Дата начала: пачатак сакавіка 1944 Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць
Дата окончания: 19.03.1944
Названия на других языках: Озаричские лагеря смерти в Великую Отечественную войну (русский);
У гады Вялікай Айчыннай вайны нямецкае камандаванне шырока прымяняла практыку выкарыстання грамадзянскага насельніцтва ў якасці жывой заслоны на шляху наступлення Чырвонай Арміі. Менавіта з гэтай мэтай на акупіраваных тэрыторыях фашысты стваралі канцэнтрацыйныя лагеры пад адкрытым небам, дзе ўтрымлівалі непрацаздольных грамадзян – жанчын, дзяцей, старых, інвалідаў і хворых.
У пачатку сакавіка 1944 г., напярэдадні адступлення з Гомельшчыны, недалёка ад пярэдняга краю абароны, нямецка-фашысцкія захопнікі стварылі тры лагеры, якія атрымалі назву Азарыцкія лагеры смерці (ці канцлагер «Азарычы»). Яны былі размешчаны каля г. п. Азарычы, вёсак Дзерць і Падасіннік у Даманавіцкім раёне Палескай вобласці (цяпер Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласці). Туды прывезлі і прыгналі каля 50 тыс. чалавек з Гомельскай, Магілёўскай, Палескай абласцей Беларусі, а таксама са Смаленскай і Арлоўскай абласцей Расіі. Зняволеных трымалі на адкрытых балоцістых мясцінах. Вакол тэрыторыі, агароджанай калючым дротам, былі пастаўлены кулямётныя вышкі, падыходы замініраваны. Людзей марылі голадам, не давалі пітной вады. Харчаваліся тым, што змаглі схаваць і трымаць пры сабе: зернем жыта, пшаніцы, проса і мукой, піць даводзілася толькі балотную ваду. Забаранялася рабіць зямлянкі і шалашы, збіраць сухое галлё для падсцілак, разводзіць кастры. За пратэст адразу расстрэльвалі. Паводле ўспамінаў вязняў, сакавік 1944 г. быў халодным, ночы марозныя, днём ішоў дождж, у сярэдзіне месяца выпаў снег. Каб дзеці не памерлі ад холоду, жанчыны збіралі іх на ноч у групы па 15–20 чалавек і ўкрывалі чым маглі. Гітлераўцы размясцілі ў лагерах сыпна-тыфозных хворых з мэтай распаўсюдзіць эпідэмію сярод наступаючых часцей Чырвонай Арміі. У такіх умовах вязні паміралі сотнямі. Трупы не вывозілі і не хавалі. Дакладную колькасць ахвяр вызначыць цяжка, бо многія былі забіты яшчэ на шляху ў лагеры, не выжылі пасля вызвалення і памерлі ад хвароб, кулявых і асколачных раненняў. Азарыцкія лагеры існавалі толькі дзевяць дзён, але былыя вязні падкрэсліваюць, што гэта былі самыя страшныя дні ў іх жыцці, якія ўдалося перажыць толькі цудам.
Пад націскам войск 1-га Беларускага фронту фашысты пачалі адступаць і ноччу 19 сакавіка 1944 г. пакінулі лагеры. Раніцай на іх тэрыторыі з'явіліся воіны Чырвонай Арміі. Па распараджэнні камандуючага 1-га Беларускага фронту, генерала арміі К.К. Ракасоўскага, каля г. п. Азарычы было створана 25 ваенна-палявых шпіталяў для аказання медыцынскай дапамогі вязням і накіравана ў лагеры каля 2 тыс. салдат. На працягу некалькіх дзён з Азарыцкіх лагераў вызвалілі 33480 чалавек, з іх 15960 дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў, 13072 жанчын, 4448 старых. Нягледзячы на меры, што прымаліся камандаваннем, многія вязні падарваліся на мінах, памерлі ў шпіталях ад раненняў, абмаражэння, інфекцыйных і іншых хвароб. Больш за 50 воінаў Чырвонай Арміі, якія прымалі ўдзел у выратаванні тыфозных хворых, заразіліся і не выжылі. Ваенная пракуратура 65-й арміі правяла расследаванне злачынстваў нацыстаў на тэрыторыі Азарыцкіх лагераў. Следчыя матэрыялы былі прадстаўлены на Нюрнбергскім працэсе. У Беларусі ў 1946–1947 гг. прайшоў шэраг судовых працэсаў над некаторымі афіцэрамі вермахта па абвінавачанні іх у злачынствах, учыненых у Азарычах.
У 1965 г. на месцы лагера пабудавалі мемарыяльны комплекс. 26 чэрвеня 2004 г. у г. п. Азарычы быў адкрыты Музей памяці. 18–20 сакавіка 2019 г. адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Азарыцкіх лагераў, якія былі арганізаваны пры ўдзеле міжнароднага грамадскага аб’яднання «Узаемаразуменне», Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ё. Рау, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама Калінкавіцкага райвыканкама. У час мерапрыемстваў адбылася прэзентацыя кнігі «Полесье: трагедия и память», аўтарамі якой з'яўляюцца былыя вязні А. Шкуран і М. Сінькевіч. У мемарыяльнага комплекса ў г. п. Азарычы прайшоў памятны мітынг; была арганізавана выстаўка «Азарычы: трагедыя мірнага насельніцтва Беларусі», аснову яе экспазіцыі склалі фатаграфіі, зробленыя 18–19 сакавіка 1944 г. ваеннымі карэспандэнтамі; адбыўся паказ дакументальнага фільма «Азарычы, 1944 г.», знятага ў 2005 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.