Краткая справка:
першая на тэрыторыі Беларусі і Расіі вышэйшая сельскагаспадарчая школа, вядучая вышэйшая навучальная ўстанова ў нацыянальнай сістэме адукацыі ў галіне падрыхтоўкі кадраў для сельскай гаспадаркі, лаўрэат Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2021)
Краткие названия:
БСГА
Варианты названия:
Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія
Названия на других языках:
Белорусская государственная сельскохозяйственная академия (русский);
Предыдущие названия:
Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія; Беларускі сельскагаспадарчы інстытут; Горы-Горацкая земляробчая школа; Горы-Горацкі земляробчы інстытут
8399 символов
Справка
Гісторыя Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі (БДСГА) пачынаецца з 1836 г., калі царскім урадам было прынята рашэнне аб стварэнні ў маёнтку Горы-Горкі (тэрыторыя сучаснага г. Горкі Магілёўскай вобласці) земляробчай школы. У 1837 г. пачалося яе будаўніцтва, 15 жніўня 1840 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё.
Дзякуючы добрай арганізацыі навучальнага працэсу і запрашэнню кваліфікаваных педагогаў Горы-Горацкая земляробчая школа хутка набыла папулярнасць не толькі ў Расіі, але і Еўропе. Яе дырэктарам быў прызначаны доктар філасофіі, выпускнік Дэрптскага ўніверсітэта Ф. Ф. Стэндэр. Першымі выкладчыкамі сталі С. Ф. Фёдараў (вучоны ў галіне землеўладання), прафесар Б. А. Міхельсон (спецыяліст па аграноміі), архітэктар А. Кампіоні (чытаў курс “Сельская архітэктура”) і інш. З самага адкрыцця ў школе працавала бібліятэка. Згодна з дакументам “Положение о Горы-Горецкой земледельческой школе” яна мела два разрады. Першы (ніжэйшы) камплектаваўся з юнакоў ад 16 да 20 гадоў розных саслоўяў (у тым ліку сялян, якія скончылі пачатковую школу). Там вялася падрыхтоўка земляробаў для вядзення гаспадаркі. На працягу трох гадоў вывучаліся спецыяльныя сельскагаспадарчыя прадметы, граматыка і Закон Божы, на доследных палях і ферме выконваліся практычныя работы. Выпускнікі першага разраду, за выключэннем прыгонных (іх вярталі памешчыкам), мелі доступ у другі разрад (вышэйшы), які папаўняўся навучэнцамі з вышэйшых саслоўяў. Вялася падрыхтоўка аграномаў для казённых і памешчыцкіх маёнткаў. 19 студзеня 1842 г. другі разрад Горы-Горацкай земляробчай школы быў рэарганізаваны ў самастойную вышэйшую навучальную ўстанову, якая ў канцы чэрвеня 1848 г. пераўтворана ў Горы-Горацкі земляробчы інстытут з чатырохгадовым тэрмінам навучання. Гэта была першая ў Расіі сельскагаспадарчая навучальная ўстанова “с правом университета”. Рэформа закранула і ніжэйшы разрад школы, які стаў земляробчым вучылішчам, дзе навучэнцы атрымлівалі сярэднюю спецыяльную адукацыю. У сярэдзіне ХІХ ст. Горы-Горацкі земляробчы інстытут стаў цэнтрам айчыннай доследнай аграноміі. Там распрацоўваліся навуковыя праблемы развіцця земляробства, даследаваліся і прапаноўваліся метады і шляхі ліквідацыі адсталасці краіны. Многія яго выпускнікі (А. В. Саветаў, І. А. Сцебут, А. М. Бажанаў, І. М. Чарнапятаў, Я. С. Фалькоў, М. С. Міцуль і іншыя) пакінулі яркі след у гісторыі рускай сельскагаспадарчай навукі. Па падручніках выкладчыкаў і выхаванцаў інстытута С. С. Касовіча (батаніка), К. Д. Шміта (хімія), Э. Ф. Рэго (садаводства і агародніцтва), А. М. Людагоўскага (эканоміка) навучаліся цэлыя пакаленні студэнтаў расійскіх сельскагаспадарчых устаноў. У 1864 г. інстытут быў пераведзены ў Санкт-Пецярбург. У Горках засталіся земляробчая школа, каморніцка-таксатарскія класы, вучэбная ферма, у 1872 г. пачало працаваць рамеснае вучылішча. Новая старонка ў гісторыі інстытута пачалася 7 красавіка 1919 г. У гэты дзень калегія Народнага камісарыята асветы РСФСР прыняла рашэнне аб аднаўленні яго дзейнасці. На першым пасяджэнні савета Горацкага сельскагаспадарчага інстытута рэктарам абралі прафесара У. І. Кіркора. Сярод выкладчыкаў былі вядомыя вучоныя Я. М. Афанасьеў, І. К. Богаяўленскі, М. І. Бурштэйн, І. Г. Васількоў, В. В. Вінер, Г. М. Высоцкі, А. Д. Дубах, А. І. Кайгародаў, В. М. Лубяка, К. Г. Рэнард і інш. У інстытуце штогод праходзілі з’езды, нарады па даследчай справе і распаўсюджванні ведаў па аграноміі, глебазнаўстве, меліярацыі і іншых навуках, працавалі курсы, у 1925 г. адкрыты рабфак. З 1920 па 1924 г. былі апублікаваны 135 значных навуковых прац, выдадзены “Записки Горецкого сельскохозяйственного института” (т. 1, 1923; т. 2, 1924), “Труды Горецкой сельскохозяйственной опытной станции” (1924). Пры інстытуце працавалі ўласная друкарня і літаграфія, бібліятэка, якую 55 гадоў узначальваў заслужаны дзеяч культуры БССР Д. Р. Новікаў.
