Гісторыя аднаго з сучасных буйных прадпрыемстваў паліграфічнай прамысловасці Беларусі бярэ свой пачатак у далёкім 1921 г., калі ў выніку аб’яднання “Гомдруку”, 1-ай Дзяржтыпаграфіі і “Гомгазеты” была заснавана фабрыка “Палескі друк”. Вынікі працы новага прадпрыемства былі ўражваючымі: ужо праз некалькі гадоў калектыў першым у рэспубліцы за два з паловай гады паспяхова выканаў першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі (1929–1933). За такія выдатныя паказчыкі Прэзідыум Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР пастанавіў узнагародзіць “Палесдрук” ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Самааддана і напружана працаваў калектыў прадпрыемства ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Амаль з першых дзён акупацыі краіны фабрыка стала асноўным прадпрыемствам паліграфіі рэспублікі. Тут друкаваліся ўсе рэспубліканскія газеты, армейская газета “Баявы націск”, розная агітацыйна-прапагандысцкая літаратура, у тым ліку ілюстраваныя лістоўкі на нямецкай мове, якія потым распаўсюджваліся сярод салдат праціўніка. У перыяд акупацыі на фабрыцы дзейнічала падпольная група Ц. С. Барадзіна, якая не толькі ажыццяўляла падрыўную дзейнасць у тыле ворага, але і забяспечвала падпольныя партызанскія тыпаграфіі шрыфтамі, паперай і партатыўнымі друкавальнымі машынкамі для паходных тыпаграфій. Пагаршэнне абстаноўкі на фронце прымусіла правесці частковую эвакуацыю фабрыкі ў г. Краснакамск (Пермская вобласць, Расія).
Пасля вызвалення Гомеля ў 1944 г. фабрыка была адноўлена і з 1946 г. існавала ўжо як тыпаграфія і карданажная фабрыка “Палесдрук”. У 1953–1960 гг. прадпрыемства было рэканструявана і з 1953 г. насіла назву фабрыкі белавых тавараў. Паступова яе дзейнасць значна пашырылася: тут друкавалася ўжо 12 шматтыражных і раённых газет. У 1977 г. былі адкрыты філіялы – Гомельская, Буда-Кашалёўская, Веткаўская і Добрушская раённыя тыпаграфіі. За поспехі ў выкананні Дзяржплана і ў гонар 450-годдзя беларускага кнігадрукавання Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР фабрыка была ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. У 1967 г. фабрыцы было прысвоена званне “Прадпрыемства высокай культуры”, у гэтым жа годзе яна заняла першае месца сярод паліграфічных прадпрыемстваў СССР і заваявала пераходны Чырвоны Сцяг Камітэта па друку пры Савеце Міністраў СССР і ЦК прафсаюзаў работнікаў культуры.
У 2005 г. фабрыка была рэарганізавана ў адкрытае акцыянернае таварыства “Палесдрук”. У працэсе рэарганізацыі была набыта лічбавая друкавальная машына “Konica Minolta” і адкрыты ўчастак аператыўнай паліграфіі “Веди” (2007), што дазволіла значна пашырыць асартымент прадукцыі і павысіць якасць аказваемых паслуг.
Сёння ААТ “Палесдрук” – адно са старэйшых прадпрыемстваў галіны, буйнейшы вытворца папярова-белавых тавараў, у складзе якога працуюць тыпаграфскі цэх, цэх белавых тавараў і карданажных вырабаў. Прадпрыемства мае шматлікія дыпломы за ўдзел у выстаўках і кірмашах. Асартымент фабрыкі складае больш за 150 найменняў: тавары народнага побыту (больш за 80 найменняў), сшыткі (у тым ліку агульныя, для нот, малявання), школьныя дзённікі, запісныя кніжкі, альбомы, блакноты, кнігі, часопісы, газеты, маляўнічая і бланкавая прадукцыя, поўнакаляровая друкаваная прадукцыя.
Матэрыял падрыхтаваны Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкай імя У. І. Леніна ў 2011 г.