленскага ваяводства ВКЛ. Як прыватнаўласніцкі двор і горад у розныя часы належала Заслаўскім, Мсціслаўскім, Сангушкам, Рагозам, Радзівілам, Агінскім, Тышкевічам. У Маладзечне адбываліся і важныя палітычныя падзеі. Тут у 1567 г. праходзілі папярэднія перагаворы прадстаўнікоў ВКЛ і Польшчы аб умовах Люблінскай уніі 1569 г. Геаграфічнае размяшчэнне было прычынай таго, што войны не абыходзілі Маладзечна. У ХVІ ст. яно неаднаразова спустошана ў час войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (у 1511, 1519, 1533) і Лівонскай вайны 1558–1583 гг. Да ХVІІ ст. Маладзечна мела каля 3 тыс. жыхароў, уваходзіла ў лік 20 буйнейшых гарадоў Беларусі. Паводле інвентару 1623 г. у ім было сем вуліц (Вялікая Замкавая, Малая Замкавая, Мінская, Агародніцкая, Рыначная, Лебедзеўская, Цюкомская). Цэнтрам з’яўляўся рынак з гандлёвымі радамі. У 1708 г. у час Паўночнай вайны 1700–1721 гг. горад быў захоплены шведскімі войскамі. У 1740 г. Маладзечна атрымала прывілей на правядзенне двух таргоў два разы на тыдзень (пятніца і нядзеля) і двух кірмашоў у год (вясной і восенню). Усё гэта спрыяла развіццю гандлю і пашырэнню гаспадарчай дзейнасці. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Маладзечна як мястэчка ўвайшло ў склад Расійскай Імперыі, стала цэнтрам воласці Вілейскага павета Мінскай губерні, з 1842 г. Віленскай губерні. У канцы ХVІІІ – пачатку XIX ст. належала славутаму роду Агінскіх. У 1811 г. намаганнямі Ф. Агінскага адкрыта дваранскае пяцікласнае павятовае вучылішча. У час вайны 1812 г. пры вызваленні мястэчка рускімі войскамі ад французаў адбыўся Маладзечанскі бой, што стаў адным з заключных баёў у зімовай кампаніі 1812 г. У гонар гэтай перамогі ў 1977 г. на ўскраіне горада пастаўлены помнік. Страты ў вайне былі велізарныя: амаль разбураны замак, мястэчка спалена, на палову скарацілася насельніцтва. Жыхары Маладзечна прымалі ўдзел у паўстаннях 1830–1831 гг. і 1863–1864 гг. У мястэчку паводле перапісу 1861 г. жылі 746 чалавек. На аснове павятовага вучылішча з 1860 па 1864 г. працавала Маладзечанская прагімназія. У 1864 г. на яе базе створана Маладзечанская настаўніцкая семінарыя – адна з першых у Расійскай Імперыі. У 1873 г. праз мястэчка пракладзена Лібава-Роменская чыгунка, якая звязала беларускія губерні з партамі Балтыйскага мора і Украінай і садзейнічала эканамічнаму росту. 14 студзеня 1873 г. ад невялікай драўлянай станцыі Маладзечна адправіўся першы цягнік. У другой палове XIX ст. цэнтрам мястэчка заставалася рыначная плошча, былі пабудаваны невялікія крамы, працавалі паштовая станцыя, піваварня. Ад плошчы крыжападобна разыходзіліся вуліцы на Мінск, Вільню, Вілейку і Гарадок. На ёй у 1867–1871 гг. была ўзведзена Свята-Пакроўская царква, якая захавалася да нашых дзён, – помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Недалёка знаходзілася сінагога. У Маладзечне жылі прадстаўнікі розных канфесій – праваслаўныя, католікі, мусульмане, пратэстанты і іншыя, – але ніколі не ўзнікалі канфлікты на рэлігійнай глебе.
Мястэчка пачало хутка апярэджваць суседнія населеныя пункты па колькасці насельніцтва і эканамічным развіцці. Паводле перапісу 1897 г. у Маладзечне ўжо было 2393 жыхары. Акрамя рамесных, швейных, абутковых майстэрняў з’явіліся чыгуначныя майстэрні, спіртзавод, паравы млын Дабравольскага. У пачатку ХХ ст. праз Маладзечна прайшла яшчэ адна чыгунка – Пецярбургска-Варшаўская, якая злучыла важныя рэгіёны Расійскай Імперыі. Мястэчка стала чыгуначным вузлом. У 1907 г. быў узведзены будынак вакзала. Рабочыя чыгуначнай станцыі актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905–1907 гг., у час Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 г. была паралізавана работа ўсяго чыгуначнага вузла. У ходзе Першай сусветнай вайны Маладзечна апынулася ў прыфрантавой паласе. Тут дыслацыраваліся часці 10-й арміі Заходняга фронту, размяшчаўся яе штаб, а таксама шпіталі, палявыя пякарні, ваенныя аптэкі, стайні і інш. У 1917 г. выдавалася армейская газета «Бюллетень военно-революционного комитета 10-й армии». Ваявалі пад Маладзечнам тры будучыя Маршалы Савецкага Саюза – Б. М. Шапашнікаў, Г. К. Жукаў і Р. Я. Маліноўскі.
