Жыровіцкі Свята-Успенскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр
Дата начала:
1470 Жыровічы, аг., Слонімскі раён, Гродзенская вобласць
Краткая справка:
праваслаўны манастыр, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варианты названия:
Жыровіцкі Успенскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр
Названия на других языках:
The Zirovitsi monastery of Assumption of the All-Holy Mother of God (не определен); The Zirovitsi monastery of Assumption of the Holy Virgin (не определен); Жировичский Свято-Успенский ставропигиальный мужской монастырь (русский); Жировичский Успенский ставропигиальный мужской монастырь (русский); Свято-Успенский Жировичский ставропигиальный мужской монастырь (русский);
Предыдущие названия:
Жировичский Успенский монастырь; Жыровіцкі манастыр; Жыровіцкі манастыр базыльян; Жыровіцкі Свята-Успенскі мужчынскі манастыр; Жыровіцкі Успенскі манастыр; Свято-Успенский Жировичский монастырь
7206 символов
Справка
На працягу стагоддзяў Жыровіцкі Свята-Успенскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр з'яўляецца буйнейшым духоўным цэнтрам Беларусі.
Паводле старажытнага падання ўзнікненне манастыра звязана з абразом Маці Божай, які ў 1470 г. пастухі знайшлі на дзікай грушы непадалёку ад маёнтка літоўскага падскарбія надворнага А. Солтана. На месцы яго з'яўлення была пабудавана драўляная царква, вакол якой узнікла паселішча. У 1520 г. пажар знішчыў амаль усе пабудовы, і абраз знік у агні. Пазней быў знойдзены на папялішчы, дзе адзін нашчадкаў А. Солтана каля 1560 г. заклаў мураваную царкву (у гістарычных крыніцах упамінаецца пад 1572 г., у 1587 г. упершыню згадваецца як мужчынскі манастыр). У 1609 г. маёнтак Солтанаў стаў уласнасцю мсціслаўскага кашталяна Я. Мялешкі. Да яго перайшлі таксамам правы на валоданне манастыром і царквой, якая ў гэтым жа годзе стала ўніяцкай. У 1613 г. у Жыровічах адроджаны Свята-Успенскі мужчынскі манастыр як базыльянскі (заснавальнікі Я. Мялешка, Д. Солтан і Л. Сапега). Яго ігуменам быў прызначыны вядомы ўніяцкі царкоўны дзеяч І. Кунцэвіч. Ужо ў пачатковы перыяд сваёй гісторыі манастыр адыгрываў вялікую ролю ў дзейнасці ўніяцкай царквы. Там праходзіла пятая кангрэгацыя пад кіраўніцтвам мітрапаліта І. Руцкага (заснавальніка ордэна базыльян на беларускіх землях), пазней адбыліся іншыя ўніяцкія саборы. У 1629 г. пачалося будаўніцтва галоўнага храма манастыра базыльян – сабора ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. У 1639 г. Папа Урбан VII зацвердзіў статут створанага пры манастыры ўніяцкага брацтва.
У 1655 г. у час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай манастыр быў разрабаваны і спалены. На працягу шасці гадоў яго апекавалі слонімскія францысканцы і бернардзінцы.У 1660 г. сюды вярнуліся базыльяне, і Жыровічы былі зноў адбудаваны. Пры манастыры існавала школа для свецкіх асоб, да 1709 г. дзейнічалі ніжэйшая і філасофская школы (пазней Адукацыйнай камісіяй былі ператвораны ў павятовае трохкласнае вучылішча). Новыя разбурэнні Жыровічам прынесла Паўночная вайна (1700–1721), і толькі пасля адступлення войскаў Карла XII манастыр зноў аднавілі.
