Краткая справка:
князь слуцкі, дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, удзельнік Аршанскай бітвы 1514 г.
Варианты имени:
Алелька Юрый; Слуцкі Юрый
Имена на других языках:
Олелька Юрий (русский); Олелькович Юрий (русский); Олелькович Юрий І Семёнович (русский);
3254 символа
Справка
Прадстаўнікі княжацкага роду Алелькавічаў адыгрывалі значную ролю ў грамадскім і дзяржаўна-палітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) у XV–XVI стст. Сярод іх вылучаецца асоба Юрыя Сямёнавіча Алелькавіча, славутага абаронца Айчыны.
Ён нарадзіўся ў сям'і слуцкага і капыльскага князя Сямёна Міхайлавіча – пераможцы крымскіх татараў у бітвах на рэках Уза (1502) і Прыпяць (1503). Маці (Анастасія Слуцкая) паходзіла з роду князёў Мсціслаўскіх. Пасля смерці мужа (1505) княгіня кіравала Слуцкім княствам. Баявое хрышчэнне чатырнаццацігадовы юнак атрымаў у ліпені 1506 г., калі разам з маці абараняў Слуцк ад набегу войскаў крымскага хана Баты-Гірэя і яго брата, перакопскага царэвіча Бурнаша. Праз два гады малады князь вызначыўся пры аблозе роднага горада маскоўскімі войскамі князя М. Глінскага. Пасля двух адбітых штурмаў праз патаемны ход ён узначаліў смелую вылазку і нанёс адчувальныя страты праціўніку. У 1511 г. змагаўся супраць крымскіх татараў ва ўрочышчы Рутка пад Кіевам. Надзейны паплечнік гетмана К. Астрожскага Ю. Алелькавіч удзельнічаў амаль ва ўсіх яго бітвах і паходах, у тым ліку ў бітве пад Оршай 8 верасня 1514 г., дзе былі разбіты войскі ваяводаў М. Булгакава-Голіцы і І. Чалядніна. Гэта перамога стала адной з самых яркіх старонак у ваеннай гісторыі Беларусі, а на той час мела вялікае стратэгічнае і палітычнае значэнне. Зімой 1527 г. , калі на беларускія землі напала 30-тысячная арда крымскага царэвіча Малая і турэцкага пашы Ібрагіма, Ю. Алелькавіч прымаў удзел у бітве на р. Альшаніцы пад Кіевам. У летняй кампаніі 1534 г. у час вайны ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай за чарнігава-северскія і смаленскія землі (Старадубская вайна 1534–1537), разам з кіеўскім ваяводам А. Неміровічам і канюшым літоўскім В. Чыжом, камандаваў авангардам войска ВКЛ на Севершчыне.
Юрый Алелькавіч старанна развіваў ваенную справу. Войска Слуцкага княства ў час яго праўлення было адным з самых буйных у ВКЛ сярод прыватных магнацкіх дружын. У ваенных аперацыях князь удзельнічаў асобна і з вайсковым фарміраваннем, якое складалася з асабіста залежных або нанятых воінаў. У 1528 г. ён выстаўляў у войска ВКЛ з уласных маёнткаў 433 конніка, а ў 1534 г. – 500. Ёсць меркаванне, што князь наладзіў у Слуцку вытворчасць агнястрэльнай зброі. Юрый Сямёнавіч быў не толькі таленавітым военачальнікам, ён актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці краіны і ўваходзіў у склад Рады ВКЛ. Падкрэсліваючы сваю незалежнасць у дзяржаве як удзельнага князя, зрабіў Слуцк адным з палітычных цэнтраў ВКЛ. Акрамя Слуцкага і Капыльскага княстваў валодаў вёскамі Гарадзенскага павета Лішкавам і Весічамі (цяпер г. Вяйсей у Літве), дзе пабудаваў касцёл, які захаваўся да нашага часу.
Юрый Алелькавіч памёр у 1542 г. Дакладная дата яго смерці, а таксама месца, дзе гэта здарылася, невядомы. Князь пакінуў двух сыноў, якія разам валодалі бацькоўскай спадчынай. Старэйшы сын Юрый на чале свайго войска ўдзельнічаў у Лівонскай (Інфлянцкай) вайне (1558–1582), з'яўляўся мецэнатам і апекуном праваслаўнай царквы, стварыў пры сваім двары ў Слуцку асяродак тагачаснай беларускай культуры. Праўнучка князя Соф'я была кананізавана праваслаўнай царквой, а яе мошчы захоўваюцца ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску.