Дата начала: 1751 Мінская вобласць
Дата окончания: 1760
Краткая справка: адзін з першых тэатраў Беларусі, у спектаклях якога прымалі ўдзел прафесійныя акцёры
Названия на других языках: Слуцкий театр Радзивилла (русский);
Уладальнікам тэатра быў Геранім Фларыян Радзівіл, харунжы літоўскі, прыгоннік-балетаман, уладар цудоўнай капэлы з прафесійных музыкантаў, якая выступала на святы не толькі ў Слуцку, але і ў іншых яго маёнтках, перш за ўсё ў Белай (цяпер Бяла-Падляска ў Польшчы). Геранім Фларыян Радзівіл стварыў сваю капэлу адразу на высокім прафесійным узроўні і не раз заключаў і перазаключаў дамовы з музыкантамі высокай кваліфікацыі, пераважна немцамі, чэхамі, аўстрыйцамі. Пачаткам тэатральных паказаў у Слуцку лічыцца 1751 г. Менавіта ў гэты час прыстасоўваліся для тэатральных патрэб то манеж, то даволі цеснае памяшканне збройнай палаты слуцкага замка. У 1752 г. пад тэатр перабудавалі памяшканне былога «суднага дома» на тэрыторыі Старога замка, дзе спектаклі ішлі да 1756 г.
Фарміраванне першай трупы ішло з пэўнымі цяжкасцямі: акцёры, пачуўшы пра дэспатычны нораў князя, які мог хворых артыстаў і музыкантаў падымаць з пасцелі і гнаць на спектакль, саджаць на гаўптвахту, гвалтам прымушаць да прадаўжэння кантракта, – не жадалі ехаць у Слуцк. Спроба Л. Шылінга, паверанага князя, наняць у 1751 г. акцёраў у Кёнігсбергу не завяршылася поспехам. У драматычных спектаклях прымалі ўдзел кадэты (выкарыстоўваўся вопыт нясвіжскай сцэны), педагогі кадэцкага корпуса. Напрыклад, «шпрахмістар» Вебер выканаў ролю Візіра ў спектаклі, што адбыўся 13 чэрвеня 1753 г., а за год да гэтага капельмайстар Вітман выступіў у ролі «багацея». Рэгулярнай з'явай сталі пастаноўкі «нямецкіх» камедый. Сярод прафесійных акцёраў, якія ігралі ролі герояў, часта ўпамінаюцца прозвішчы Мараўскага і Ажэльскага. К. Вендорф у лісце да Г.Ф. Радзівіла ад 28 красавіка 1752 г. паведаміў, што гэтым акцёрам даручаны ролі князёў і што «пан Мараўскі так цудоўна валодае нямецкай мовай, што цяжка адрозніць яго ад немца». Абавязковымі ўдзельнікамі ўсіх масавых сцэн былі салдаты гарнізона – «гранд-мушкецёры». Яны ж, у параднай форме, са зброяй служылі «упрыгожаннем» залы: іх ставілі навыцяжку каля ложаў у час спектакляў. У тэатры лунаў дух прускай казармы, які і вызначаў яго густ. Спецыяльна на нямецкай мове былі напісаны драмы, разлічаныя на тэатральныя карціны з выхадам на сцэну цэлых рот салдат: узяцце штурмам крэпасцей, фехтаванне, баталіі, сцэны пакарання смерцю – вось асноўны змест гэтых паказаў.
Геранім Фларыян Радзівіл захапляўся «шатэншпілем» – ценявым тэатрам, удзельнічаць у якім ён загадваў усім акцёрам. Ён лічыў, што такія спектаклі больш даходзяць да публікі, якая не ведае нямецкай мовы. У 1756 г. Г. Ф. Радзівіл захапіўся і марыянеткамі, якіх паказваў акцёр Гельман са сваёй жонкай. Гэтыя спектаклі спалучаліся з паказамі камедый «дэль артэ» і «турэцкіх камедый». У тэатры ставіліся таксама оперныя спектаклі на нямецкай і італьянскай мовах. Яны выконваліся трупай акцёраў, якіх восенню 1753 г. прывёз у Белую з Вены рэгент П. Марахоўскі. Сярод іх былі балетмайстар, італьянка-«кантатрыча», музыканты – арфіст, лютніст і іншыя, а таксама архітэктар і механік для стварэння тэатральных машын. Пазней нанятыя акцёры пераехалі ў Слуцк, дзе ўжо было завершана тэхнічнае абсталяванне новага тэатра. Па звестках, з 22 па 28 чэрвеня 1755 г. у тэатры было пастаўлена пяць спектакляў, з якіх – тры нямецкія камедыі, адна – італьянская опера і адна камедыя. Шматлікія кантракты з акцёрамі прыпадаюць на 1756–1758 гг. Верагодна, у гэты перыяд на сцэне ішлі ўсе віды паказаў. У 1756 г. у Слуцк прыбыла новая партыя акцёраў з Гданьска і Вены. Каб суправаджаць іх у свае ўладанні, Г.Ф. Радзівіл выслаў конны эскорт на чале з генералам Я. Вольскім, які на вазах вёз артыстаў у Слуцк разам са звярынцам і рабамі-неграмі.
