Магутны ўдар па пазіцыях вермахта быў нанесены ў ходзе Вільнюскай наступальнай аперацыі, якая праводзілася адразу пасля завяршэння Мінскай аперацыі 1944 (з 5 па 20 ліпеня 1944 г.) войскамі 3-га Беларускага фронту (камандуючы генерал арміі І.Д. Чарняхоўскі). Галоўныя сілы фронту наступалі ў напрамку на Вільнюс і Каўнас. Перад імі стаяла задача не пазней за 10–12 ліпеня вызваліць сталіцу Літоўскай ССР, фарсіраваць Нёман і захапіць плацдармы на беразе ракі. Праціўнік не меў дастатковых сіл для прамога супраціўлення савецкім войскам і адбіваўся рэшткамі разбітых часцей і асобнымі злучэннямі. Нямецкае камандаванне спадзявалася затрымаць наступленне 3-га Беларускага фронту на загадзя падрыхтаваным рубяжы Даўгаўпілс – Вільнюс – Ліда, дзе сканцэнтравала адступаючыя часткі і злучэнні 3-й танкавай і 4-й палявой нямецкіх армій. Ужо ў пачатку аперацыі ва ўзаемадзеянні з беларускімі і літоўскімі партызанамі з 5 па 9 ліпеня былі вызвалены гарады Валожын, Маладзечна, Івянец, Гальшаны, Ашмяны, Юрацішкі, Іўе, Ліда. Асабліва моцную групоўку немцы стварылі ў раёне Вільнюса, дзе знаходзіўся даволі вялікі гарнізон (каля 12–15 тыс. чалавек), які ў ходзе аперацыі дадаткова ўзмацнілі некалькімі новымі злучэннямі. Каб аслабіць абарону праціўніка, камандаванне 3-га Беларускага фронту накіравала пад Вільнюс 5-ю гвардзейскую танкавую армію (камандуючы маршал бранятанкавых войск П.А. Ротмістраў), якая паступова перамяшчалася і акружала горад з поўдня; з поўначы падыходзіў 3-ці гвардзейскі механізаваны корпус (камандуючы генерал-лейтэнант танкавых войск В.Ц. Абухаў). 6 ліпеня немцы паспрабавалі правесці контратаку, аднак спыніць наступленне савецкіх войск не ўдалося, і 7-8 ліпеня Вільнюс быў поўнасцю акружаны. Гарнізон пад камандаваннем генерал-маёра Р. Штагеля заняў абарону і, хаця да 9 ліпеня большасць ключавых аб’ектаў, у тым ліку чыгуначная станцыя і аэрадром, былі захоплены савецкімі байцамі, вораг працягваў упарта супраціўляцца. У ноч з 12-га на 13 ліпеня нямецкая 6-я танкавая дывізія пры падтрымцы часткі дывізіі “Вялікая Германія” прабіла калідор да горада. Аперацыяй асабіста кіраваў генерал-палкоўнік Г. Рэйнгарт, камандуючы 3-й танкавай арміяй. З акружэння змаглі вырвацца 3 тыс. нямецкіх салдат і афіцэраў.
13 ліпеня горад быў вызвалены. У Вільнюсе і ваколіцах загінулі каля 8 тыс. нямецкіх салдат, 5 тыс. было ўзята ў палон. У час штурму сталіцы Літоўскай ССР байцы 11-й гвардзейскай (камандуючы генерал-палкоўнік К.М. Галіцкі) і 31-й (камандуючы генерал-палкоўнік В.В. Глаголеў) армій выйшлі да Нёмана і 15 ліпеня фарсіравалі раку ў раёне горада Алітуса і на поўдзень ад яго. 16 ліпеня была вызвалена правабярэжная частка Гродна.
Нямецкія часці паспрабавалі нейтралізаваць плацдармы за Нёманам. З гэтай мэтай камандаванне 3-й танкавай арміі стварыла баявую групу з падраздзяленняў 6-й танкавай дывізіі і дывізіі “Вялікая Германія”. У яе склад увайшлі два батальёны, мотапяхотны полк і самаходная артылерыя. Нямецкі контрудар 16 ліпеня быў накіраваны ў фланг 72-га стралковага корпуса 5-й арміі 3-га Беларускага фронту (камандуючы генерал-маёр А.І. Казарцаў). У глыбіні савецкай абароны непадалёк ад Каўнаса баявая група немцаў натыкнулася на 16-ю гвардзейскую знішчальна-супрацьтанкавую брыгаду і страціла ў ходзе бою 29 танкаў. Контратака захлынулася, а плацдармы за Нёманам былі ўтрыманы байцамі Чырвонай арміі.
Вялікую ролю ў баях за Вільнюс і пры фарсіраванні Нёмана адыграла 1-я паветраная армія (камандуючы генерал-палкоўнік авіяцыі Ц.Ц. Хрукін), у складзе якой дзейнічаў французскі авіяполк “Нармандыя – Нёман”.
У выніку Вільнюскай аперацыі з 5 да 20 ліпеня 1944 г. войскі 3-га Беларускага фронту прасунуліся на 210 км, што прывяло да стварэння спрыяльных умоў для выхаду да граніц Усходняй Прусіі. Масавы гераізм савецкіх воінскіх падраздзяленняў быў адзначаны прысваеннем ганаровых найменняў: 20 часцей і злучэнняў сталі “Віленскімі”, 13 – “Маладзечанскімі”, 4 – “Лідскімі”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.