Дата начала: 1407 Докшыцкі раён, Віцебская вобласць
Краткая справка: цэнтр раёна Віцебскай вобласці
Названия на других языках: Докшицы (русский);
Горад Докшыцы з'яўляецца цэнтрам Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. Размешчаны ў вярхоўі р. Бярэзіна, за 200 км на захад ад Віцебска, 12 км ад чыгуначнай станцыі Параф'янава на лініі Маладзечна–Полацк. Аўтадарогамі злучаны з Вілейкай, Глыбокім, Лепелем, Бягомлем.
Узніклі Докшыцы як сяло ў складзе Харэцкай воласці Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), частка якой была падаравана вялікім князем Вітаўтам віленскаму намесніку Манівіду. Упершыню ўпамінаюцца ў 1407 г., калі буйны землеўладальнік атрымаў пацвярджэнне на сялян-даннікаў, сярод якіх былі названы «доксичане». Пасля смерці Манівіда Докшыцы перайшлі да яго сына Івана, у 1458 г. да сына апошняга – Войцеха. У 1475 г. спадчына была падзелена паміж сёстрамі Ядвігай (жонкай Алехны Судзімонтавіча) і Софьяй (жонкай Мікалая Радзівілавіча). Пазней Докшыцы зведалі яшчэ большае драбненне. Яны ў розны час належалі Гальшанскім, Радзівілам, Кішкам і інш. Паводле адміністратыўнай рэформы ВКЛ 1565–1566 гг. Докшыцы ўваходзілі ў Менскі павет. У 1608 г. Станіслаў Кішка заснаваў у Докшыцах драўляны касцёл і падараваў яму фальварак Туркі. У 1621 г. Докшыцы атрымалі статус мястэчка. У 1708 г. у час Паўночнай вайны мястэчка і касцёл былі спалены шведамі (касцёл адноўлены ў 1745–1753 гг., у 1781 г. пры ім утвораны невялікі кляштар). Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Докшыцы далучыліся да Расійскай Імперыі і сталі цэнтрам Докшыцкага павета Мінскай губерні. У 1795 г. атрымалі статус горада, у 1796 г. герб (з'яўляецца сучасным гербам): у зялёным полі на двух узгорках ляжаць збаны, з якіх цякуць сярэбраныя крыніцы (сімвалы рэк Бярэзіны і Віліі, якія бяруць пачатак непадалёку ад горада). З 1797 г. Докшыцы знаходзіліся ў складзе Барысаўскага павета Мінскай губерні, былі заштатным горадам, які хутка зноў стаў называцца мястэчкам (яго тэрыторыя была падзелена паміж суседнімі Барысаўскім і Вілейскім паветамі). Большая частка ўладанняў (106 двароў) была канфіскавана расійскім урадам і належала генерал-маёру В. Мілашэвічу. 42 двары складалі частку ўдавы Людвігі Гутаровічавай і называліся Докшыцкай Слабадой (Лісоўшчынай), якая пазней стала ўласнасцю Ігнацыя і Бенядзікта Пяткевічаў. 4 двары былі заселены чыншавай шляхтай і належалі плябаніі мясцовага касцёла. Усяго насельніцтва складала 1118 чалавек (507 мужчын і 611 жанчын). Існавалі яўрэйская школа і дзве ўніяцкія царквы. У Докшыцах праводзіўся кірмаш у дзень святой Троіцы, у Докшыцкай Слабадзе – у дзень Узвіжання Крыжа. У 1812 г. горад быў заняты французскімі войскамі, разрабаваны і часткова спалены. У 1843 г. уладанні касцёла былі канфіскаваны, уніяцкія цэрквы пераўтвораны ў праваслаўныя. Пасля скасавання прыгоннага права ў 1861 г. Докшыцы сталі цэнтрам Докшыцкай воласці. У 1863 г. пабудавана новая праваслаўная царква і адкрыта гарадское вышэйшае раманаўскае вучылішча. Паводле перапісу 1904 г. у Докшыцах 4103 жыхары, 435 драўляных і 1 мураваны дом, 2 пачатковыя школы, 2 гасцініцы, 2 сукнавальні. Да сярэдзіны ХIХ ст. у горадзе было 2 заводы: вінакурны і медаварны. У пачатку ХХ ст. папулярнасць сярод мясцовых жыхароў набыў народны прафесійны лялечны тэатр – батлейка Патупчыка. У 1902 г. у Докшыцах працавала двухкласнае пачатковае вучылішча (з 1907 г. чатырохкласнае, з 1913 г. вышэйшае пачатковае). Пасля рэвалюцыі 1905–1907 гг. адкрыта прыватнае аднакласнае жаночае яўрэйскае вучылішча. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. Докшыцы адышлі да Польшчы, былі цэнтрам гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. У 1926 г. у Докшыцах пабудавана электрастанцыя. З 1939 г. горад у складзе БССР, у Вілейскай вобласці. З 15 студзеня 1940 г. стаў цэнтрам раёна. У Вялікую Айчынную вайну ў 1941 г. быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі войскамі. На тэрыторыі горада стаяў буйны гарнізон захопнікаў, які неаднаразова быў разгромлены партызанамі. Дзейнічалі падпольныя райкамы. Вызвалены горад 2 ліпеня 1944 г. войскамі 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту сумесна з партызанамі брыгады «Жалязняк». З 1944 г. знаходзіўся ў складзе Полацкай, з 1954 г. Маладзечанскай, з 1960 г. Віцебскай абласцях.
Сучасны горад развіваецца згодна з генпланам на 2011–2013 гг. Адміністрацыйна-грамадскі цэнтр захаваў гістарычную планіроўку ХVII ст. Прамысловая зона пашыраецца ў паўночна-заходнім і паўночна-ўсходнім напрамках. У Докшыцах дзейнічаюць хлебазавод, філіял «Лепельскі малочна-кансервавы камбінат», камбінат бытавога абслугоўвання, прадпрыемства меліяратыўных сістэм і інш. Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць цэнтральная раённая бальніца, раённая паліклініка, аптэкі, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Размяшчаецца раённая ветэрынарная станцыя. На 2016 г. у горадзе 6, 9 тыс. жыхароў. Дзейнічаюць гарадскі Цэнтр культуры, раённы архіў, Дом рамёстваў, канцэртная зала «Іскра», цэнтральная раённая і дзіцячая бібліятэкі, Цэнтр дзіцячай творчасці. Ёсць 2 сярэднія агульнаадукацыйныя школы, ДЮСШ, дзіцячая школа мастацтваў, музычная школа, 5 дзіцячых дашкольных устаноў, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, водна-аздараўленчы цэнтр і інш. Існуюць зоны адпачынку – паркі, скверы, вадасховішча з добраўпарадкаванымі набярэжнымі. У 2008 г. пабудаваны аўтастанцыя, у 2007–2011 гг. шматпавярховыя дамы. Былі праведзены капітальны рамонт з мадэрнізацыяй будынка райвыканкама (2006), кінатэатра (2008), добраўпарадкаванне гарадскога рынку і вуліцы Пушкінская (2011), рэканструкцыя малых архітэктурных формаў у горадзе і інш. Збярогся помнік архітэктуры канца ХIХ–пачатку ХХ ст. – Пакроўская царква. Таксама ў горадзе знаходзяцца брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан (сярод пахаваных Герой Савецкага Саюза І. С. Палявой), магіла ахвяр фашызму, помнік Вызвалення і інш. Ёсць гасцініца. 2 разы ў тыдзень выдаецца раённая газета «Родныя вытокі».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.