Івянец – гарадскі пасёлак у Валожынскім раёне Мінскай вобласці, размешчаны на рацэ Волма.
Вядомы з пачатку XIV ст., як невялікае паселішча Івянец (ад слова Іва– дрэва), якое знаходзілася ў складзе Вялікага Княства Літоўскага і належала князю Вітаўту. У 1522 г. Івянец значыўся як мястэчка Мінскага павету і ўладанне Салагубаў. У 1550-х гг. тут ўзнікла пратэстанцкая абшчына, пры якой былі кальвінскі збор, школа, шпіталь. У 1606 г. быў пабудаваны драўляны касцёл. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. мястэчка было моцна разбурана. У 1702–1705 гг. пад кіраўніцтвам мясцовага магістра А. Чаховіча ў Івянцы пабудаваны кляштар францысканцаў, будынкі якога з’яўляюцца зараз помнікамі архітэктуры барока. З пачатку XVIII ст. мястэчка стала цэнтрам графства. Яго развіццю садзейнічалі гандлёвыя шляхі, якія праходзілі з Мінска ў Мір, Ашмяны, Валожын. Гандлявалі збожжам, ільном, вырабамі рамеснікаў, жывёламі, маслам, мёдам. У 1780 г. у мястэчку працавалі млын, фальварак, карчма, вінакурня.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Івянец быў далучаны да Расійскай імперыі і стаў цэнтрам воласці Мінскага павета. Паводле перапісу 1897 г. у Івянцы налічвалася 399 двароў, 2445 жыхароў. Працавалі вадзяны млын, 15 майстэрань для абпальвання гаршкоў, 9 кузняў, 64 крамы, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, народнае вучылішча. У пачатку XX ст. адкрыліся бальніца і амбулаторыя. У 1905–1907 гг. пабудаваны касцёл Святога Аляксея, які з’яўляецца помнікам архітэктуры неаготыкі.
У 1916 г., у час Першай сусветнай вайны, Івянец стаў прыфрантавым населеным пунктам, дзе размяшчаўся штаб расійскай арміі. З сакавіка па снежань 1918 г. пасёлак быў заняты германскімі войскамі. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 г. ён быў далучаны да Польшчы. У 1923 г. стаў цэнтрам гміны Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства. У лістападзе 1939 г. увайшоў у склад БССР. З 1940 г. Івянец – гарадскі пасёлак, цэнтр раёна і цэнтр пасялковага савета ў Баранавіцкай вобласці.
У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 г. быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У гады акупацыі на тэрыторыі раёна актыўна дзейнічала патрыятычнае падполле і партызанскія атрады, якія ажыццявілі шэраг дыверсій і буйных баявых аперацый па разгроме нямецкіх гарнізонаў і разбурэнні камунікацый. Так, 18 чэрвеня 1943 г. у Івянцы партызанамі быў разгромлены варожы гарнізон. Пры вызваленні пасёлка ў ліпені 1944 г. загінулі 122 воіны Чырвонай арміі і 20 партызан атрадаў “Бальшавік” і імя К.К. Ракасоўскага, якія пахаваны ў брацкай магіле на цэнтральнай плошчы.
Пасля вызвалення сталі праводзіцца аднаўленчыя работы. Пачалі працаваць раённая бальніца і пункт хуткай дапамогі, сярэдняя і вячэрняя школы, швейная, шавецкая і па апрацоўцы аўчын майстэрні, завод па вытворчасці масла, лесазавод. Івянец заўсёды славіўся сваімі рамеснікамі – малярамі, тынкоўшчыкамі, ганчарамі. Керамічная вытворчасць была і застаецца адным з яго вядучых промыслаў. У 1955 г. на базе прамысловага камбіната створана Івянецкая фабрыка мастацкай керамікі, вышыўкі і ткацтва.
Зараз у Івянцы працуе прадпрыемства па перапрацоўцы мяса, птушкафабрыка, лясніцтва, завод мастацкай керамікі, камбінат бытавога абслугоўвання, філіял кандытарскай фабрыкі “Слодыч”. Дзейнічаюць сярэдняя школа, гарпасялковая бібліятэка, Дом культуры, Цэнтр народных промыслаў і рамёстваў, гасцініца, музей традыцыйнай культуры, бальніца і інш. Захаваліся помнікі архітэктуры: Аляксееўскі касцёл (пабудаваны на працягу 1905–1907 гг.), кляштар францысканцаў (1702–1705 гг.), рэшткі сядзібы пачатку ХХ ст. Месцамі адпачынку для жыхароў і гасцей Івянца па традыціі з’яўляюцца жывапісныя берагі Волмы, гарадскі парк і скверы, якія ўтульна размешчаны ў розных частках пасёлка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.