У 1758 г. у Слуцку быў закладзены трэці «камедыхаўз», які канчаткова абсталявалі ў верасні 1759 г. Тэатр меў партэр з пакрытымі чырвоным і блакітным сукном лаўкамі, абкружаны ложамі. Зала, упрыгожаная люстэркамі, мела неглыбокую сцэну з заслонамі і маляўнічымі дэкарацыямі. Ад партала ўглыб сцэны (паралельна рампе) было замацавана на рухомых рамах 36 намаляваных на палатне кулісных перасоўных дэкарацый. Асвятлялі залу дзевяць шкляных люстраў. Столь была абабіта палатном і размалявана. Перад сцэнай было адведзена спецыяльнае месца для аркестра. У закуліснай частцы меліся два артыстычныя пакоі. Абапал тэатра знаходзіліся флігелі, дзе жылі музыканты, спевакі, а таксама размяшчалася балетная школа, якая стварыла першую балетную трупу ў гісторыі Беларусі. Дзейнічала Слуцкая балетная школа ў 1756–1760 гг. На працу ў ёй былі запрошаны такія выдатныя педагогі, як італьянскі балетмайстар А. Пуціні і французскі танцор і балетмайстар, саліст парыжскай Оперы, адзін з пачынальнікаў мужчынскага класічнага танца Л.М. Дзюпрэ. Да прыезду ў Слуцк ён меў ужо трыццацігадовы вопыт танцоўшчыка, балетмайстра і лібрэтыста.
Геранім Фларыян Радзівіл даручыў А. Пуціні і Л.М. Дзюпрэ ў кароткі тэрмін стварыць балетную трупу, але яны сутыкнуліся з аб'ектыўнымі цяжкасцямі – не было неабходнай колькасці падрыхтаваных выканаўцаў, а без сур'ёзнай падрыхтоўкі трупы нельга было думаць ні пра стварэнне дывертысментаў і танцавальных інтэрмедый, ні пра больш складаныя формы. У 60-я гг. XVIII ст. балет ужо вылучыўся ў самастойны жанр са сваёй уласнай музычнай драматургіяй і шматактовым дзеяннем.
У балетную школу набіраліся 8–10-гадовыя дзеці з сем'яў падданых князя. Сярод выбраных былі і будучыя зоркі радзівілаўскага балета: асабліва таленавітая танцоўшчыца Кася Міхневічаўна (Міхневіч), за якой асобна наглядаў А. Пуціні (з 1760 г. салістка, першая танцоўшчыца Нясвіжскага тэатра М.К. Радзівіла Рыбанькі); танцоры Дыклер і Жукоўскі, а таксама Антон Лойка – танцор і першы беларускі балетмайстар (які пазней працаваў у Нясвіжы). У балетнай школе пачалі навучаць і негрыцянят, дзяцей нявольнікаў, якіх князь закупіў у Вене. Дзяўчынкі не выказвалі прыкметных здольнасцей да танцаў, а два хлопчыкі – у хрышчэнні Губерт і Войцэх – увайшлі пазней у склад трупы. Першы танец, якому вучылі дзяцей, – кантрданс (неабходны для пастараляў). Балетмайстар А. Пуціні высока ацаніў здольнасці прыгонных дзяцей. Ён гаварыў князю, што ніколі не вучыў такіх разумных дзяцей і не чуў пра такіх. Гэта выказванне – сведчанне таленавітасці прадстаўнікоў беларускага народа, яго артыстычных здольнасцей. У 1756 г. адбыліся першыя гастролі балета ў Нясвіжы, у 1757 г. – наступныя, у снежні 1759 г. – апошнія. Да 1759 г. пастаўлены «Балет на тры пары», «Балет з Арлекінам», «Венгерскі балет», «Турэцкі балет», шэраг пастараляў і дывертысментаў з нямецкімі, швейцарскімі і цірольскімі танцамі, танцы «стралкоў», «чараўнікоў», «садоўнікаў», «чарцей», «камінараў», «кветачніц», «сялянак». З 1760 г. (пасля смерці Г.Ф. Радзівіла) слуцкі балет зліўся з нясвіжскай трупай М.К. Радзівіла, якая па колькасным складзе наблізілася да найбуйнейшых балетных труп у Заходняй Еўропе.
Прыдворны тэатр у Беларусі стаў спецыфічнай пераходнай формай ад школьнага да прафесійнага прыватнага тэатра. У гэты перыяд замацоўваліся і ўзбагачаліся пэўныя традыцыі беларускага тэатра, традыцыі, якія спалучалі шматлікія ўнікальныя з'явы народнай творчасці з разнастайнымі элементамі прафесійнага мастацтва, што былі ў пераважнай большасці запазычаны з развітых тэатральных культур Заходняй Еўропы і краін-суседак. Сінтэз гэтых культур, з'яў і тэндэнцый узбагаціў перш за ўсё рэгіянальную мастацкую культуру, а таксама паступова фарміраваў новы тып дэмакратычнага беларускага гледача, далучаючы яго да еўрапейскай культуры.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.