Высокае (да 1939 г. – Высока-Літоўск) – горад у Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці на рацэ Пульве. Знаходзіцца за 40 км на захад ад Камянца, у 3 км ад чыгуначнай станцыі Высока-Літоўск на лініі Брэст–Беласток (Польшча). Аўтадарогамі злучаны з Брэстам, Камянцом, Пружанамі.
Горад мае багатую гісторыю. Ён размешчаны ў жывапіснай мясцовасці, якую вельмі цанілі прадстаўнікі розных каралеўскіх і дваранскіх родаў. У пісьмовых крыніцах паселішча ўпершыню згадваецца ў XIV ст. пад назвай Высокі Горад. У 1494 г. Высокае атрымала магдэбургскае права і герб з выявай сярэбранай двухпавярховай вежы-брамы на блакітным полі. Гараджане мелі ўласны адміністрацыйны орган – магістрат, дазвалялася займацца рамёствамі, гандлем, трымаць карчму. У XVI ст. горад неаднойчы мяняў гаспадароў і ў розны час належаў Храптовічам, Пяткевічам, Ёдкам, Хлявіцкім і інш. У 1647 г. Высокае стала ўласнасцю роду Сапегаў, якія валодалі ім больш за паўтара стагоддзя. У сярэдзіне XVII ст. на правым беразе ракі Пульвы быў узведзены замак, умацаваны землянымі валамі, бастыёнамі і абкружаны вадой. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) і Паўночнай вайны (1700–1721) ён моцна пацярпеў ад ваенных дзеянняў, але быў адноўлены. Пасля пажару ў 1748 г. замак згарэў і больш не адбудоўваўся. У 1773–1785 гг. на сродкі Аляксандра Сапегі пабудаваны кляштар баніфратаў, які ўключаў жылы корпус, касцёл і шпіталь. У 1794–1797 гг. існаваў арганізаваны Францішкам Сапегам водны гандлёвы шлях з Высокага ў Гданьск.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. горад увайшоў у склад Прусіі, у 1807 г. далучаны да Расійскай імперыі як мястэчка Высока-Літоўск у склад Брэсцкага павета Гродзенскай губерні ва ўладанні графаў Патоцкіх. У 1826–1828 гг. тут дзейнічала суконная мануфактура, дзе працавалі 118 рабочых, меліся 22 машыны, 12 ткацкіх станкоў. У 1869 г. у мястэчку пабудавана мураваная Крыжаўзвіжанская царква. Згодна з перапісам 1897 г. у Высокім пражывалі 3434 жыхары, дзейнічалі валасное праўленне, царква, касцёл, сінагога, мужчынскае і жаночае народныя вучылішчы, паштовае аддзяленне, гарбарны і свечачны заводы, 2 маслабойні, канатная фабрыка.
З 1915 па 1918 г. мястэчка займалі германскія, з пачатку 1919 г. – польскія войскі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 г. Высокае далучана да Польшчы і стала горадам Брэсцкага павета Палескага ваяводства. У 1939 г. ён увайшоў у склад БССР, з 15 студзеня 1940 г. з’яўляўся цэнтрам Высокаўскага раёна Брэсцкай вобласці.
У час Вялікай Айчыннай вайны 23 чэрвеня 1941 г. Высокае было акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі ў горадзе 1297 чалавек. У гады акупацыі ў раёне дзейнічалі падпольны райкам ЛКСМБ і партызанскія атрады. Горад вызвалілі 28 ліпеня 1944 г. часці 28-й арміі 1-га Беларускага фронту ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі. Пасля вайны пачалося аднаўленне гаспадаркі, узводзіліся новыя прадпрыемствы, наладжвалася мірнае жыццё. У 1945 г. у горадзе працавалі заводы па вырабе алею і мыла, пякарня, ваўначоска і інш. Быў адкрыты дзіцячы дом, пераўтвораны ў 1956 г. у школу-інтэрнат. 17 красавіка 1962 г. Высокаўскі раён скасаваны і яго тэрыторыя разам з Высокім увайшла ў склад Камянецкага раёна.
У цяперашні час у горадзе працуюць дзяржаўны сельскагаспадарчы каледж, сярэдняя і музычная школы, дзіцячая дашкольная ўстанова, Дом культуры, гарадская бібліятэка, бальніца. Дзейнічаюць сумеснае прадпрыемства ААТ “Белавежскія сыры”, лясніцтва і інш.
У Высокім знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, устаноўлены памятны знак ахвярам фашызму. Захаваліся помнікі архітэктуры: Троіцкі касцёл (1603–1608 гг.; адноўлены ў 1872 г., рэстаўрыраваны ў пачатку ХХІ ст.), Варварынская капліца (1772), былы кляштар баніфратаў (1773–1785), Крыжаўзвіжанская царква (1869), сядзіба (першая палова ХІХ ст.). Аб’екты ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.