У 1810–1828 гг. манастыр быў рэзідэнцыяй Брэсцкай уніяцкай епархіі, у 1828–1839 гг. Літоўскай уніяцкай епархіі. Сабор у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы стаў кафедральным храмам усёй Брэсцкай епархіі. Сюды з Навагрудку было перанесена епархіяльнае ўпраўленне. Пры манастыры існавала школа іканапсу, мелася багатая бібліятэка (збіралася з канца XV ст.) з рэдкімі рукапісамі, у іх ліку Жыровіцкае евангелле, дзейнічалі кансісторыя, семінарыя, ніжэйшае духоўнае вучылішча, замест якога ў 1828 г. была створана Літоўская духоўная семінарыя. Гэта ўстанова стала цэнтрам падрыхтоўкі аб'яднання ўніяцкай і праваслаўнай цэркваў. У лютым 1839 г. у Полацку адбыўся сход іерархаў уніяцкай царквы Беларусі і Украіны (Полацкі царкоўны сабор), які прыняў рашэнне аб скасаванні уніі. Жыровіцкі Свята-Успенскі мужчынскі манастыр і семінарыя сталі праваслаўнымі. Па распараджэнні Сінода кафедра брэсцкага і літоўскага (праваслаўнага) архіепіскапа з Жыровічаў у 1845 г. была перенесена ў Вільню, туды пераехала таксама семінарыя і архіў. У Жыровічах быў пакінуты манастыр і духоўнае вучылішча (існавала да 1915 г.). У 1901 г. манастыр увайходзіў у склад Гродзенскай, потым Брэсцкай епархіі. У час Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў Жыровічы і манастыр пастаянна падвяргаліся рабаванням і разбурэнням. Менавіта таму частка яго маёмасці была перавезена ў Расію, у тым ліку абраз Маці Божай. У перыяд нямецкай акупацыі (1915–1918) пакінутыя каштоўнасці былі знішчаны. Пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавора (1921) манастыр з сакавіка знаходзіўся ў складзе Польшчы. Польскія ўлады вырашылі перадаць яго католікам, аднак масавыя пратэсты праваслаўных вернікаў не далі здейсніць гэта. У 1924 г. частка манастырскіх будынкаў была выкарыстана для размяшчэння сельскагаспадарчай лясной школы, якая праіснавала да 1939 г. У Вялікую Айчынную вайну манастыр апынуўся на акупаванай немцамі тэрыторыі, аднак працягваў дзейнічаць. Пасля вызвалення Беларусі некаторыя яго будынкі адрамантавалі. У 1945 г. пры манастыры былі адкрыты пастырскія курсы, якія ў 1947 г. ператвораны ў семінарыю (праіснавала да 1963 г.).
У другой палове 1980-х – пачатку 1990-х гг. пачалося паступовае адраджэнне манастыра. Былі выкананы рамонтныя работы ў цэрквах і жылым корпусе, адкрыты новыя майстэрні, узведзены гаспадарчыя будынкі і келлі. У 1989 г. пачала дзейнічаць духоўная праваслаўная семінарыя, куды былі запрошаны выкладчыкі з Маскоўскай духоўнай акадэміі. З 1994 г. набыла статус вышэйшай навучальнай установы, у 1996 г. на базе семінарыі была адкрыта Мінская духоўная акадэмія. Жыровіцкі Свята-Успенскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр з'яўляецца другой рэзідэнцыяй мітрапаліта мінскага і слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.
Архітэктурны ансамбль манастыра мае нерэгулярную планіроўку, маляўнічую аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны сілуэт. Яго галоўны храм – Сабор у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы – пабудаваны ў 1629–1671 гг. намаганнямі ігумена П. Мімонскага. Узведзены ў стыле барока, пасля рэканструкцыі (1828) набыў рысы класіцызму. На поўначы ён злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (помнік архітэктуры барока, 1710) і жылым корпусам на поўдні, у першым паверсе якога зроблены арачны праезд. Перад саборам размешчана квадратная ў плане двух'ярусная званіца, пабудавана ў стыле позняга класіцызму ў 1828 г. з цэглы. Будынак семінарыі (выкананы ў стыле барока ў 1710 г.) фарміруе парадны двор перад апсідай сабора. Каля яго ўсходняга крыла знаходзіцца вялікі прамавугольны гаспадарчы двор, абкружаны аднапавярховымі карпусамі. З поўдня да сабора прыбудавана зімняя царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца, якая першапачаткова называлася Ануфрыеўскай. За саборам, у цэнтры манастырскай тэрыторыі, знаходзіцца Богаяўленская царква, пабудаваная ў 1672 г. у стыле барока на месцы драўлянага храма (1796 г. перабудавана). У падалтарнай крыпце храма ў 1881 г. пахаваны мінскі архіепіскап М. Галубовіч. Ва ўсходняй частцы манастыра на самым высокім месцы ўзведзена Крыжаўздзвіжанская царква. Пабудавана ў стылі ракако ў 1769 г. з цэглы як храм-кальварыя (на ўзор аналагічнага храма ў Ватыкане). Гэта царква з'яўляецца вертыкальнай дамінантай ансамбля.
Жыровіцкі манастыр – адно з самых вядомых святых месцаў Беларусі, Украіны і Польшчы як сярод праваслаўных, так сярод католікаў і ўніятаў. Да абраза Маці Божай, які знаходзіцца ў манастыры і ўшаноўваецца вернікамі як цудатворны, прыязджалі вялікія князі літоўскія, каралі Рэчы Паспалітай, магнаты, ажыццяўлялі паломніцтвы простыя людзі. З яго неаднаразова выконвалі гравюры, рабілі жывапісныя копіі на дошках і палатне. Адна з іх была створана для рымскага манастыра базыльян, дзе абраз ушаноўваецца як Багародзіца-Жывіцелька (Madonna del Pascolo). У 1730 г. адбылася ўрачыстае каранаванне абраза, якое ажыццявіў мітрапаліт А. Шаптыцкі. У час яго правядзення княгіня Ганна Радзівіл з роду Сангушкаў ахвяравала аклад – дзве залатыя кароны, аздобленыя каштоўнымі камянямі, якія былі выкананы ў Рыме. У італьянскай сталіцы ў гонар гэтай падзеі былі адліты памятныя медалі.