Перыяд з 1917 па 1921 г. характарызуецца ў мястэчку, як ва ўсёй Беларусі, частай зменай улады. У сакавіку 1917 г. створаны Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Савецкая ўлада ўстаноўлена 20 лістапада 1917 г. З 18 лютага па 18 снежня 1918 г. Маладзечна акупіравана германскімі войскамі, з ліпеня 1919 г. па ліпень 1920 г. польскімі войскамі. У 1921 г. паводле Рыжскага мірнага дагавора яно ўвайшло ў склад Польшчы, стала цэнтрам гміны Вілейскага павета Віленскага ваяводства. Польскія ўлады, умацоўваючы свае заходнія межы, пабудавалі ў Маладзечне два ваенныя гарадкі – у раёне Замкавай вуліцы і ў былым маёнтку Галянова. Гэта будаўніцтва абумовіла прыток рабочай сілы і садзейнічала росту насельніцтва. У 1927 г. мястэчка стала цэнтрам Маладзечанскага павета. Пастановай Польскага сейма ў 1929 г. атрымала статус горада, быў створаны магістрат. З’явілася каля двух дзясяткаў новых вуліц. У параўнанні з 1921 г. у тры разы павялічылася колькасць насельніцтва. Але разам з тым адбыўся ўздым нацыянальна-вызваленчага руху. У Маладзечне дзейнічалі падпольныя раённыя камітэты Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі, арганізацыі Беларускай сялянска-рабочай грамады, Таварыства беларускай школы. У 1925, 1935, 1936 гг. адбыліся забастоўкі рабочых. З 1939 г. горад у складзе БССР. З 15 студзеня 1940 г. з’яўляўся цэнтрам раёна Вілейскай вобласці.
Трагічную старонку ў шматвяковы летапіс Маладзечна ўпісала Вялікая Айчынная вайна. З 25 чэрвеня 1941 г. горад акупіраваны нямецка-фашысцкімі войскамі. У ліпені 1941 г. на тэрыторыі былой Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі створаны Маладзечанскі лагер смерці (шталаг № 342) для масавага знішчэння савецкіх ваеннапалонных. Тэрыторыя была абгароджана калючым дротам, вязні размяшчаліся ў бараках без ацяплення. Ад голаду, фізічнага знясілення, эпідэміі тыфу і іншых хвароб яны масава паміралі. У лагеры сістэматычна праводзіліся расстрэлы вязняў. Дакументы сведчаць аб высокай смяротнасці, невыносных умовах утрымання ў ім. За калючы дрот лагера фашысты кідалі не толькі ваеннапалонных, але і жыхароў горада, дзяцей, якіх выкарыстоўвалі ў якасці донараў для нямецкіх салдат. Да чэрвеня 1944 г. было загублена 33 150 чалавек. На месцы лагера ў памяць аб ахвярах генацыду ў 1996 г. адкрыты мемарыяльны комплекс. Супраціўленне ворагу аказвалі партызаны і падпольшчыкі. Маладзечанскае патрыятычнае падполле дзейнічала з лютага 1942 г. па ліпень 1944 г. Найбольш баявой актыўнасцю вылучалася група Д. Я. Гярновіча, якая падтрымлівала сувязь з партызанскай брыгадай імя В. П. Чкалава, са спецатрадам «Дзіма». Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Савецкага інфармбюро, збіралі звесткі пра ўзбраенне гарнізона, рух войск і тэхнікі захопнікаў праз чыгуначны вузел, мініравалі і ўзрывалі эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага. Маладзечна было вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 5 ліпеня 1944 г. войскамі 3-га Беларускага фронту пры ўдзеле партызанскай брыгады «Народныя мсціўцы» ў ходзе Вільнюскай аперацыі. 13 вайсковым злучэнням і часцям нададзены ганаровыя найменні Маладзечанскіх. У 1946 г. у горадзе быў закладзены парк Перамогі, а ў 1982 г. у ім узведзены мемарыяльны комплекс у гонар вызваліцеляў. На будынку чыгуначнага вакзала ў 1974 г. у гонар патрыётаў устаноўлена мемарыяльная дошка. У час вайны горад амаль быў знішчаны. Таму на 1-й пасляваеннай сесіі гарадскога Савета 14 лістапада 1944 г. было прынята рашэнне, як мага хутчэй узнавіць Маладзечна. Значны ўклад у яго аднаўленне ўнёс П. М. Машэраў, які з 1944 па 1946 г. узначальваў Маладзечанскі абласны камітэт ЛКСМБ.
