Чавусы – горад у Магілёўскай вобласці, цэнтр Чавускага раёна. Знаходзіцца за 41 км на паўднёвы ўсход ад Магілёва, у 5 км ад чыгуначнай станцыі Чавусы на лініі Магілёў – Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Слаўгарад, Мсціслаў, Чэрыкаў. Размешчаны на рацэ Басі (прыток ракі Проні).
Населены пункт вядомы з сярэдзіны XVI ст. як вёска Чавусавічы ў Вялікім Княстве Літоўскім, з 1589 г. знаходзілася ў складзе Магілёўскай эканоміі. У 1604 г. вёска атрымала статус горада, а ў 1634 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў ІV Ваза надаў Чавусам прывілей на магдэбургскае права і герб з выявай Святога Марціна, узброенага мячом, вярхом на кані. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) горад быў заняты рускімі войскамі. У снежні 1654 г. цар Аляксей Міхайлавіч перадаў яго ў валоданне палкоўніку Канстанціну Паклонскаму. З вясны 1656 г. Чавусы з’яўляліся рэзідэнцыяй казацкага палкоўніка Івана Нячая. Восенню 1660 г. у горад увайшлі войскі Рэчы Паспалітай. У 1708 г. у час Паўночнай вайны (1700–1721) шведы разрабавалі Чавусы і яго наваколле.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. горад быў далучаны да Расійскай імперыі, стаў цэнтрам павета Магілёўскай губерні, у 1781 г. атрымаў новы герб – на чырвоным полі перакрыжаваныя шабля і меч, аб’яднаныя лаўровым вянком. Геральдыка герба звязана з перамогай у 1708 г. рускіх войск над шведамі ў ваколіцах горада, каля вёскі Лясная. Гэты ж малюнак узяты за аснову сучаснага герба, зацверджанага ў 2005 г.
У час вайны 1812 г. Чавусы былі спустошаны і разграблены. Паступова горад адбудоўваўся. У 1839 г. дзейнічала палатняная мануфактура, двойчы ў год адбываліся кірмашы, на якія прыязджалі купцы з розных месцаў, у тым ліку з Расіі і Рыгі. Паводле перапісу 1897 г. у Чавусах пражывала 4690 жыхароў. З 1901 г. працавалі трохкласнае гарадское вучылішча, царкоўна-прыходская школа. У 1904 г. дзейнічалі бальніца, друкарня, бібліятэка-чытальня і інш. З 25 мая 1919 г. Чавусы знаходзіліся ў складзе Гомельскай губерні РСФСР, 3 сакавіка 1924 г. увайшлі ў склад БССР, з 17 ліпеня 1924 да 26 ліпеня 1930 г. з’яўляліся цэнтрам Чавускага раёна Магілёўскай акругі. 20 лютага 1938 г. горад быў уключаны ў склад Магілёўскай вобласці. У 1920-я гг. тут дзейнічалі народны дом, аптэка, крэдытнае таварыства, працавалі электрастанцыя, цагельна-ганчарная арцель “Чырвоны цагельнік”, кравецкая арцель, сыраробны завод, метэаралагічная станцыя. У 1931 г. створана машынна-трактарная станцыя, якая ў 1936 г. мела 50 трактароў і іншую тэхніку.
У час Вялікай Айчыннай вайны 15 ліпеня 1941 г. Чавусы былі акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі ў горадзе і раёне 1786 чалавек. Вызвалены 25 чэрвеня 1944 г. часцямі 50-й арміі 2-га Беларускага фронту сумесна з партызанскім палком “Трынаццаць” (камандзір С.У. Грышын) у ходзе Магілёўскай аперацыі.
Адразу пасля вайны была адноўлена тэлеграфная і тэлефонная сувязь, хутка расла прамысловасць, будаваліся транспартныя магістралі.
У 1957, 1976 і 2008 гг. распрацаваны генеральныя планы горада. Архітэктурна-планіровачная структура Чавусаў квартальная з прамавугольнай сеткай вуліц. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу, цэнтральная частка горада забудавана шматпавярховымі жылымі дамамі. Галоўная вуліца – Ленінская, на яе перакрыжаванні з вуліцай Савецкай сфарміравана плошча, дзе склаўся адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр.
У цяперашні час у Чавусах працуюць 2 сярэднія школы, 5 дзіцячых дашкольных устаноў, дзіцячая школа мастацтваў, сацыяльна-педагагічны цэнтр, раённы Цэнтр культуры і адпачынку, гісторыка-краязнаўчы музей, цэнтральная раённая бібліятэка, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, бальніца, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Дзейнічаюць завод жалезабетонных вырабаў, аграсэрвіс, лясгас і інш. Выдаецца раённая газета “Іскра”. Штогод да Міжнароднага дня абароны дзяцей у Чавусах праходзіць раённы конкурс дзіцячай творчасці “Маленькая зорка”.
У горадзе знаходзяцца праваслаўная Свята-Узнясенская царква, каталіцкі касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну, магілы ахвяр фашызму. У гарадскім парку створана Алея Герояў Савецкага Саюза і Герояў Сацыялістычнай працы – ураджэнцаў Чавускага раёна. Захаваліся помнікі археалогіі: стаянка эпохі неаліту, 2 селішчы (II–X стст.), курганныя могільнікі (IX–XII стст.).
Чавусы з’яўляюцца радзімай Героя Савецкага Саюза ваеннага разведчыка Л.Я. Маневіча, генерал-маёра М.І. Панфіловіча, генерал-лейтэнанта артылерыі Ц.У. Мельнікава, аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Мінскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну Г.Р. Чарняўскага, беларускага прававеда, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара юрыдычных навук, прафесара С.П. Маргунскага, доктара тэхнічных навук, прафесара У.А. Маркава, беларускага жывапісца-пейзажыста, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі У.М. Кудрэвіча, беларускага паэта Л.М. Юркевіча (Юркі Лявоннага).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.