Краткая справка: княжацкi род герба "Пагоня", адна з галін Гедымінавічаў
Варианты имени: Алелькі; Слуцкія
Алелькавiчы (Алелькi, Слуцкiя) – княжацкi род герба "Пагоня". Прадстаўнiкi гэтага роду адыгрывалi значную ролю ў грамадскiм i дзяржаўна-палiтычным жыццi Беларусi, Лiтвы i Польшчы. Алелькавiчы неаднаразова ўдзельнiчалi ў феадальных мiжусобiцах, прэтэндавалi на велiкакняжацкi пасад, з'яўлялiся найбуйнейшым праваслаўным родам Вялiкага княства.
Радавод Алелькавiчаў пачынаецца ад князя Аляксандра (Алелькi; ?–1454), сына Уладзiмiра Кiеўскага, унука Альгерда. Пасля скасавання многiх удзелаў пры Вiтаўце, у 1390-я гады, за Уладзiмiрам Альгердавiчам замест Кiева было пакiнута Слуцкае княства, якое стала вотчынай нашчадкаў яго старэйшага сына Алелькi. I сам Алелька, i яго сыны разглядалiся як рэальныя прэтэндэнты на велiкакняжацкую пасаду, таму вакол iх неаднаразова гуртавалася антыягелонаўская апазiцыя. Захаваўшы за сабой Слуцк, Алелька пэўны час валодаў i Лагойскам, а ў 1440 г. атрымаў Кiеўскае княства (вотчыну свайго бацькi). Памёр ён у Кiеве, пахаваны ў Кiева-Пячэрскай лаўры.
Князь Сямён (1420—1470), старэйшы сын Алелькi, хрышчаны мiтрапалiтам Фоцiем у 1420 г. у Слуцку, атрымаў выхаванне пры двары сваёй бабкi па мацi вялiкай маскоўскай княгiнi Соф'i Вiтаўтаўны. Пасля смерцi бацькi па iнiцыятыве свайго цесця, трокскага ваяводы Гаштольда, ён двойчы вылучаўся прэтэндэнтам на велiкакняжацкi пасад (у 1454 i 1456 гг.), для чаго шукаў падтрымкi ў Маскве i за што трапiў пад канец жыцця ў апалу. Пасля яго смерцi Казiмiр IV скасаваў Кiеўскi ўдзел, прызначыўшы туды намеснiкам Марцiна Гаштольда (1471 г.), а ўдаве Сямёна Марыi (памёрла ў 1501 г.) аддаў Пiнск. Яна валодала Пiнскiм княствам спачатку адна, а потым разам з сынам Васiлём (памёр у 1495 г. беспатомным) i дачкой Аляксандрай, пасля смерцi якой у 1518 г. княства замацавалася за яе мужам, князем Фёдарам Яраславiчам.
Малодшы сын Алелькi Мiхаiл (каля 1425–1481) атрымаў пасля смерцi бацькi Капыльскае i Слуцкае княствы. Пасля смерцi брата Сямёна беспаспяхова спрабаваў атрымаць Кiеў. З мэтай стаць вялiкiм князем ВКЛ стварыў групоўку княжацкiх i магнацкiх родаў, якая збiралася скiнуць Ягелонаў. На выпадак няўдачы планавалася аддзялiць ад ВКЛ Кiеў з усходнiмi беларускiмi i ўкраiнскiмi землямi з прызнаннем апекi над iмi вялiкага маскоўскага князя. Але змова правалiлася, i Мiхаiл быў пакараны смерцю. На шчасце Алелькавiчаў Казiмiр не канфiскаваў уладаннi князя Мiхаiла, i яны перайшлi яго сыну Сямёну (каля 1460–1505).
З 1521 да 1595 г. у Слуцкiм княстве назiраўся эканамiчны i культурны ўздым. У гэты час там валадарылi нашчадкi князя Юрыя Сямёнавiча Алелькi (1492–1542). Яго сын, таксама Юрый (каля 1531–1578), быў удзельнiкам Лiвонскай вайны на чале ўласнай харугвы. Пасля Люблiнскай унii 1569 г. i ўтварэння Рэчы Паспалiтай Юрый згубiў месца ў Радзе ВКЛ i адышоў ад палiтыкi. Ён праславiўся ўласнаручным перапiсваннем каштоўна аздобленага Евангелля. Пры яго двары была багатая бiблiятэка, якой карыстаўся гiсторык i паэт М.Стрыйкоўскi. Апошнiм з роду Алелькавiчаў па мужчынскай лiнii быў Юрый (1559–1586), сын Юрыя Юр'евiча. Князь Юрый прытрымлiваўся праваслаўя. Ён спрыяў заснаванню ў 1586 г. пры Праабражэнскiм манастыры праваслаўнага брацтва са шпiталем, школай i друкарняй, падараваў Троiцкаму манастыру сярэбраныя посах i "пацiры" (чашы), якiя яшчэ ў 1928 г. захоўвалiся ў Дзяржаўным музеi БССР.
Канец XVI ст. прынёс Слуцкаму княству i роду Алелькавiчаў неспадзяваныя трывогi. Памерлi маладымi браты апошняга слуцкага князя Юрыя Аляксандр i Ян-Сымон, якiя прынялi каталiцтва. У 1600 г. дачка апошняга Юрыя Соф'я выйшла замуж за Я.Радзiвiла. Пасля яе смерцi ў 1612 г. Слуцкае i Капыльскае княствы перайшлi да Радзiвiлаў бiржанскай лiнii, а iншыя ўладаннi роду Алелькавiчаў – да Хадкевiчаў.