З 20 верасня 1944 г. горад стаў цэнтрам Маладзечанскай вобласці. За кароткі тэрмін ён быў не толькі адноўлены, але і значна пашырыў свае межы. З 20 студзеня 1960 г. Маладзечна – цэнтр раёна Мінскай вобласці. Горад развіваўся паводле генпланаў, распрацаваных у 1949, 1965, 1983 гг. З’явіліся плошча Леніна (цяпер Цэнтральная) і новы жылы раён побач з ёй. Тут жа праходзіць галоўная вуліца горада Вялікі Гасцінец – частка дарогі, што злучае Мінск і Вільнюс. У 1979 г. быў устаноўлены адзіны ў Беларусі помнік дарозе – Віленскаму тракту. Маладзечна мае свае афіцыйныя сімвалы: герб (зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 10 лютага 2000 г. № 39) і флаг (зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2008 г. № 398). Герб уяўляе сабой іспанскі шчыт, у аснове якога ў блакітным полі размешчана выява Багародзіцы ў залатой кароне на срэбнай хмары, блакітным і залатым адзенні і залатой мантыі з чырвоным падбоем, якая трымае ў руках блакітны покрыў з трыма кавалерскімі крыжамі залатога колеру. У цэнтры блакітнага прамавугольнага палотнішча флага таксама знаходзіцца выява Багародзіцы. У 2005 г. згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі Маладзечанскі раён і г. Маладзечна аб’яднаны ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку – Маладзечанскі раён з цэнтрам г. Маладзечна. Аб’яднанне дало магчымасць не толькі паляпшаць сацыяльна-эканамічнае развіццё, але і ўмацоўваць духоўна-культурныя традыцыі.
Сучаснае Маладзечна – горад з добра развітай машынабудаўнічай (ААТ «Электрамодуль», ААТ «Маладзечанскі станкабудаўнічы завод», РУП «Маладзечанскі радыёзавод “Спадарожнік”»), металаапрацоўчай (ААТ «Маладзечанскі завод металаканструкцый», ААТ «Маладзечанскі завод металавырабаў», ВРУП «Маладзечанскі завод парашковай металургіі», ЗАТ «Струм»), дрэваапрацоўчай (ЗАТ «Маладзечнамэбля», РУП «Фабрыка музычных інструментаў»), лёгкай (ААТ «Швейная фірма “Юнона”», ААТ «Швейная фабрыка “Дзіната”», Маладзечанская абутковая фабрыка, філіял сумеснага ТАА «Рэйліт»), харчовай (ААТ «Маладзечнапіва», ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат», ААТ «Канфа») прамысловасцю. Тут дзейнічаюць Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж, Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж Белкаапсаюза, Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага, ліцэі, сярэднія школы, мастацкая і музычная школы, бібліятэкі, кінатэатры, дамы культуры, бальніцы, цэнтр здароўя, дыягностыка-рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў і інш. Значную ролю ў адраджэнні традыцыйных нацыянальных культур адыгрываюць установы культуры і мастацтва – Мінскі абласны краязнаўчы музей, Мінскі абласны драматычны тэатр, Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка». Жыццё горада асвятляецца на старонках перыядычных выданняў «Маладзечанская газета», «Рэгіянальная газета», «Нядзеля ў Маладзечне». Сапраўдным цэнтрам культурнага адпачынку гараджан стаў арыгінальны па архітэктуры, велічны Палац культуры. Сюды з канцэртамі і спектаклямі прыязджаюць артысты не толькі з Беларусі, але і краін СНД. У 2011 г. у Маладзечне прайшоў рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі». Сучасны горад нельга ўявіць без штогадовага святкавання Дня горада, Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна». Кожнае з гэтых свят своеасаблівае і непаўторнае.
У кожным куточку горада, які паступова паўстае ва ўсёй сваёй велічы, з’яўляюцца новыя адметнасці часу. Пры ўездзе ў Маладзечна гасцей сустракае калона, што ўвянчана выявай Багародзіцы – заступніцы горада. Гэта работа скульптара А. Фінскага і архітэктара А. Сардарава. У цэнтры Маладзечна з’явілася незвычайная скульптура-фантан (аўтар Ю. Жбанаў) – выява доўгавалосай дзяўчыны і маладога хлопца, які трымае вянок. Галаву дзяўчыны, падобна кароне, таксама ўпрыгожвае вянок. Абедзве фігуры выкананы ў дынаміцы, быццам яны вось-вось выйдуць з трылісніку, у якім патанаюць іх ногі. Сюжэт скульптуры навеяны старажытным абрадавым святам Купаллем, трыліснік выбраны невыпадкова: калісьці гэта расліна была адным з сімвалаў Маладзечна і ўказвала тры напрамкі дарог – на Вільнюс, Гродна і Мінск. У горадзе ўстаноўлены помнікі славутым землякам – вядомаму дыпламату і кампазітару М. К. Агінскаму, Героям Савецкага Саюза А. І. Валынцу і Ф. Р. Маркаву, беларускаму гісторыку М. І. Ермаловічу.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.