Краткая справка:
адна з галоўных хрысціянскіх святынь Беларусі
Названия на других языках:
Жировичская икона Божьей Матери (русский);
3795 символов
Справка
Адной з галоўных хрысціянскіх святынь Беларусі з’яўляецца Жыровіцкі абраз Маці Божай, які ўшаноўваецца праваслаўнай і грэка-каталіцкай цэрквамі як цудатворны. Рэльефная выява на маленькім авальным яшмавым камені вось ужо больш за пяць стагоддзяў збірае да Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра шматлікіх паломнікаў не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з суседніх краін.
Гісторыя абраза здаўна прываблівае сваімі таямніцамі даследчыкаў. З’яўленне яго ўпершыню было апісана жыровіцкім іераманахам Феадосіем Баравіком у 1622 г. Згодна з яго рукапісным творам «Гісторыя, або Аповесць пра абраз Дзевы Марыі Жыровіцкай», святыня была знойдзена каля Жыровіч (зараз вёска ў Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці) пастухамі, якія пасвілі статак уладальніка мястэчка, падскарбія надворнага Вялікага Княства Літоўскага А. Солтана. Яны ўбачылі незвычайнае ззянне на грушы-дзічцы ў лесе, якое даваў маленькі каменны абраз з выявай Божай Маці з дзіцем на правай руцэ. Знаходку аднеслі гаспадару, які паклаў яе ў куфэрак. Аднак адтуль абраз дзіўным чынам знік, а на наступны дзень быў зноў знойдзены на тым жа дрэве ў лесе. Апісаныя падзеі, па меркаванні аўтара, адбыліся недзе ў другой палове XV ст. Згодна з больш познімі даследаваннямі, гэта магло здарыцца ў 1493–1495 гг., аднак афіцыйна прынятай датай з’яўлення абраза быў выбраны 1470 г.
Уладальнік Жыровіч вырашыў пабудаваць на месцы з’яўлення абраза храм у гонар Прасвятой Багародзіцы і змясціў там знойдзеную выяву, аздобіўшы яе каштоўнай рызай. Вестка аб з’яўленні абраза разнеслася па наваколлі. Мноства багамольцаў сталі прыходзіць да яго, каб пакланіцца. У 1520 г. драўляная царква згарэла, аднак маленькі абразок, які ад нагрэву набыў цёмна-чырвонае адценне, зноў дзіўным чынам адшукалі на камені ля пажарышча. Згодна з легендай, яго пакінула там незвычайнай прыгажосці незнаёмка, якая малілася побач. З цягам часу храм быў адноўлены, а недалёка ўзнік кляштар. Ужо з канца XVI ст. Жыровіцкі абраз Маці Божай стаў адной з найбольш шанаваных святынь Рэчы Паспалітай і набыў славу шматлікімі цудоўнымі вылячэннямі. Мясцовыя жыхары і паломнікі сцвярджалі, што пасля малітвы каля абраза яны атрымлівалі дапамогу. Да яго звярталіся людзі розных саслоўяў, у тым ліку магнаты (Войны, Палубінскія, Радзівілы, Сапегі), каралі Рэчы Паспалітай – Уладзіслаў IV (1644), Ян ІІ Казімір (1651), Ян ІІІ Сабескі (1683), Аўгуст ІІІ (1744), Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1780). 9 верасня 1730 г. уніяцкім мітрапалітам Кіеўскім і Галіцкім Афанасіем Шаптыцкім у прысутнасці 38 тыс. чалавек было праведзена ўрачыстае каранаванне абраза залатымі папскімі каронамі, прывезенымі з Рыма. Кароны былі аздоблены каштоўнымі камянямі, падараванымі Ганнай Радзівіл з Сангушкаў, быў зроблены дарагі абклад. Свята абраза працягвалася некалькі дзён, на працягу якіх, па падліках манахаў, паспавядаліся і прычасціліся больш за 140 тыс. чалавек, было зафіксавана сем эпізодаў цудоўнай дапамогі ад святыні.
Жыровіцкі абраз Маці Божай двойчы пакідаў сцены кляштара. У 1660 г. у час вайны з Маскоўскай дзяржавай яго вывозілі ў Быценскі кляштар базыльян (зараз Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). У 1915 г. у час Першай сусветнай вайны – у Маскву, адкуль у 1922 г. ён вярнуўся ў Жыровічы без большасці аздоб. З жыровіцкай святыні шматразова рабіліся жывапісныя копіі на дошках, палатне і інш. Найбольш вядомай з іх з’яўляецца гравюра Л. Тарасевіча (1682) па малюнку П. Бацэвіча.
Зараз цудатворны абраз захоўваецца на месцы свайго першапачатковага з’яўлення, у Свята-Успенскім саборы ў Жыровічах. Яго свята азначаецца штогод 20 мая, калі да яго на пакланенне прыходзяць тысячы паломнікаў. Абраз выносіцца з храма і хростным ходам абносіцца вакол пасялення. Жыровіцкі абраз Маці Божай уваходзіць у спіс 100 найбольш значных праваслаўных абразоў свету.