Дата начала:
пад 1116 Слуцкі раён, Мінская вобласць
Краткая справка:
цэнтр Слуцкага раёна Мінскай вобласці
Названия на других языках:
Слуцк (русский);
Предыдущие названия:
Случеск
5287 символов
Справка
Слуцк – летапісны Случеск – упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» як горад Тураўскай зямлі. З 1160 г. з’яўляўся цэнтрам удзельнага Слуцкага княства, першым князем якога быў унук Уладзіміра Манамаха Уладзімір Мсціславіч. У розныя часы ў горадзе княжылі Рурыкавічы, Алелькавічы, Радзівілы. У 1320–30-я гг. ён увайшоў у Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ). Слуцк быў трэцім беларускім горадам, які пасля Брэста і Гродна на аснове магдэбургскага права атрымаў самакіраванне і герб (1441). Да XVI ст. стаў адным з палітычных і культурных цэнтраў ВКЛ. У 1582 г. ён быў падзелены паміж трыма братамі Алелькавічамі на Стары горад, Новы горад і Востраў. У 1592 г. княжна Соф’я Юр’еўна (апошняя прадстаўніца роду Алелькавічаў) аб’яднала землі княства, захавала яго праваслаўнае аблічча. У 1612 г. пасля яе смерці горад перайшоў да Радзівілаў. У 1617 г. Я. Радзівілам заснавана Слуцкая кальвінісцкая гімназія – адна са старэйшых школ у Беларусі (існавала да 1918 г.). У 1630–40-я гг. Б. Радзівіл ператварыў Слуцк у горад-крэпасць. Пры княжацкім двары вёўся Слуцкі летапіс – помнік беларуска-літоўскага летапісання XVI ст., была бібліятэка. Пры Праабражэнскім брацтве працавалі школы для гараджан з выкладаннем на беларускай мове. У 1672–1705 гг. дзейнічала друкарня, у 1689–1773 гг. – езуіцкі калегіум. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. Слуцк, адзіны з буйных гарадоў Беларусі, у 1655 г. вытрымаў аблогу расійскіх і казацкіх войск. Таму ў 1656 г. Б. Хмяльніцкі выдаў універсал з гарантыяй недатыкальнасці Слуцка з боку казацкіх атрадаў, па ім слуцкія купцы маглі вольна гандляваць на Украіне. У 1700 г. гораду дадзены поўнае магдэбургскае права і герб. У час Паўночнай вайны 1700–1721 гг. Слуцк неаднаразова займалі шведскія і расійскія войскі.
У 1751–1760 гг. дзейнічала прыдворная тэатральная трупа Г. Ф. Радзівіла. У тэатры ставіліся оперы, балеты і драматычныя спектаклі. Балетная трупа была падрыхтавана ў Слуцкай балетнай школе (заснавана ў 1756 г.). Спектаклі суправаджала капэла музыкантаў высокай кваліфікацыі. У 1740–1844 гг. дзейнічала мануфактура шаўковых паясоў (Слуцкая персіярня), дзе ствараліся шэдэўры беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вядомыя на ўвесь свет.
У 1767 г. была ўтворана Слуцкая канфедэрацыя – саюз пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты ВКЛ, арганізаваны для ўраўнавання яе ў правах з каталіцкай шляхтай. У 1793 г. Слуцк увайшоў у склад Расійскай Імперыі, стаў цэнтрам Слуцкага павета Мінскай губерні. У 1823 г. быў складзены план забудовы горада, які прадугледжваў упарадкаванне вулічнай сеткі, будаўніцтва новых дамоў, зліццё цэнтра з ускраінамі. У 1831 г. скончана будаўніцтва ўчастка Маскоўска-Варшаўскай шашы, што праходзіла праз Слуцк і павет. У Першую сусветную вайну горад стаў прыфрантавым, таму ў 1915 г. для забеспячэння фронту да яго пракладзена чыгунка з Асіповічаў. З 1 студзеня 1919 г. Слуцк – у складзе БССР, з 27 лютага 1919 г. у Літоўска-Беларускай ССР. У лістападзе 1920 г. у горадзе прайшоў Першы беларускі з’езд Случчыны, які прызнаў яе часткай БНР. У канцы гэтага ж года адбылося Слуцкае паўстанне. З 17 ліпеня 1924 г. горад стаў цэнтрам Слуцкага раёна.
Трагічную старонку ў шматвяковы летапіс горада ўпісала Вялікая Айчынная вайна. У чэрвені 1941 г. Слуцк акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія арганізавалі тут лагер смерці, яўрэйскае гета, турму. Даваенны горад налічваў амаль 22 тыс. жыхароў, пасля вызвалення засталося толькі 7 тыс. чалавек. Акупантам аказвала супраціўленне патрыятычнае падполле. У ходзе Мінскай аперацыі 1944 г. Слуцк быў вызвалены.
Сучасны Слуцк – горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Ён мае свае афіцыйныя сімвалы: герб (зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 24 студзеня 2001 г. № 47) і флаг (зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 лістапада 2008 г. № 625). Герб уяўляе сабой барочны шчыт, у аснове якога ў блакітным полі размешчана выява сярэбранага каня з крыламі; на чырвонай гуньцы – залатая княжацкая карона, пад якой – манаграма «RD», што азначае «князь Радзівіл» – імя, якое непарыўна звязана з гісторыяй старажытнага горада. Прамавугольнае палотнішча флага складаецца з дзвюх гарызантальных палос: верхняй – блакітнага колеру, ніжняй – зялёнага. У цэнтры – выява гербавай эмблемы горада. Слуцк развіваўся паводле генеральных планаў 1947, 1962, 1977, 1987, 2002 гг. Горад мае вытворча-тэхнічны патэнцыял. Працуюць прадпрыемствы харчовай, лёгкай, метала- і дрэваапрацоўчай прамысловасці. Найбольш вядомымі з іх з’яўляюцца РУП «Слуцкія паясы», ААТ «Слуцкая мэблевая фабрыка», ААТ «Слуцкі мясакамбінат», ААТ «Слуцкі піваварны завод», ААТ «Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат» і інш. Сярод навучальных устаноў – сярэднія, спартыўныя, музычная, мастацкая школы, гімназія, ліцэй, прафесійна-тэхнічны каледж перапрацоўчай прамысловасці, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і інш. Дзейнічаюць бібліятэкі, Слуцкі гарадскі дом культуры, Палац культуры моладзі, Слуцкі раённы цэнтр народнай творчасці, Слуцкі краязнаўчы музей, кінатэатр і інш. Захаваліся помнікі архітэктуры: Свята-Міхайлаўскі сабор (2-я палова XVIII ст.), будынкі духоўнага вучылішча (XVIII ст.), дваранскага сходу, мужчынскай гімназіі, паштовай станцыі (усе XIX ст.).