Дата начала: XV ст. (па іншых крыніцах – 1495 г.) Магілёўская вобласць
Краткая справка: аграгарадок у Буйніцкім сельсавеце Магілёўскага раёна
Названия на других языках: Bujnicy (не определен); Буйничи (русский);
Предыдущие названия: Буничи
Аграгарадок Буйнічы размешчаны ў Магілёўскім раёне, на р. Дняпры. Знаходзіцца за 3 км на поўдзень ад Магілёва, 2 км ад чыгуначнай станцыі Буйнічы на лініі Магілёў–Жлобін, на аўтамагістралі Магілёў–Бабруйск.
Па архелагічных даных на месцы сучаснага аграгарадка маецца стаянка часоў эпохі мезаліту (датуецца VIII–V стст. да н.э.), на поўдні ад Буйнічаў, ва ўрочышчы Благадаць, захавалася гарадзішча зарубінецкай культуры (VI–IX стст. н.э.). У пісьмовых крыніцах Буйнічы ўпамінаюцца ў XV ст. як буйное землеўладанне (ахоплівала землі вакол Магілёва паміж Шкловам і Быхавам), якое належала князям Фёдару і Льву Талачковічам–Буйніцкім.
У пачатку XVІ ст Буйнічы былі прыпісаны да Кіева-Пячэрскага манастыра. На 1567 г. Буйнічы – цэнтр маёнтка Аршанскага павета. У 1582 г. яны ўзгаданы ў статусе сяла. Сярод уладальнікаў Буйнічаў як прыватнаўласніцкага мястэчка за XVІI–XVIIІ стст. былі прадстаўнікі магнацкіх родаў – Саламярэцкія, князь А. Палубінскі, Сапегі. У першай палове XVII ст. заснаваны мужчынскі манастыр, пры якім некаторы час у 1630-я гг. дзейнічала друкарня С. Собаля. У 1708 г. каля Буйнічаў размяшчаўся лагер шведскіх войск на чале з каралём Швецыі Карлам ХІІ. Манастыр быў разрабаваны захопнікамі. Напамінаюць пра гэты час назвы мясцін у Буйнічах – “Карлава даліна”, “Каралеўскі луг”, менавіта там размяшчаўся шацёр шведскага караля. У 1758 г. Буйнічы знаходзіліся ў складзе Быхаўскага графства.
У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Буйнічы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, у хуткім часе Кацярына ІІ перадала маёнтак беларускаму намесніку Д. Пасеку. Пасля мястэчка належала Марчэўскім і Радкевічам. У 1835 г. манастыр у Буйнічах стаў жаночым. На 1880 г. у населеным пункце было 64 двары, налічвалася 356 жыхароў, дзейнічалі 2 праваслаўныя царквы і яўрэйская малітоўная школа, жаночае вучылішча пры манастыры. Буйнічы таксама з’яўляліся асяродкам палатнянай і суконнай вытворчасці, частка жыхароў займалася кавальскім, сталярным і кравецкім промысламі. У фальварку Буйнічы дзейнічаў пункт па вывядзенні чыстапародных рысістых коней. У 1896 г. адкрыта царкоўнапрыходская школа. Згодна з перапісам Расійскай Імперыі 1897 г. у мястэчку Буйнічы (Вендаражская воласць Магілёўскага павета Магілёўскай губерні) жыло 450 жыхароў, быў 81 двор, меўся аднайменны маёнтак у складзе 5 двароў і 34 жыхарамі, дзейнічалі завод па сушцы садавіны і гародніны, цагельны і свечачны заводы, царква і капліца.
З лютага да кастрычніка 1918 г. мястэчка было акупіравана нямецкімі кайзераўскімі войскамі. З 1 студзеня 1919 г. Буйнічы знаходзіліся ў складзе ССРБ, 16 студзеня гэтага ж года адышлі ў РСФСР, у 1924 г. вярнуліся ў склад БССР. У пачатку 1920-х гг. існавалі 2 вёскі: Старыя і Новыя Буйнічы (у канцы 1930-х гг. яны аб’ядналіся ў адну). З 17 ліпеня 1924 да 26 ліпеня 1930 г. вёска Буйнічы знаходзілася ў складзе Магілёўскага раёна Магілёўскай акругі. Была адкрыта працоўная школа 1-й ступені імя І. Тургенева, дзейнічала бібліятэка. У 1925 г. было ўтворана меліярацыйнае таварыства. 17 лютага 1931 г. арганізаваны калгас «13 гадоў Чырвонай Арміі». З 20 лютага 1938 г. населены пункт Буйнічы ў складзе Магілёўскай вобласці.
