Настасся Слуцкая (у дзявоцтве Мсціслаўская, па мужу Алелькавіч), дачка Івана Юр'евіча
Дата рождения:
1473 Мсціслаў, г., Магілёўская вобласць
Дата смерти:
пасля 1524
Краткая справка:
княгіня, якая ўвайшла ў айчынную гісторыю як мужная абаронца роднай зямлі ад нападаў татар
Фамилия в девичестве:
Мсціслаўская Настасся Іванаўна
Варианты имени:
Алелькавіч Анастасія Іванаўна; Лугвенавіч Настасся Іванаўна
Имена на других языках:
Анастасия Слуцкая (русский);
3296 символов
Справка
Як прыклад мужнасці і вернасці захаваліся ў вуснай народнай творчасці і пісьмовых гістарычных крыніцах усходніх славян звесткі аб славутай жанчыне Настассі з роду Мсціслаўскіх, княгіні Слуцкай.
Вядома, што нарадзілася яна ў 1473 г. у сям’і мсціслаўскага князя Івана Юр’евіча і яго другой жонкі Ульяны. Пасля ранняй смерці бацькі яе апякуном стаў вялікі князь літоўскі Казімір ІV Ягелончык. З яго дазволу Настасся з сястрою да шлюбу жылі ў Мсціслаўлі. У далейшым лёс дзяўчыны павінен быў скласціся як і ў шматлікіх прадстаўніц княжацкіх і магнацкіх родаў – бліскучая партыя і нараджэнне нашчадкаў. Каля 1490 г. яе выдалі замуж за Сямёна Міхайлавіча Алелькавіча, князя Слуцкага.
Імя Настассі, хутчэй за ўсё, так і засталося б у цені гісторыі, каб не падзеі пачатку XVI ст., калі на Случчыну нападалі крымскія татары. У 1505 г. Сямён Міхайлавіч памёр і княгіня, як апякунка непаўналетняга сына, кіравала княствам і яго абаронай. У гэты ж год адбылася самая цяжкая і працяглая асада слуцкага замка, калі да горада падступілі з дваццацітысячным войскам татарскія царэвічы Баты-Гірэй і Бурнаш. Акрамя татар у 1508 г. замак акружылі войскі А. А. Дражджы (паведамленне М. Стрыйкоўскага, што аблогу ўзначальваў мяцежны князь Міхал Глінскі, які нібыта дамагаўся шлюбу з Настассяй, не пацвярджаецца тагачаснымі крыніцамі). Напады татар паўтараліся і ў далейшым, аж да 1521 г. Княства падвяргалася вялікім спусташэнням, аднак замак так і не быў узяты.
У міжваенныя перыяды Настасся Слуцкая шмат рабіла для аднаўлення ўладанняў. Арганізоўвала вялікія рамонтныя работы па адбудове абарончых валоў, сцен і вежаў Слуцкага замка, змяніла планіроўку вуліц у горадзе, заклала ў ім яшчэ адзін замак і новы каменны сабор, аднаўляла гаспадарку, запрашала рамеснікаў і гандляроў з іншых рэгіёнаў, рэфармавала ўзброеныя сілы і інш. З цягам часу яе пасталелы сын, князь Юрый Сямёнавіч Алелькавіч, шмат часу праводзіў у службовых клопатах і ваенных паходах. Таму мяркуецца, што княгіня Настасся займалася справамі горада і княства і ў наступныя гады. У царкоўных запісах пазначана, што памерла яна ў 55-гадовым узросце пасля 1524 г.
Намаганні княгіні па абароне і кіраванні горадам былі ўслаўлены на старонках Іпацьеўскага летапісу, Хронікі Быхаўца, «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» М. Стрыйкоўскага. Фрагменты лёсу і рысы яе характару прасочваюцца ва ўсходнеславянскіх паданнях пра «адважную паляніцу Настассю Мікулічну», у вобразе Гражыны з паэмы А. Міцкевіча і інш. Памяць пра княгіню Настассю і яе мужа Сямёна Міхайлавіча на Случчыне жыла доўга. У народзе іх нават лічылі нябеснымі апекунамі краю, хаця афіцыйна царквой яны не былі кананізаваны. Маюцца звесткі, што да пачатку XX ст. у мураваных цэрквах Слуцкага Троіцкага і Мсціслаўскага Тупічэўскага манастыроў захоўваліся партрэтныя выявы княгіні.
Памяць пра Настассю Слуцкую захавалася да нашых часоў. Яе гісторыя расказваецца ў мастацкім фільме «Анастасія Слуцкая», знятым на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусфільм» (2003, рэжысёр Ю. Ялхоў) і балеце «Анастасія», пастаўленым у Нацыянальным акадэмічным вялікім тэатры оперы і балета Беларусі (2018, балетмайстар Ю. Траян, кампазітар В. Кузняцоў). У 2016 г. у Слуцку ў гонар Настассі Слуцкай быў усталяваны помнік (скульптар С. Аганаў, архітэктар С. Багласаў).