Дата начала: 28.04.1387 Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць
Краткая справка: цэнтр раёна Магілёўскай вобласці
Названия на других языках: Бобруйск (русский);
Предыдущие названия: Бобровск; Бобруеск; Бобрусек
Бабруйск – адзін са старажытных гарадоў Беларусі, што размешчаны на маляўнічым беразе р. Бярэзіны. У пісьмовых крыніцах ён (летапісныя назвы Бобровск, Бобруеск, Бобрусек) упершыню згадваецца ў прывілеі вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) Ягайлы ад 1387 г. Знаходзіцца за 110 км на паўднёвы захад ад Магілёва, за 150 км ад Мінска. З’яўляецца вузлом чыгуначных ліній на Асіповічы, Жлобін, Акцябрскі, аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Гомелем, Магілёвам, Калінкавічамі, Рагачовам, Слуцкам. На р. Бярэзіне – порт. Сваё найменне горад атрымаў, хутчэй за ўсё, ад назвы невялікай р. Бабруйкі, пры ўпадзенні якой у р. Бярэзіну былі выяўлены сляды славянскага паселішча VI–VII стст. Жыхары займаліся земляробствам, рыбнай лоўляй, бабровым промыслам. У XII–XIII стст. Бабруйск, напэўна, уваходзіў у склад Мінскага княства. Размяшчэнне горада на важнай воднай артэрыі – гандлёвым шляху – адкрывала дарогу на поўдзень (у Кіеў) і на поўнач (у р. Заходнюю Дзвіну і Балтыйскае мора). У 1330–1340 гг. ён знаходзіўся ва ўладанні вялікага князя ВКЛ Альгерда і яго брата Кейстута. Быў цэнтрам воласці, меў магдэбургскае права. З 1392 г. падпарадкоўваўся вялікаму князю ВКЛ Вітаўту. У 1413 г. Бабруйск стаў рэзідэнцыяй велікакняжацкага намесніка – старосты, які быў падначалены віленскаму ваяводу. У гэты перыяд пабудаваны замак і ўзніклі гарадскія ўмацаванні ў выглядзе абарончага вала, драўляных сцен, паркана і каля 10 вежаў. Уезд і выезд з горада ажыццяўляўся праз брамы – Падольную (вяла да паромнай пераправы на р. Бярэзіне і далей у Магілёў), Свіслацкую (у р. Свіслач), Кісялёўскую (у паўднёва-заходнюю частку Бабруйска) і Прудовую (адкрывала дарогу цераз плаціну на р. Бабруйцы да зарэчных гарадскіх валок з агародамі, сенажацямі і садамі).
У XVI ст. Бабруйск быў вядомы далёка за межамі княства, пра гэта сведчыць пазначэнне яго на геаграфічных картах Еўропы, выдадзеных Б. Баноўскім у 1526 і 1528 гг. Багатыя ўгоддзі і выгаднае геаграфічнае становішча пастаянна прыцягвалі ўвагу заваёўнікаў. Неаднаразова падвяргаўся Бабруйск нападу крымскіх і акерманскіх татар. У час войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1507–1508 і 1534–1537 гг. спустошаны маскоўскімі войскамі. У 1508 г. горад быў узяты штурмам і спалены войскамі мяцежнага князя М. Глінскага. У 1565 г. ён увайшоў у Рэчыцкі павет Мінскага ваяводства. З XVI ст. перадаваўся ў часовае кіраванне прадстаўнікам найбуйнейшых шляхецкіх родаў. Быў уладаннем Радзівілаў, Гаштольдаў, Трызнаў. У XVI–XVII стст. горад хутка разросся і разбагацеў ад прыёму купцоў і збору падаткаў на сваім мытным прыкаморку (таможні). Паводле інвентару 1620 г. ён меў 15 вуліц, 2 завулкі, 409 двароў, 75 крам, млын, царкву, касцёл. У гэты перыяд тут з’явіліся езуіты. Першымі місіянерскую дзейнасць па прапагандзе каталіцызму праводзілі манахі Нясвіжскага езуіцкага калегіума. У 1630 г. узнікла іх рэзідэнцыя. Паводле Прывілея 1639 г. вялікага князя ВКЛ Уладзіслава IV жыхарам дазвалялася праводзіць два кірмашы па два тыдні кожны, а таксама пацвярджаліся ўсе ранейшыя прывілеі пачынаючы з 1561 г. У 1639–1644 гг. Бабруйскае староства разам з горадам належала польскай каралеве Цэцыліі Рэнаце, жонцы Уладзіслава IV. Горад значна пацярпеў у антыфеадальную вайну 1648–1651 гг. у час аблогі ў 1649 г. і штурму войскам гетмана Я. Радзівіла. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай быў спалены казакамі ў 1655 і 1665 гг. У Паўночную вайну 1700–1721 гг. таксама моцна пацярпеў, калі ў 1708 г. праз яго праходзілі шведскія і рускія войскі. З-за пастаянных разбурэнняў, выкліканых ваеннымі дзеяннямі, у другой палове XVII ст. гарадская гаспадарка прыйшла ў заняпад. Бабруйск пераўтварыўся ў невялікае мястэчка. З 1772 г. сюды з Рэчыцы, павятовага цэнтра, які апынуўся на самай дзяржаўнай мяжы, былі перанесены пасяджэнні павятовых судоў, перавезены ўсе акты судоў і павятовыя архівы. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бабруйск у ліку іншых гарадоў увайшоў у склад Расійскай Імперыі. З 1795 г. набыў статус павятовага ў складзе Мінскай губерні. Праз год горад атрымаў уласны герб – на срэбным полі гербавага шчыта намалявана карабельная мачта, да якой прыстаўлены два перакрыжаваныя драўляныя брусы, прыгатаваныя для мачтаў. Сімволіка яго цесна звязана з будаўніцтвам флоту на Чорным і Балтыйскім морах, для чаго патрабавалася шмат мачтавага лесу.
Першы праектны план Бабруйска быў складзены ў 1800 г. Паводле яго горад забудоўваўся да 1810 г. Будаўніцтва ажыццяўлялася па рэгулярнай квартальнай планіроўцы з захаваннем гістарычна сфарміраванай схемы вуліц, трасіраваных у напрамках да Слуцка і Мінска. Буйнейшымі будынкамі з’яўляліся мураваны езуіцкі кляштар з касцёлам, плябанія і парафіяльны касцёл, якія стваралі адну з галоўных плошчаў. Вылучаліся драўляная Мікалаеўская, Успенская і Ільінская цэрквы, яўрэйская школа, гандлёвыя рады (гасціны двор), багадзельня, млын з плацінай на р. Бабруйцы і інш. За ракой (на поўдзень) размяшчалася слабада, дзе працаваў цагельны завод. Далейшае развіццё горада было звязана з будаўніцтвам на месцы замка крэпасці, якая адыграла важную ролю ў Айчынную вайну 1812 г. З Бабруйскам звязаны падзеі дзекабрысцкага руху. У 1823 г. тут размешчалася 9-я пяхотная дывізія, у якой служылі будучыя дзекабрысты С.І. Мураўёў-Апостал, М.П. Бястужаў-Румін, І.С. Павала-Швяйкоўскі, В.С. Нораў. Яны распрацавалі план паўстання, вядомы пад назвай Бабруйскага, якім прадугледжваліся арышт імператара Аляксандра I у час запланаванага ім агляду войск Бабруйскага гарнізона, ліквідацыя самадзяржаўя, стварэнне Часовага рэвалюцыйнага ўрада, усталяванне ў Расіі буржуазна-дэмакратычнай рэспублікі. Аднак з-за рознагалоссяў паміж змоўшчыкамі і непадрыхтаванасці да паўстання салдат гарнізона план не быў прыняты кіраўнікамі тайных таварыстваў.
У XIX ст. хутка развіваліся гандаль і прамысловасць. Значную ролю адыгралі пракладка Маскоўска-Варшаўскай шашы (1848) і будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі (1873). Гэта спрыяла эканамічнаму ўздыму горада, прытоку капіталу і павелічэнню насельніцтва. Галоўнае месца ў прамысловасці займалі дрэваапрацоўчая, цагельная, вінакурная, тытунёвая, маслабойная, мукамольная, крупадзёрная, чыгуналіцейная галіны. Багаццем і прадметам гандлю былі лес, спірт, мёд, шкло і інш. На мяжы стагоддзяў у горадзе пашыралася сетка навучальных устаноў. Працавалі пачатковыя школы, прагімназія, прыходскае вучылішча, прыватныя мужчынская і жаночая гімназіі. Медыцынскую дапамогу насельніцтву горада аказвалі ў ваенным шпіталі і бальніцах. Жыхары Бабруйска прымалі ўдзел у рэвалюцыйным руху. У 1898 г. тут быў надрукаваны Маніфест I з’езда РСДРП, які адбыўся ў Мінску. У горадзе створаны Бабруйскі сацыял-дэмакратычны камітэт Бунда, група прыхільнікаў ленінскай «Искры». У час рэвалюцыі 1905–1907 гг. бабруйчане ўдзельнічалі ў студзеньскай стачцы пратэсту супраць расстрэлу рабочых Санкт-Пецярбурга, Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачцы 1905 г., снежаньскіх выступленнях працоўных 1905 г.; тут адбыліся выступленні салдат у 1905, 1907 гг. Бабруйск быў вядомы яшчэ і як буйны выдавецкі цэнтр. У горадзе працавалі некалькі прыватных друкарняў, якія выдавалі кнігі на рускай і яўрэйскай мовах. Выходзілі такія газеты, як «Бобруйские отклики» (1911–1912), «Бобруйская жизнь» (1913–1914), «Последние новости» (1914), «Бобруйский курьер» (1914–1916).
У лістападзе 1917 г. у Бабруйску ўстаноўлена савецкая ўлада. У гады грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі Бабруйск быў заняты спачатку польскім корпусам Ю. Доўбара-Мусніцкага, а затым акупіраваны нямецкімі войскамі. Са жніўня 1919 да ліпеня 1920 г. горад зноў захоплены белапалякамі. На тэрыторыі Бабруйскай крэпасці акупанты стварылі канцлагер, у якім загубілі тысячы захопленых у палон чырвонаармейцаў. Толькі 10 ліпеня 1920 г. горад вызвалены ад акупацыі. Бабруйск быў разбураны, спалены практычна ўсе прадпрыемствы, навучальныя ўстановы, жылыя дамы. Колькасць жыхароў скарацілася на 40% і склала крыху больш за 36 тыс. чалавек. Разгарнуліся работы па аднаўленні эканомікі, грамадскіх пабудоў, жылля, культурна-бытавых, навучальных, медыцынскіх устаноў. У 1921 г. пачало дзейнічаць павятовае аддзяленне Дзяржаўнага выдавецтва БССР, выходзілі часопісы «Просвещение и труд», «Наш дневник», «Бюллетень», газета «Пролетарская пила» і інш. У 20-х гг. ХХ ст. тут існавала філія літаратурнага аб’яднання «Маладняк», якое выпускала альманах «Уздым». Краязнаўцам Ц.Я. Славіным у 1924 г. быў заснаваны краязнаўчы музей. З 1924 г. горад – цэнтр Бабруйскай акругі і адначасова 1-га і 2-га Бабруйскіх раёнаў, якія ў 1927 г. аб’ядналіся ў адзін Бабруйскі раён. З 1938 г. у складзе Магілёўскай вобласці, горад абласнога падпарадкавання. Архітэктурна-планіровачнае развіццё ішло па гістарычна складзенай радыяльна-паўкальцавой схеме. Забудоўвалася тэрыторыя вакол крэпасці і ўздоўж магістраляў – вул. Мінскай, Бахарава, Рагачоўскай. У архітэктуры горада з’явіліся будынкі ў стылі канструктывізму і неакласіцызму. Бабруйск стаў адным з буйных прамысловых і культурных цэнтраў Беларусі. У 1939 г. насельніцтва складала 84,1 тыс. жыхароў. Налічвалася больш за 100 прадпрыемстваў, 30 школ, 38 дзіцячых дашкольных устаноў, 17 клубаў, 2 кінатэатры, 13 бібліятэк, 3 бальніцы і 19 іншых медыцынскіх устаноў. Выходзілі шматтыражныя газеты «За ўдарныя тэмпы», «Чырвоны гутнік», «Стаханавец», «Чырвоны друкар», «Рабочы кааператар», «Сацыялістычным шляхам» і інш.
Трагічную старонку ў шматвяковы летапіс Бабруйска ўпісала Вялікая Айчынная вайна. У перадваенныя гады горад быў даволі значным ваенным аб’ектам. Тут дыслацыраваліся штаб і часці 47-га стралковага корпуса, большасць часцей 121-й стралковай дывізіі, галоўныя сілы 13-й бамбардзіровачнай авіяцыйнай дывізіі, 174-ты асобны зенітны артылерыйскі дывізіён, ваенна-трактарнае вучылішча, размяшчаліся акруговыя склады. Аднак у першыя дні вайны ў горадзе засталіся нязначныя часці войск. У выніку імклівага наступлення нямецкіх танкавых дывізій 28 чэрвеня 1941 г. Бабруйск быў цалкам захоплены. У горадзе гітлераўцы стварылі чатыры лагеры смерці. Усяго за тры гады акупацыі знішчана каля 100 тыс. грамадзян. Супраціўленне захопнікам аказвалі партызаны і падпольшчыкі. У горадзе дзейнічала патрыятычнае падполле, якое пастаянна падтрымлівала сувязі з партызанскімі атрадамі. Падпольшчыкі друкавалі і распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Савецкага інфармбюро, праводзілі дыверсіі, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, прадукты і інш. У раёне дыслацыраваліся і давалі дастойны адпор праціўніку 1-я Бабруйская партызанская брыгада, 37-я партызанская брыгада А.Я. Пархоменкі, 9-я Кіраўская партызанская брыгада і інш. 29 чэрвеня 1944 г. у ходзе Бабруйскай аперацыі горад вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў войскамі 1-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерала арміі К.К. Ракасоўскага. У гонар герояў усталяваны стэлы, помнікі-абеліскі, памятныя дошкі. За гераізм, праяўлены пры вызваленні горада, Д.П. Грыгор’еву, Ф.М. Кустову, М.П. Масонаву, Г.Ф. Канцаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Гады акупацыі і ваенныя дзеянні прынеслі моцныя разбурэнні. Пры адступленні фашысты ператварылі ў руіны цэлыя кварталы. Колькасць насельніцтва скарацілася больш чым напалову і склала 28 тыс. чалавек. Пачаўся нялёгкі працэс аднаўлення.
У 1944 г. Бабруйск стаў цэнтрам Бабруйскай вобласці, у 1954 г. увайшоў у склад Магілёўскай вобласці. Забудова горада адбывалася паводле генеральных планаў 1966, 1978, 2006 гг. Тэрыторыя пашырылася за кошт далучэння некалькіх населеных пунктаў. Горад развіваўся па веернай схеме, кампазіцыйным цэнтрам засталася крэпасць. Былі вызначаны некалькі планіровачных раёнаў – цэнтральны, паўночны, паўднёвы і ўсходні. Вялася комплексная забудова мікрараёнаў шматпавярховымі жылымі дамамі. У паўночнай частцы сфарміраваўся буйны жылы масіў, які ўключае студэнцкі гарадок, бальнічны комплекс, спартыўныя збудаванні. Паступова Бабруйск пераўтварыўся ў буйны індустрыяльны і культурны цэнтр краіны. Адміністрацыйна падзелены на два раёны – Ленінскі і Першамайскі, мае разгалінаваную і сацыяльную інфраструктуру, вялікі прамысловы патэнцыял.
Сучасны Бабруйск – горад з добра развітай хімічнай, машынабудаўнічай, дрэваапрацоўчай, металаапрацоўчай, лясной, харчовай прамысловасцю. Тут дзейнічаюць спецыяльныя навучальныя ўстановы – філіял Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта «Бабруйскі дзяржаўны аўтатранспартны каледж», філіял Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта «Бабруйскі дзяржаўны лесатэхнічны каледж», Бабруйскі філіял Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Бабруйскі дзяржаўны будаўнічы прафесійна-тэхнічны каледж, Бабруйскі дзяржаўны прафесійны электратэхнічны каледж, Бабруйскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж, Бабруйскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж, Бабруйскі дзяржаўны механіка-тэхналагічны каледж, Бабруйскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, Бабруйскі дзяржаўны медыцынскі каледж, Бабруйскі дзяржаўны каледж імя А.Я. Ларына і Бабруйскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву, а таксама агульнаадукацыйныя, музычныя, мастацкія, дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы, гімназіі. Значную ролю ў адраджэнні традыцыйных нацыянальных культур адыгрываюць установы культуры, тэатральныя і мастацкія калектывы – Бабруйскі краязнаўчы музей, Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча, Бабруйскі народны тэатр «Равеснік», Бабруйскі ўзорны музычны тэатр «Слугі трох муз», Бабруйскі ўзорны тэатральны калектыў «Крыштальны чаравічак», Бабруйскі заслужаны аматарскі тэатр песні «Шына-най», Бабруйскі народны фальклорны ансамбль «Пярэзвы» і інш. Сапраўднымі цэнтрамі культурнага адпачынку гараджан сталі кінатэатры, дамы культуры, клубныя ўстановы, парк культуры, скверы інш. Жыццё горада асвятляецца на старонках газет «Бабруйскае жыццё», «Вечерний Бобруйск», «Коммерческий курьер», «Бобруйский курьер», «Крынічка Бабруйская» і інш. Бабруйск нельга ўявіць без штогадовага святкавання Дня горада, Міжнароднага фестывалю народнай творчасці «Вянок дружбы», Рэгіянальнага фестывалю харэаграфічнага мастацтва «Каля вытокаў танца», Міжнароднага пленэру па кераміцы «Арт-Жыжаль», Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча. Кожнае з гэтых свят своеасаблівае і непаўторнае. Прыкметны ўклад у сацыяльна-культурнае развіццё населенага пункта ўносяць рэлігійныя абшчыны пяці сусветных канфесій.
У кожным куточку горада захаваліся помнікі архітэктуры розных часоў і з’яўляюцца новыя адметнасці (Бабруйская крэпасць і гасцініца «Бабруйск», помнікі В.З. Харужай, С.М. Халтурыну, воінам 1-га Беларускага фронту – вызваліцелям горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, брацкія магілы падпольшчыкаў, воінаў грамадзянскай вайны, ваеннай інтэрвенцыі, савецкіх воінаў і партызанаў, ахвяр фашызму). На тэрыторыі горада знаходзяцца помнік прыроды – 150-гадовы дуб-волат, ландшафтны заказнік «Лукава гара». Каля варот цэнтральнага рынку стаіць бронзавая скульптура бабра, апранутага ў касцюм-тройку і бабачку, з прыпаднятым капелюшом. Ён быццам вітае прахожых. Існуе павер’е, калі дакрануцца да кончыка носа бабра або пацерці ланцужок кішэннага гадзінніка на жываце, то абавязкова будуць шчасце і багацце. На вуліцах можна сустрэць да тысячы скульптур баброў, якія з’яўляюцца сімвалам горада.
Бабруйск – радзіма Герояў Савецкага Саюза С.А. Гарэліка, У.І. Ермака, М.П. Мебша, С.І. Сікорскага, В.З. Харужай, кампазітара, народнага артыста Беларусі У.У. Алоўнікава, пісьменніка Б.М. Мікуліча, спевака, народнага артыста Беларусі І.М. Балоціна, філосафа і акадэміка НАН Беларусі С.Я. Вальфсона і іншых дзеячаў навукі і культуры.
У 1987 г. за поспехі, дасягнутыя працаўнікамі горада ў гаспадарчым і культурным будаўніцтве, уклад у барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікую Айчынную вайну і ў сувязі з 600-годдзем Бабруйск узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 2009 г. у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь горад у ліку 22 населеных пунктаў Беларусі ўзнагароджаны ганаровым вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».
Бабруйск падтрымлівае даўнія дзелавыя, сяброўскія і культурныя сувязі з гарадамі Расіі, Украіны, Малдовы, Казахстана, Польшчы, Германіі, Балгарыі, Кітая, Славакіі, Балгарыі і інш. Яго гарадамі-пабрацімамі сталі Уладзімір, Нара-Фамінск, Днепрадзяржынск, Сеўліева. Бабруйск мае слаўную гісторыю. З правінцыяльнага і заняпалага мястэчка пераўтварыўся ў вялікі і прыгожы горад. Цяпер у старажытнага Бабруйска прыгожае аблічча і цікавая будучыня.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.