У 1925 г. у выніку аб’яднання Горацкага сельскагаспадарчага інстытута і Беларускага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі (заснаваны ў Мінску ў 1922 г.) была ўтворана Беларуская дзяржаўная акадэмія сельскай гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. У яе вучэбныя планы ўведзены новыя дысцыпліны: электрыфікацыя і механізацыя сельскай гаспадаркі, эканамічная геаграфія, сельскагаспадарчае раяніраванне, арганізацыя буйнога сацыялістычнага земляробства, аграрная палітыка, біялагічная хімія і інш. У 1930-я гг. у СССР была праведзена рэформа вышэйшай адукацыі. У 1931 г. акадэмію падзялілі на 11 галіновых інстытутаў, з іх 7 засталіся ў Горках. Гэта прывяло да росту апарату кіравання, ліквідацыі адзінага выкладчыцкага калектыву, раздробленасці вучэбнай і вытворчай баз. У жніўні 1933 г. Саветам Народных Камісараў прынята пастанова аб аб’яднанні ўсіх горацкіх інстытутаў у адну вышэйшую навучальную ўстанову – Беларускі сельскагаспадарчы інстытут, у якім пачалі дзейнічаць пяць асноўных факультэтаў. Праз год была адкрыта завочная форма навучання. У снежні 1940 г. у сувязі з 100-гадовым юбілеем і за вялікія дасягненні ў развіцці навукі інстытут узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У гады Вялікай Айчыннай вайны выкладчыкі і студэнты ўстановы ваявалі на ўсіх франтах, удзельнічалі ў партызанскім і падпольным руху. Многія з іх узнагароджаны ордэнамі і медалямі, У. Е. Лабанку і М. Т. Сушанаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Калектыў акадэміі захоўвае памяць пра тых, хто набліжаў Дзень Вялікай Перамогі. Сімвалам мужнасці і гераізму сталі мемарыяльны комплекс і помнік “Гаротная маці”, узведзеныя на тэрыторыі акадэмічнага гарадка. На адміністрацыйным корпусе ўстаноўлены дзве мемарыяльныя дошкі ў гонар загінуўшых падпольшчыкаў і студэнтак, якія атрымалі ў інстытуце кваліфікацыю медыцынскіх сясцёр і ў першыя дні вайны пайшлі на фронт.
У снежні 1945 г. Беларускі сельскагаспадарчы інстытут аднавіў дзейнасць. У 1948 г. пастановай Савета Міністраў БССР быў рэарганізаваны ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. У наступныя гады адбывалася яе далейшае паспяховае развіццё: адкрываліся новыя факультэты, аднаўляліся і будаваліся вучэбныя карпусы, інтэрнаты, жылыя дамы. З 1962 г. пачалася падрыхтоўка спецыялістаў для замежных краін. У 1976 г. акадэмія была ўзнагароджана ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. У 1995 г. установа атрымала сучасную назву.
Сёння акадэмія – гэта горад у горадзе, у якім пабудаваны 16 навучальных карпусоў, 13 студэнцкіх інтэрнатаў, бібліятэка з кніжным фондам больш за 1 млн экзэмпляраў, Палац культуры, спартыўны комплекс з басейнам, жылыя будынкі, дзіцячы сад, сталовая. На тэрыторыі ўстановы знаходзіцца таксама вучэбна-навуковы цэнтр “Вопытныя палі БДСГА”, вучэбны палігон, конна-спартыўная школа, каскад сажалак. Самым экзатычным месцам і своеасаблівай навукова-даследчай лабараторыяй з’яўляецца батанічны сад, які быў заснаваны яшчэ пры Горы-Горацкай земляробчай школе. Яго галоўная экспазіцыя дэндрарый (з 1963 г. помнік прыроды рэспубліканскага значэння).
Акадэмія мае статус вядучай вышэйшай навучальнай установы ў нацыянальнай сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь у галіне падрыхтоўкі кадраў для сельскай гаспадаркі (атрыманы ў 1997 г.). На 60 яе кафедрах працуе больш за 600 выкладчыкаў, сярод якіх – 52 дактары навук і прафесары, каля 300 кандыдатаў навук і дацэнтаў. На 16 факультэтах навучаецца каля 15 тыс. студэнтаў па 24 спецыяльнасцях і 16 спецыялізацыях. За час існавання было выпушчана больш за 80 тыс. спецыялістаў. Акадэмія ганарыцца тым, што першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка – яе выпускнік. Вялікая ўвага ў БДСГА надаецца навукова-даследчай дзейнасці. За апошнія пяць гадоў былі выдадзены 79 манаграфій, 173 падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, 92 зборнікі навуковых прац. У акадэміі выходзяць газеты “Савецкі студэнт”, часопіс “Вестник Белорусской государственной сельскохозяйственной академии”. Значная частка прафесарска-выкладчыцкага складу ўстановы ўдзельнічае ў выкананні розных навуковых праграм і праектаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Фонду фундаментальных даследаванняў. Акадэмія займае лідзіруючую пазіцыю ў рэспубліцы па развіцці міжнародных сувязяў, актыўна супрацоўнічае з вядучымі аграрнымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Еўропы, ЗША, Кітая, Расіі, Казахстана і іншых краін.
Гл. таксама: “Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія”. – Рэжым доступу: www.baa.by.