У ліпені 1941 г. Буйнічы сталі месцам баёў савецкіх воінаў 172-й стралковай дывізіі і магілёўскіх апалчэнцаў (аснову склалі працаўнікі шаўковай фабрыкі) з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў час абароны г. Магілёва. Найбольш жорсткія баі разгарнуліся на Буйніцкім полі, дзе праходзіў пярэдні край абароны 388-га стралковага палка пад камандаваннем палкоўніка С. Куцепава. Вёска была акупіравана да 27 чэрвеня 1944 г. У красавіку 1944 г. карнікі спалілі 118 двароў і забілі 95 жыхароў. Пры фарсіраванні Дняпра ў гэтай мясцовасці 26 чэрвеня 1944 г. вызначылася аддзяленне разведчыкаў пад камандаваннем малодшага сяржанта А. Іванова, якому было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пры вызваленні вёскі асаблівы гераізм праявілі камандзір аддзялення разведкі М. Кірылаў, сяржант І. Мясткоў, малодшы лейтэнант А. Пайкоў, старшына медслужбы І. Харламаў, разведчык А. Харчанка, якія атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. Памяць пра вайну ў гэтай мясцовасці была ўшанавана ў 1962 г., калі на ўскраіне вёскі ўсталявалі стэлу ў гонар воінаў 172-й стралковай дывізіі. У баях за вёску загінулі 61 савецкі воін, пахаваны ў брацкай магіле. У баях на палях і франтах Вялікай Айчыннай вайны загінула 100 вяскоўцаў. У 1976 г. на будынку ПТВ № 1 устаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар Героя Савейкага Саюза І. Мяльнова, які праявіў сябе ў баях за вызваленне вёскі. На Буйніцкім полі 8 верасня 1979 г. пасля ўрачыстай цырымоніі быў развеяны прах К. Сіманава, у гонар і ў памяць якога 25 лістапада 1980 г. быў адкрыты памятны знак.
У 1990 г. у Буйнічах жыло 900 жыхароў, было 307 гаспадарак. Вёска з’яўлялася цэнтрам вучэбнай гаспадаркі СПТВ № 1 імя К. Арлоўскага. Тут размяшчаліся комплексная брыгада, Магілёўскія раённыя аб’яднанні па вытворча-тэхнічным забеспячэнні сельскай гаспадаркі, Магілёўскае райаб’яднанне “Сельгасхімія”, раённая нарыхтоўчая кантора райспажыўсаюза, ферма буйной рагатай жывёлы. Таксама меўся млын, устаноўка па прыгатаванні вітаміннай мукі, дзейнічалі гандлёвы комплекс, Дом быту, аддзяленне сувязі, аддзяленне ашчаднага банка, Дом культуры, вучэбна-вытворчы камбінат, бібліятэка, сярэдняя агульнаадукацыйная і музычная школы, яслі-сад, фельчарска-акушэрскі пункт, сталовая, АТС.
У 1994–2003 гг. вялося будаўніцтва мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле”. У 2022 г. распачата ўзвядзенне новага музейна-культурнага комплексу на гэтай тэрыторыі (у выглядзе ордэна Вялікай Айчыннай вайны, які атрымаў г. Магілёў у 1980 г., у спалучэнні з гвардзейскай стужкай).
У 2006 г. у Буйнічах пры агралесатэхнічным каледжы імя К. П. Арлоўскага (адкрыты ў 1944 г.) заснаваны заасад, на 75 гектарах якога разводзяць дзікоў, зуброў, плямістых і паўночных аленяў. У вальерах заасада ёсць і іншыя прадстаўнікі лясной фаўны (барсукі, ваўкі, касулі, лісы, лосі, мядзведзі, пясцы, тыгры, яноты, а таксама розныя віды птушак і яшчэ 20 канкурных коней). У Буйнічах адкрыта этнаграфічная вёска ХІХ ст. з мэтай папулярызацыі традыцый беларускага народа, народнай культуры і промыслаў.
У 2010 г. Буйнічы сталі аграгарадком, у той жа год да яго далучылі чыгуначную станцыю. На 2010/2011 г. насельніцтва склала 4109 чалавек. Працуюць ААТ “Магілёўская райаграпрамтэхніка” і “Агракамплект”. Дзейнічаюць 2 дзіцячыя сады, сярэдняя школа, агралесатэхнічны каледж імя К. Арлоўскага, аўта- і трактарадром, база для коннага спорту, 2 інтэрнаты, Дом культуры, бібліятэка, спартыўны комплекс, 2 музеі, заасад, школа мастацтваў, фельчарска-акушэрскі пункт, 2 магазіны і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 годзе.
